Поспех абумовілі людзі

Нумары Сельская гаспадарка

Калектыў ААТ “Каганец” сёлета выйшаў пераможцам у раённым спаборніцтве на веснавых палявых работах. Узначальвае раслінаводчую галіну гаспадаркі Дзмітрый Вашкевіч, малады і перспектыўны спецыяліст. Сем гадоў рупіцца ён на гэтай пасадзе ў таварыстве пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Прымяняючы набытыя веды паступова набіраўся вопыту, і сёння яму ёсць чым ганарыцца: вырашчаны дастойны ўраджай – упершыню намалочана звыш пяці тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 37,8 цэнтнера з гектара. 

– Дзмітрый Яўгеньевіч, вынік атрыманы высокі, што не можа не радаваць. За кошт якіх складаемых удалося дабіцца такога паказчыка?

– Скажу адразу, што задаволены вынікамі і дырэктар таварыства, і ўсе нашы работнікі. Добры атрымалі ўраджай, ушчыльную наблізіліся да 40 цэнтнераў. У наступным годзе пакарыць гэтую вышыню нам таксама рэальна. Складаемых поспеху некалькі, і ўсе яны важныя. Неабходна ў нашай справе строга прытрымлівацца тэхналогіі вырошчвання, дакладна і своечасова выконваюць усе палявыя работы, што мы і рабілі. На першым месцы і арганізацыя працы. Трэба дадаць, што сёлета нам дапамагла і “нябесная канцылярыя”. Калі была патрэба, ішлі дажджы, а надвор’е на ўборачную пару выдалася проста ідэальным. А самае галоўнае, належным чынам спрацавалі людзі. У нас падабраўся моцны касцяк механізатараў, кожны з іх заслугоўвае шчырых слоў удзячнасці. А перамог у індывідуальным спаборніцтве на жніве Валерый Шахно, які з году ў год паказвае прыклад у працы. У прызёрах раённага спаборніцтва сярод маладых удзельнікаў жніва і яго сын Сяргей. Вылучаюцца працавітасцю Віктар Сапожнікаў, Уладзімір Рубін і Яўген Фляўм.

– Якія планы на новы год? Што ўжо зроблена і робіцца ў даным накірунку?

– Як ужо сказаў, будзем старацца павялічыць ураджайнасць, і не толькі збожжавых. Гэтымі днямі закладваем аснову будучаму ўраджаю. Дзякуючы нашым жывёлаводам, якія таксама шчыра рупяцца і маюць высокія надоі, набываюцца мінеральныя ўгнаенні пад веснавую сяўбу. Узнялі зябліва. Вывозіцца і ўносіцца арганіка. Ачышчана насенне, усё яно кандыцыйнае. Больш за 70 працэнтаў пасяўных плошчаў зойме эліта. Удзелім у наступным годзе асаблівую ўвагу кармавой базе, а іменна, шматгадовым бабовым травам. Пасеем больш люцэрны і падсеем пад азімыя канюшыну. Справа спорыцца, таму і настрой ва ўсіх прыўзняты. 

– Дзмітрый Яўгеньевіч, а як вы адзначаеце навагоднія святы? 

– Схіляюся да хрысціянскіх святаў, а самае бліжэйшае  – праваслаўнае Ражджаство Хрыстова, якое і рыхтуюся сустрэць так, як належыць верніку.  

Гутарыла  Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *