Ражджаство не бывае без дабрачыннасці

Нумары Соцыум

Навагоднія і ражджэственскія святы ў нашым раёне садзейнічаюць захаванню і папулярызацыі традыцый хрысціянскай міласэрнасці і дабрачыннасці. У грамадскім апякунстве і дапамозе асабліва маюць патрэбу пажылыя, хворыя і адзінокія людзі, дзеці-сіроты і інваліды.

Адной з такіх устаноў у нашым горадзе з’яўляецца цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. На працягу 14 гадоў у гэтай спецыяльнай навучальнай установе праводзіцца навучанне і выхаванне па адукацыйных праграмах спецыяльнага навучання, карэкцыйна-педагагічная дапамога дзецям дашкольнага і школьнага ўзросту з  парушэннямі, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для чатырох дзяцей-інвалідаў арганізавана навучанне  дома.

Выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі па магчымасці ўключаюцца ў мерапрыемствы сумесна са здаровымі равеснікамі. Весела, шумна, святочна ў цэнтры ў гэтыя навагоднія і ражджэственскія дні. Гэты рэпартаж зроблены на адным з такіх ранішнікаў.

Кіраўніцтва і педагагічны калектыў цэнтра, бацькі дзяцей з радасцю прынялі навіну, што старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў прыняў рашэнне завітаць на навагодні ранішнік у гэтую навучальную ўстанову. Юрый Мікалаевіч ад сябе асабіста і ад райвыканкама цёпла павіншаваў выхаванцаў цэнтра і іх бацькоў, педагогаў і ўвесь калектыў навучальнай установы і ўручыў дзецям салодкія падарункі. Дзеці не скрывалі сваёй радасці, што перадалося і ўсім прысутным.

З падарункамі – салодкімі наборамі і дывановым пакрыццём – прыйшоў на свята старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сямён Юрчык. Шмат часу шэфам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’яўляецца калектыў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. І на гэты раз супрацоўнікі аддзела былі разам са сваімі падапечнымі: начальнік аддзела індывідуальнай работы і кадравага забеспячэння Сяргей Богач і старшы інспектар групы кадраў Ала Сцефановіч павіншавалі дзяцей і ўручылі  ім салодкія падарункі, а дырэктару цэнтра Святлане Сікорскай – канверт з фінансавай падтрымкай на развіццё цэнтра. Яны павадзілі з дзецьмі карагод каля навагодняй ёлкі.  Адчувалася, што дзеці не першы раз іх бачаць у цэнтры. Што і пацвердзіла Святлана Сікорская:

–       Апошнім часам  да праблем цэнтра павярнуліся арганізацыі розных формаў уласнасці нашага раёна, прыватныя асобы. На наш рахунак паступаюць грошы і ад тых бацькоў, чые дзеці тут займаліся раней. Мы іх не пакідаем без увагі і цяпер, запрашаем на ўсе ранішнікі. Мы ўдзячныя школам раёна, прадстаўнікі якіх наведваюцца ў гэтыя святочныя дні ў наш цэнтр з падарункамі і канцэртнымі праграмі для нашых дзяцей. Выдатную канцэртную праграму на ранішніку, які адбываецца сёння, падрыхтавалі валанцёры СШ № 2 г. Стоўбцы, яны даўнія нашы сябры. У ролі Дзеда Мароза ў гэтым годзе выступае старшы інспектар па справах непаўналетніх Ілья Рыбак. Тры гады запар аддзел міліцыі прысылае нам  Дзеда Мароза. Дзеці вераць, што ён сапраўдны. Мне цяжка пералічыць усіх нашых дабрачынцаў, таму што святы будуць працягвацца да старога Новага года. Усе разам мы падарылі дзецям не толькі ласункі, але і веру, што сярод нас шмат добрых, чулых, нераўнадушных людзей, якія гатовы падтрымаць у цяжкую мінуту і раздзяліць радасць.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *