Свой ветэран. «Вялікі Двор» – вялікі ва ўсім

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Для многіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна іх былыя работнікі, якія выйшлі на заслужаны адпачынак, застаюцца па-ранейшаму пад іх абаронай і апекай.

Сацыяльнай падтрымцы іх, ветэранаў працы, прысвечаны асобныя пункты калектыўнага дагавору. Прычым, разам са знакамі ўвагі  ў выглядзе, напрыклад, віншавальнай паштоўкі, тэлефоннага званка, прадугледжаны і іншыя віды дапамогі.

Паводле інфармацыі, прадастаўленай тэрытарыяльным цэнтрам, падобныя цесныя стасункі характэрны для такіх сельгаспрадпрыемстваў як «Вялікі Двор», «Вішнявецкі-агра», «Профі-Аграцэнтр», «Дзераўное», «Агранёманскі», «Рубяжэвічы», «Налібакі» і «Шашкі», для калектываў доследнага лясгаса, цэнтральнай раённай бальніцы, мясакамбіната, электрасетак, Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, райгаза.

Для сваіх былых работнікаў многія з гэтых прадпрыемстваў не скупяцца на матэрыяльную дапамогу  – да прафесійнага свята, Дня пажылога чалавека, жыццёвых юбілеяў і т. п., запрашаюць у свой калектыў на святочныя мерапрыемствы. Гаспадаркі на тэрыторыі Рубяжэвіцкага, Заямнаўскага, Налібацкага, Мікалаеўшчынскага сельсаветаў актыўна дапамагаюць сваім былым калегам з забеспячэннем на зіму палівам, дастаўкай гародніны і т. п. У сёлетні сезон гаспадаркі раёна выдзялялі тэхніку для апрацоўкі 568-мі прысядзібных участкаў вяскоўцам-пенсіянерам. Рэакцыя апошніх – удзячнасць, пажаданні дабрабыту і росквіту сваім памагатым. Іх, ветэранаў працы, магчыма, асабіста ўжо і не ведаюць (на змену прыходзіць моладзь), аднак у такім разе клопат і ўвага ўдвая прыемней.  

І сапраўды, хто падставіць плячо нашым ветэранам працы, не дасць ім застацца сам-насам са сваімі праблемамі, як не тое прадпрыемства, якому гэты чалавек прысвяціў частку свайго жыцця?

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *