Якасць каўбасы залежыць і ад магазіна

Кантроль, бяспека Нумары

На мясаперапрацоўчых прадпрыемствах (СЗАТ «Агракамбінат «Колас», філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», СТАА «Мясапрадукт») арганізаваны вытворчы і лабараторны кантроль сыравіны, якая паступае, і гатовай прадукцыі, а таксама ўстаноўлены крытычныя кропкі на ўсіх этапах і вызначаны найбольш слабыя звенні ў тэхналагічным працэсе.

Што робіцца санітарнай службай раёна для гарантавання якасці і бяспечнасці мясных вырабаў, расказала загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі  Алена ЛОЙКА:

– Санітарнай службай праводзяцца выбарачны дзяржаўны кантроль і нагляд за якасцю прадукцыі і ўмовамі вытворчасці на ўсіх прадпрыемствах раёна, якія перапрацоўваюць мясную сыравіну, у тым ліку і з птушкі. За 11 месяцаў бягучага года  даследавана 808 проб мясных вырабаў на адпаведнсць ТНПА па санітарна-хімічных паказчыках і 1030 проб – па мікрабіялагічных. Даследавана больш за 5,5 тысячы змываў з інвентару, абсталявання, у тым ліку тэхналагічнага. Усе вынікі лабараторных даследаванняў адпавядалі гігіенічным рэгламентам.  

– Гэтыя прадпрыемствы адгружаюць сваю прадукцыю не толькі на ўнутраны рынак, а і на рынак Расійскай Федэрацыі, таму падобная «стэрыльнасць» падразумяваецца сама сабою. А чаму да нашага пакупніка не заўсёды даходзіць якасны харчовы прадукт?

– Гэта звязана з парушэннямі ўмоў захоўвання і тэрмінаў прыдатнасці  мясных вырабаў непасрэдна ў гандлёвай сетцы. Як вынік, змяняюцца органалептычныя ўласцівасці прадукту і яго якасць, што можа быць небяспечным для здароўя чалавека.

 З пачатку года ўстаноўлены факты рэалізацыі гатовых мясных вырабаў і паўфабрыкатаў з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці на шасці аб’ектах: у магазінах ТДА «ЗімаПлюс», ПГУП «Надежда-торгплюс», ІП Н. Н. Булаш, № 15 у Стоўбцах, у Пагарэлым, № 57 у Сцяцках райспажыўтаварыства. Адсутнічалі звесткі для пакупніка на каўбасных вырабах (маркіровачныя ярлыкі) на пяці гандлёвых аб’ектах: у магазінах ІП Т. А. Гаўрыловіч, ІП Н. Н. Жук, ІП Т. І. Навасельская, ЗАТ «Дабраном», магазіне-кулінарыі і магазіне № 161 у Рубяжэвічах. Факты рэалізацыі мясной прадукцыі без дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспечнасць, устаноўлены на трох аб’ектах: у магазінах ІП Л. Н. Маз, ІП А. Г. Захаранкава, ПГУП «Аляшкевіч».

Паводле кожнага прыведзенага факта санітарнай службай  вынесены прадпісанні аб зняцці з абароту мясной прадукцыі. Кіраўнікі гандлёвых арганізацый прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў форме штрафу. За парушэнне тэрмінаў прыдатнасці штраф накладзены на само прадпрыемства як юрыдычную асобу.

5 снежня 2014 года выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў», які прадугледжвае больш жорсткія меры адказнасці за выяўленыя парушэнні, аж да прыпынення работы гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання на тэрмін да 90 дзён.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *