Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Аляксей Грышан, Цімафей Тулейко, Аляксандра Есіна, Аляксандра Крамко і дзяўчынкі-двайняты Шаўчэнка – Міла і Ангеліна.

Зямны  шлях  закончыўся для 19-ці чалавек.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна. Актыўнасць выратавальнікаў скіравана на прафілактычную работу. На базе школы № 3 горада прайшла V раённая гульня – брэйн-рынг «Знатакі асноў бяспекі жыццядзейнасці», які сабраў каманды з усіх школ раёна. Першае месца – у каманды «Стоп!» (Старасвержанская школа), другое – «101» (гімназія № 1) і трэцяе – «112» (Горкаўская школа). Віктарына была прапанавана і настаўнікам, якія выкладаюць прадмет АБЖ. Дзеці і іх педагогі заахвочаны граматамі і прызамі.

 Міліцыяй зарэгістравана 106 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана дзевяць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазраваемыя. З тэрыторыі  дома, што будуецца  ў Русаковічах, прапалі 24 м2 матэрыялу, імітуючага брус, а таксама асабістыя рэчы ўладальніка. З вытворчага цэха ТАА «Лясная кампанія» знік адзін з дрэваапрацоўчых  станкоў. У састарэлага стаўбчаніна зладзеі выкралі зберажэнні ў суме 13 800 000 рублёў. У бытоўцы на МТФ у Ператоках грамадзянін паквапіўся на мабільны тэлефон.

З 8 па 13 снежня праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Быт» – для ўзмацнення кантролю за асобамі, якія дапускаюць правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін. Пра вядомыя вам факты насілля ў сем’ях, сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей або састарэлых паведамляйце па тэлефонах гарачых ліній: 5-32-76, 5-19-15, (8-017) 229-04-36, (8-017) 229-04-25.

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі райветстанцыі аб фактах вяртання малака гаспадаркам раёна. Устаноўлена, што 23 кастрычніка ААТ «Рочавічы» было вернута 2 050 кг малака з-за наяўнасці ў ім антыбіётыкаў і інгібіруючых рэчываў, пры тым, што сыравіна накіроўвалася на малочны завод вышэйшым гатункам. Прычынай нанесеных гаспадарцы страт, у прыватнасці, на аплату транспартных паслуг, паслужыла парушэнне работнікамі МТФ «Рудзевічы» патрабаванняў ветэрынарна-санітарных правіл (малако ад хворых на мастыт кароў паступала ў агульны малакаправод, хаця хворыя жывёліны былі памечаны). Дырэктару ААТ «Рочавічы» вынесена прадстаўленне з патрабаваннем прыцягнення вінаватых да  адказнасці.

Суд аштрафаваў на 600 000 рублёў трох дырэктараў прадпрыемстваў раёна, якія парушылі тэрміны выплаты заработнай платы. 30-гадовы жыхар Слабады, раней судзімы, прыгавораны да шасцімесячнага арышту за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

 ДАІ выявіла 124 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – адзін нецвярозы вадзіцель і сем вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы. Здарылася 14 дарожных аварый. На шчасце, без пацярпелых. З 8 па 12 снежня асаблівая ўвага ДАІ – да пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавых павозак, таму што праходзіць акцыя «Пешаход».

З 10 па 17 снежня праходзіць рэспубліканская акцыя «Жыццё даражэй за шыны», накіраваная на прафілактыку ДТЗ у зімовых умовах.

«Хуткая» выязджала да хворых 174 разы, у тым ліку тры выклікі паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *