Ім дадзены крылы

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Вопытныя, умудроныя жыццёвымі і прафесійнымі навыкамі людзі – гэта аснова, падмурак любога грамадства. А імпульсіўная і дапытлівая моладзь у ім – гэта нязломныя крылы, перспектыва, якая рухае наперад нашы сем’і, калектывы і ў цэлым краіну.

Дзмітрый КУТАС, старшы інжынер цэха рамонту стралковай зброі воінскай часці:

– Я лейтэнант, толькі пяць месяцаў, як прыступіў да службы. За плячыма – Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. Сам родам з Шашкоў. Службай задаволены. Сочым за падзеямі ў свеце, у нашых  бліжэйшых суседзяў і разумеем, што нам нельга не служыць добра, нельга расслабляцца. Кожныя паўгода здаю нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы. Ёсць дзе займацца: ходзім на стадыён, свая «качалка». Канцэрты любім наведваць. Па магчымасці прымаю ўдзел у грамадскім жыцці часці. Членам БРСМ з’яўляюся з 2006 года, яшчэ са школы. Прагульваемся з маленькай дачкой па нашым гарадку і бачым, як шмат вакол моладзі. Пажаданні ўсім маладым у новым 2015 годзе – міру, здароўя, дабрабыту! Упэўнены, у новым годзе нас чакаюць цікавыя здзяйсненні.      

Юлія ВАЎЧОК, галоўны эканаміст ААТ «Шашкі»:

– Работы ў гаспадарцы сапраўды многа (я ў адной асобе прадстаўляю ўсю эканамічную службу – мне, маладому спецыялісту, адразу даверылі такую пасаду), але гэта не адпуджвае. Работа падабаецца, хочацца вучыцца далей. Закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, а летам наступнага года мару паступіць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на тую ж, профільную, спецыяльнасць. Гаспадарка выдзеліла мне пакой у добраўпарадкаваным доме. Суседзі навокал – маладыя людзі. Не сумуем. Ад гаспадаркі ездзілі на экскурсію ў Брэст. У вольны час люблю чытаць электронныя кнігі, асаблівая цікавасць – да замежнай класікі. Праз інтэрнэт падтрымліваю адносіны з аднакласнікамі, аднакурснікамі. Дзелімся вопытам. Хочацца, каб у новым годзе ва ўсіх збылося задуманае, здароўе было моцным.      

Вера МЕМЕХ, аператар ЭВМ філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат»:

– На пачатку новага года я заканчваю Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут і атрымаю дыплом бухгалтара. Вучылася завочна і працавала на камбінаце. Стаж работы пасля каледжа –   два гады. Праляцелі непрыкметна… Тут мая радзіма. Жыву з бацькамі, дапамагаю ім па доме. Летам з сяброўкай  ездзім адпачываць. Пабывалі ў Балгарыі, Польшчы, Украіне. І з Беларуссю знаёмімся, экскурсіі ў знакамітыя месцы арганізоўвае наш прафсаюзны камітэт. Да Новага года нам выдзелілі прадуктовыя наборы коштам 300 тысяч рублёў – значыць, святочны дамашні стол накрыем  са стаўбцоўскай прадукцыі. Побач з роднымі і блізкімі будзе прыемна дэгусціраваць свае далікатэсы і думаць, што ў іх ёсць і часцінка маёй працы… У новым годзе жадаю кожнаму   знайсці сваё шчасце.

Вольга ШУТ, бухгалтар філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат»:

–  Чакаю і жадаю, што ў новым годзе ўсё складзецца добра, усе родныя і знаёмыя будуць здаровымі. Раней я атрымала ў каледжы прафесію эканаміста, але працую на камбінаце бухгалтарам і паралельна займаюся ў Беларускім інстытуце прававодства, каб быць яшчэ і юрыстам. Думаю, у жыцці ўсё спатрэбіцца. Калектыў на камбінаце падабраўся добры. Я  і сяброўку тут сабе знайшла –  Веру Мемех. Працуем побач, у адным кабінеце. У нас аднолькавыя погляды і агульныя інтарэсы. Сабраліся і разам паехалі ў цырк, дэльфінарый… Цяпер  актуальнае – рэцэпты да навагодняга стала.  На выхадныя стараюся паехаць дамоў, у Горкі. Там у бацькоў і гаспадарка, і агарод, заўсёды патрэбна мая дапамога. Радуюся, калі выпадае сустрэцца з былымі аднакласнікамі, сябрамі дзяцінства.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *