Партнёрства. З сельвыканкама – з дагаворам

Добраўпарадкаванне Нумары

Сельвыканкамы аказваюць садзейнічанне аб’яднанню камунальных службаў у актывізацыі заключэння дагавораў з вяскоўцамі на вываз цвёрдых бытавых адходаў.

Сярод іх варта назваць Старасвержанскі сельвыканкам, дзе да гэтага назіраўся адносна невысокі працэнт заключэння дагавораў.

– Зацікаўленасць у максімальным ахопе домаўладальнікаў дагаворамі – узаемная: для АКС гэта адна з асноўных і абавязковых жыллёва-камунальных паслуг, для нас, мясцовай улады, – перадумова таго, каб у нашых населеных пунктах падтрымліваць чысціню і парадак, выкараніць стыхійныя звалкі смецця, – падкрэслівае старшыня сельвыканкама Марына Таяноўская.     

Так, адна з такіх звалак, акурат у межах вёскі Скамарошкі, была закрыта нядаўна з дапамогай прадпрыемства меліярацыйных сістэм і Апечкаўскага лясніцтва. Хочацца спадзявацца, што больш яны не з’явяцца нідзе ў іншым месцы. І, безумоўна, паспрыяе гэтаму масавае заключэнне дагавораў на вываз смецця. Згадзіцеся, той, хто заключыў дагавор, не будзе зацікаўлены несці, хаваючыся, свае адходы куды-небудзь на прыпыначны пункт або ў лясны масіў – ён вынесе іх, як цывілізаваны гаспадар, адкрыта і ў абазначанае для гэтага месца. Месячная аплата з аднаго пражываючага складае зусім нямнога – крыху больш за 5000 рублёў.

Каб паскорыць заключэнне дагавораў, Старасвержанскі сельвыканкам падрыхтаваў памяшканне кантралёрам абаненцкага аддзела АКС для выязной работы, дапамог са зверкай спісаў тых, хто яшчэ не заключыў дагавор, з інфармаваннем вяскоўцаў. Напачатку гэта зроблена ў буйных вёсках сельсавета, такіх як Стары Свержань, Скамарошкі, Залужжа, жыхары якіх у выніку заключалі адразу па некалькі дагавораў – на вываз смецця, а таксама на водазабеспячэнне і водаадвядзенне (у сувязі з перадачай сельгаставарыствам сетак водазабеспячэння на баланс аб’яднання камунальных службаў). Да  састарэлых, каму цяжка дабрацца ў сельскі Савет, камунальнікі выязджалі дадому.

Рэакцыя вяскоўцаў, у тым ліку і дачнікаў, на неабходнасць заключаць дагавор на паслугу па вывазе, абясшкоджванні і перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў – цалкам адэкватная. «Раней да нас ніхто не прыходзіў з такой прапановай», – так тлумачыла большасць.

Сёння вываз смецця ў гэтым сельсавеце ажыццяўляецца цэнтралізавана, згодна з графікам – двойчы на месяц. Праведзенае апытанне старастаў вёсак паказала, што вяскоўцаў гэта задавальняе, у павелічэнні колькасці рэйсаў патрэбы няма. Нельга не заўважыць, што апошнім часам многія прыстасаваліся зарабляць на некаторых адходах – здаюць іх на мабільны пункт па зборы другасных рэсурсаў. Калі гэта новаўвядзенне ўвойдзе ў прывычку, то і так званых адходаў, якія ідуць проста ва ўтыль, стане намнога менш.

Сярод навінак можна назваць і тое, што ў некаторых сельсаветах ужо перайшлі на іншы спосаб збору цвёрдых бытавых адходаў –  шляхам устаноўкі металічных кантэйнераў. Падобная практыка з часам будзе ўкараняцца і ў Старасвержанскім сельсавеце. Але важнай умовай для гэтага служыць 100-працэнтны ахоп насельніцтва дагаворамі на вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку цвёрдых бытавых адходаў. Работа ў даным накірунку ў сельскай мясцовасці працягваецца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *