Зноў зацвіў каляднік

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Водар Новага года ў Апечкаўскім лясніцтве стварае навагодняя плантацыя ёлак, рэалізацыя якіх бойка ідзе перад прыгожымі зімовымі святамі. А яшчэ – шыкоўнае цвіценне калядніка. Кожны год нязменна ён пышна зацвітае перад Ражджаством і так асвяжае службовыя пакоі лясніцтва, што не падысці да яго, каб палюбавацца і падзівіцца, проста немагчыма.

Мірна патрэскваюць  дровы, так і хочацца прыціснуцца спінаю да стаяка. І ўсё гэта стварае такую непаўторную сямейную абстаноўку. Бухгалтар Ірына Бычко (на здымку), на клопат якой так удзячна рэагуюць пакаёвыя кветкі, пацвярджае, што калектыў і сапраўды жыве як адна сям’я. Большая палова працаўнікоў – мясцовыя людзі, усе свае. Гэта і вопытны трактарыст Іван Казлоўскі, і ляснік з 32-гадовым стажам Аляксандр Новік, і талковыя леснікі Сяргей Дзядзічка, Юрый Лапко, Аляксандр Раковіч, Мікалай Борыс, і непераўзыдзены ў майстэрстве лесаруб  Руслан Лубенька, прадстаўнік маладога пакалення, як і ляснік Руслан Апанасік. З імі нам не надарылася сустрэцца – раз’ехаліся па сваіх рабочых месцах. Ірына Пятроўна працуе ў лясной гаспадарцы ўжо больш за 10 гадоў. У свой час яна была першапраходцам у Стаўбцоўскім доследным лясгасе і наогул у лясной галіне  Мінскай вобласці па асвойванні новай інфармацыйнай праграмы 1С: Бухгалтэрыя. Гэта патрабавала нямала сіл, затое цяпер як аблегчана праца бухгалтара – усю інфармацыю захоўвае памяць камп’ютара.

Калі далей гаварыць пра новаўвядзенні, то Апечкаўскае лясніцтва стала інавацыйнай пляцоўкай у рэспубліцы па апрабаванні электроннай сістэмы відэаназірання. Лясніцтва плошчай 8181 гектар у асноўным складаецца з сасновых лясоў, што стварае высокую пажаранебяспечнасць. Камп’ютарная сістэма дазваляе сачыць за ўсімі ляснымі абшарамі са службовага кабінета. Гэтую навуку асвоіў нават самы старэйшы ляснік, з 46-гадовым стажам работы, Аляксандр Крамко. Аляксандр Антонавіч не нарадуецца на такія даброты цывілізацыі: раней трэба было падымацца на вышку, а цяпер – націснуў мышкай, і ўвесь лясны абшар на экране. У свае 70 гадоў Аляксандр Антонавіч працягвае актыўна выконваць абавязкі лесніка. Ён ведае кожную лясную сцяжынку на сваіх 677 гектарах і беспамылкова вызначыць яе нават ноччу. Сёлета прыехалі студэнты на практыку. Вярнуліся вечарам з абходу:

– Ды ну яго, з Антонавічам мы не збегаемся.

На здымку Аляксандр Крамко з ляснічым І класа Уладзімірам Чэмкам, уладальнікам знака “Ганаровы лесавод” Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 32 гады аддае свой прафесіяналізм аднойчы выбранай справе Уладзімір Вацлававіч. Яго радуе, што з траіх яго дзяцей малодшы сын Вадзім працягвае справу бацькі, з’яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чэмкі лясніцтва выдатна спраўляецца з даведзенымі вытворчымі заданнямі. Напрыклад, перавыкананы план догляду ў маладняках, пры заданні 3535 метраў кубічных аб’ём прарэджвання і прахадных высечак склаў 6083 метры кубічныя. Пасаджана 8,7 гектара маладога лесу. Лічба гэтая не паказальная, аднак у лясніцтве ўжо ўсё засаджана. Знішчальны ўраган 1997 года нанёс вялікія страты гэтаму лясніцтву. І тады пасля расчысткі буралому быў пасаджаны лес на вялікай плошчы. Ім будуць карыстацца ўжо наступныя пакаленні: каб вырасціць лес, патрэбна не адно дзесяцігоддзе.

Маладыя кадры – на асаблівым рахунку ў лясной галіне. У ліку іх і памочнік ляснічага Дзмітрый Шаціла. Яго стаж работы складае сем гадоў, якія дапамаглі яму набыць ужо вопыт і смак да выбранай прафесіі.

А што датычыць кадраў, то ў Апечкаўскім лясніцтве не хапае працаўнікоў рабочых прафесій. І лясніцтва гатова прыняць на працу такіх з прадастаўленнем жылля. Чым не прыцягальная вакансія? І гэта пры тым, што лясніцтва знаходзіцца на адлегласці ўсяго кіламетраў за 10 ад райцэнтра.

Якім выдасца надвор’е на Новы год, будзе відаць. Падчас нашага прыезду ў Апечкаўскае лясніцтва ёлкі былі пакрыты прыгожым інеем. І гэтымі здымкамі перадаём святочны настрой чытачам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *