Думка народа. Год моладзі – настрой маладых

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

2014-ты Год гасціннасці перадае эстафету 2015-му Году моладзі.  Гэта зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З якімі планамі, з якім жыццёвым настроем уступае моладзь у Год моладзі? Паслухаем маладых.

Іна АРЦЁМЕНКА,  юрысконсульт аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

–       Для нашай сям’і надыходзячы год вельмі адметны – мы чакаем нараджэння трэцяга дзіцяці. Як маці, мне хочацца, каб дзяржава і надалей стымулявала нараджальнасць зацвярджэннем ільгот для маладых сем’яў. Паколькі я працую ў аддзеле моладзі, мне хочацца бачыць маладых людзей ініцыятыўнымі, творчымі, каб у іх быў стымул самаўдасканальвацца, станавіцца прафесіяналамі ў выбранай прафесіі і актыўнымі грамадзянамі нашай краіны.

Аляксей КУЗЬМІН, альпініст:

–       Я працую ў Расійскай Федэрацыі, займаюся прамысловым альпінізмам. Аднак я застаюся грамадзянінам сваёй краіны – Рэспублікі Беларусь. Станоўча ўспрымаю аб’яўленне 2015 года Годам моладзі. Гэта стане канкрэтнай стымуляцыяй грамадзянскай актыўнасці маладых людзей. Асабіста я перш за ўсё чакаю рэалізацыі цікавых маладзёжных праектаў, удзелу маладых людзей у лёсе сваёй краіны. Творчасць, ініцыятывы, новыя падыходы могуць здорава ажывіць жыццё краіны і грамадства.

Антон ДЗЯДЗЕЙКА, тэхнік-праграміст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

–       Я працую ў статусе маладога спецыяліста. Пад маёй адказнасцю – бездакорная работа камп’ютарнай тэхнікі аддзела. Работа мне падабаецца, я атрымліваю задавальненне ад яе. У Год моладзі ўступаю з пазітыўным настроем, год абяцае быць насычаным. Выхаванне пачуцця патрыятызму і грамадзянскай адказнасці будзе стымуляваць прыняцце дзяржаўных праграм па падтрымцы маладых. У першую чаргу, у будаўніцтве жылля. Мы разлічваем на такую падтрымку кіраўніцтва краіны і ўрада.

Ганна ШЧЭЦЬКА, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы, уладальніца тытула «Міс школы-2014»:

–       У маім жыцці 2015 год  вельмі важны. Гэта актыўны год падрыхтоўкі да  цэнтралізаванага тэсціравання для паступлення ў медуніверсітэт. Спадзяюся, што ў мяне хопіць сіл і часу на ўдзел у алімпіядах, клубах па інтарэсах, спартыўных секцыях, у маладзёжным жыцці нашай школы. Хацелася б, каб і ў 2015 годзе мы змаглі здзейсніць з узорным ансамблем «Лявоначкі» гастрольную паездку за мяжу, як і ў 2013 годзе і папярэдніх гадах. У новы год уступаю з надзеяй, верай і з імкненнем шмат працаваць для рэалізацыі сваіх планаў.

Дзмітрый ШАБУНЯ, электраманцёр філіяла «Мінскэнерга» Стаўбцоўскія электрасеткі:

–       У сучасны момант  працую электраманцёрам, я – выпускнік Беларускага агратэхнічнага ўніверсітэта. У новы год уступаю з надзеяй і аптымізмам. Год мае гучны статус –  Год моладзі.  Думаю, многія мае равеснікі будуць салідарныя са мною   ў тым, што вырашэнне праблем, якія хвалююць моладзь, павінна стаць састаўной часткай дзяржаўнай палітыкі. Моладзі вельмі патрэбна сацыяльная падтрымка дзяржавы, каб стаць на ногі, не быць залежнымі ад бацькоў і паспяхова будаваць сваё жыццё.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *