Каб здзяйсняліся мары

Людзі і лёсы Нумары

Для прараба і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Шашкі” Ядвігі Радзіон адыходзячы год стане адным з самых памятных у яе шматгадовай працоўнай біяграфіі. Сёлета юбілейны дзень нараджэння жанчыны супаў з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі. А ўлічваючы тое, што Ядвіга Іосіфаўна звыш трыццаці гадоў   адпрацавала ў гэтым таварыстве і прымае самы актыўны ўдзел у грамадскай рабоце, ёй была ўручана Ганаровая грамата Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Як расказвае Яніна Іосіфаўна, грамадская работа для яе – радасць. Яна заўжды была актыўнай, з самага пачатку працоўнага шляху. Гэта прыкмеціла і кіраўніцтва, і самі працаўнікі.

– Падабаецца мне працаваць з людзьмі, дапамагаць ім вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, арганізоўваць вольны час, – сказала старшыня прафкама. – Апошнім часам нашы работнікі ездзілі на экскурсію ў Брэст, у цырк, закупляем білеты на канцэрты. Ладзім святы. Асабліва запоўнілася і вельмі спадабалася жывёлаводам мінулае навагодняе свята. Упершыню мы арганізавалі міні-агеньчыкі. Разам з дырэктарам (гэта была яго ініцыятыва), намеснікам па ідэалогіі і работнікамі нашага Дома культуры наведалі ўсе фермы. Працаўнікі ўпрыгожылі ёлкі, накрылі салодкія сталы. А віншавалі іх з надыходзячым Новым годам Дзед Мароз і Снягурка. Сёлета мы працягнем традыцыю і таксама пабываем ва ўсіх падраздзяленнях.

Ядвіга Радзіон мясцовая, родам з вёскі Нівы. Пасля заканчэння васьмігодкі з адзнакай паступіла вучыцца ў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Чаму выбрала гэтую прафесію? Дзяўчына не толькі добра малявала, а і займалася выпальваннем па дрэве, магла нават сама адрамантаваць плот. Згадвае, што дзед быў адмысловым цесляром і, пэўна, уменне гэтае перадалося ад яго. Пасля заканчэння сярэдняй спецыяльнай установы пачынала працаваць у калгасе “Нёман”, затым нейкі час рупілася ў аддзеле архітэктуры райвыканкама, а як выйшла замуж, то пераехала ў Шашкі. Работу сваю любіць і выконвае сумленна. Без адрыву ад вытворчасці павысіла свой агульнаадукацыйны ўзровень, скончыла Беларускі політэхнічны інстытут. Муж працуе ў таварыстве галоўным інжынерам. Два гады, як Радзіоны жывуць у новым доме, які самі пабудавалі. Зразумела, пад непасрэдным кіраўніцтвам Ядвігі Іосіфаўны – уласнага прараба. Ажыццявілася мара, якую жанчына выношвала не адно дзесяцігоддзе.

Ядвіга Іосіфаўна, па сённяшніх мерках, шматдзетная маці, нарадзіла траіх дзяцей. Бабуля з дзядулем маюць трох унукаў, у наступным годзе старэйшая ўнучка пойдзе ў школу. Вялікая сям’я, якая цяпер складаецца з адзінаццаці чалавек, на Новы год заўсёды збіраецца ў бацькоў. Вось і сёлета ўсе ўжо пацвердзілі, што абавязкова прыедуць. 

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *