Вяселлі і народзіны. Мацвей і Дар’я – папулярныя імёны

Нумары Соцыум

Напярэдадні Новага года адзначаецца дзень заснавання органаў ЗАГС Беларусі. Гэтая дата стала нагодай падзяліцца з жыхарамі раёна навінамі і падзеямі, што адбыліся ў 2014 годзе.

За 11 месяцаў пасведчанні аб нараджэнні атрымала 451 дзіця, што на пяць нараджэнняў перасягае паказчык аналагічнага перыяду мінулага года. Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць нованароджаных у сельскай мясцовасці і склала 155 чалавек, што на 24 больш за  паказчык мінулага года. 296 чалавек зарэгістраваны ў горадзе. Самая высокая нараджальнасць у сельскай мясцовасці адзначана ў Заямнаўскім (29 рэгістрацый), у  Старасвержанскім (22), Дзераўнянскім і Наваколасаўскім  (па 18 рэгістрацый нараджэнняў) сельсаветах. У 2014 годзе на Стаўбцоўшчыне нарадзілася пяць двойняў.

Думаю, чытачам цікава даведацца, якія імёны ў адыходзячым годзе былі найбольш распаўсюджанымі. Лідарамі сярод мужчынскіх імёнаў у 2014 годзе сталі Мацвей (17), Максім (12), Мікіта (11), Арсеній (10). Па адным зарэгістравана такіх імён як Артур, Усевалад, Герман, Давід, Ігнат, Эрык, Ціхан, Патап, Прохар і некаторых іншых. Сярод жаночых імён, як і ў адыходзячым годзе, пераважаюць  Дар’я, Софія, Ганна, Ксенія. Па адным разе рэгістраваліся імёны Алеся, Аўрора, Аліса, Жасмін, Уладзіслава, Неаніла і некаторыя іншыя. Увогуле ж, у тым годзе для нарачэння дзетак бацькамі былі выкарыстаны 62 мужчынскія імёны і 71 –  жаночае.

Прыемна адзначыць, што ў адыходзячым годзе знізілася колькасць нараджэнняў дзетак у мам, шлюб якіх не зарэгістраваны ў адпаведнасці з заканадаўствам, што свечыць аб узмацненні статусу сямейных каштоўнасцяў у грамадстве, сур’ёзным стаўленні да планавання сям’і.

За 11 месяцаў 2014 года зарэгістравана 73 устанаўленні  бацькоўства, што на 27 актавых запісаў менш, чым у мінулым годзе.

Радуе той факт, што з кожным годам павялічваецца колькасць усынаўленняў. Так, у гэтым годзе 13 дзетак знайшлі сабе новых бацькоў.

Што ж датычыцца зарэгістраваных шлюбаў, то іх колькасць у параўнанні з мінулым годам  зменшылася  на 36 і за 11 месяцаў склала 314. У горадзе зарэгістравалі  шлюбы 227 пар. У сельскай мясцовасці найбольш шлюбаў зарэгістравана ў Літвенскім сельсавеце (24), Дзераўнянскім (17).  Усё большую папулярнасць сярод моладзі набывае такая паслуга як выязная рэгістрацыя шлюбу. Так, у гэтым годзе заручыцца залатымі пярсцёнкамі па-за межамі адміністрацыйнай установы вырашылі 23  маладыя пары.

Калі гаварыць пра ўзроставыя катэгорыі зарэгістраваных шлюбаў, то сярэдні ўзрост мужчын, якія ўступаюць у шлюб,   –  28 гадоў, жанчын – 26 гадоў. У гэтым годзе зарэгістравана чатыры шлюбы з непаўналетнімі. У аддзеле ЗАГС райвыканкама  зарэгістраваны 24 шлюбы з замежнымі грамадзянамі, што перавышае леташнюю колькасць шлюбаў на тры. Сярод іх пераважаюць шлюбы з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі (13), Украіны (6). Ёсць таксама шлюбы з грамадзянамі Казахстана (2), Грузіі (2), Аўстраліі (1).

Для працэдуры  скасавання шлюбу ў наш аддзел за 11 месяцаў бягучага года звярнуліся 36 сямейных пар, што на 8 менш, чым летась.

За 11 месяцаў бягучага года на 42 зменшылася колькасць рэгістрацый смерці і ў цэлым па раёне склала 686 чалавек.

Хочацца спадзявацца, што ў надыходзячым 2015 годзе дэмаграфічная сітуацыя ў раёне парадуе нас стварэннем новых шчаслівых сем’яў  і нараджэннем у іх жаданых дзетак. 

Надзея КАРТУЗАВА, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *