НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ
Традыцыйная матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы памяці заслужанага трэнера Беларусі С. А. Хамчука сёлета была асабліва прадстаўнічай. Статус міжнароднай надаў удзел у ёй, акрамя спартсменаў Беларусі, лёгкаатлетаў Расіі і краін Балтыі.
Зразумела, што канкурэнцыя была высокай. І вельмі прыемна, што ў разрадзе юніёраў зноў выдатна праявілі сябе прадстаўнікі каманды Стаўбцоўшчыны.
Асаблівым поспехам адзначылася выступленне Валянціна Бугрова. Вучань СШ № 3 г. Стоўбцы стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтваў у бегу на 600 і 1000 метраў. Услед за ім на кіламетровай дыстанцыі фінішаваў Аляксей Вяршынін з Вішнявецкай СШ. У яго трэцяе месца.
Толькі крыху не дацягнулі да п’едэстала спартсмены, якія занялі чацвёртыя месцы. Гэта Ягор Сыч у бегу на 600 і 200 метраў, Настасся Меланіна і Станіслаў Баханкоў – у штурханні ядра, Вікторыя Кожыч – у скачках у даўжыню. Усе яны займаюцца ў СШ № 3 г. Стоўбцы. За крок ад бронзавай прыступкі ў штурханні ядра спыніўся і Уладзіслаў Супрун, выпускнік Коласаўскай СШ, які таксама падтрымлівае спартыўны імідж нашага раёна.
Дасягненні выхаванцаў – яшчэ адна выдатная адзнака трэнерскага майстэрства Анатоля Турчановіча.
Зразумела, спартыўная база, якая значна палепшыцца з увядзеннем у строй фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дапаможа ў станаўленні, развіцці здольнасцяў юных спартсменаў. І назва горада Стоўбцы будзе гучаць пад апладысменты пры ўручэнні ўзнагарод пераможцам і прызёрам спаборніцтваў.
Ф. ФЯДОТАЎ