Урачыстасць – для таленавітых

Год моладзі Нумары Факты, падзеi, людзi

У раённым Цэнтры культуры прайшла традыцыйная дабрачынная ёлка для таленавітых дзяцей раёна – пераможцаў алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама запрасіў на ўрачыстасць 160 вучняў, і столькі ж – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Гэтыя вучні заслужылі такую ўвагу – выдатна вучацца, праслаўляюць раён сваімі інтэлектуальнымі, спартыўнымі і творчымі перамогамі.

Павіншаваць вучняў з Новым годам і Ражджаством падняўся на сцэну старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, які пажадаў ім спаўнення мар і  цудаў, новых дастойных перамог у новым годзе.

Прыемным момантам урачыстасці было ўручэнне грашовых прэмій раённага выканаўчага камітэта лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і таленавітай моладзі: пераможцу міжнародных алімпіяд па інфарматыцы і праграмаванні сярод школьнікаў у Санкт-Пецярбургу і  Маскве,  прызёру ўсіх этапаў рэспубліканскай  алімпіяды  па інфарматыцы вучню СШ  №  3

г. Стоўбцы Мікіту Сазановічу; пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні вучаніцы СШ № 3 Паліне Лапко; пераможцы рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару вучаніцы СШ № 3 Валерыі Сінянковай;  удзельнікам узорнага духавога аркестра «Васількі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў; лаўрэатам Міжнароднага фестывалю-конкурсу духавых аркестраў у Польшчы  вучням СШ № 3 г. Стоўбцы Мікалаю Артамонаву, Ягору Бражніку, Ягору Цяўлоўскаму, Кірылу Шчэціну, Ільі Капейчанку; вучню Стаўбцоўскай гімназіі № 1 Раману Шайнову; вучню Любкаўшчынскай СШ Дзмітрыю Сінкевічу; баяністцы Стаўбцоўскай школы мастацтваў, лаўрэату рэспубліканскіх конкурсаў вучаніцы СШ № 3 г. Стоўбцы Ганне Абрамовіч.

Падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага фонду Міру дзесяці чэмпіёнам Мінскай вобласці па футболе  сярод юнацкіх камандаў  уручыла старшыня гэтай арганізацыі Наталля Лапко.

Прэміямі раённага выканаўчага камітэта  адзначаны ўсе запрошаныя на свята вучні. Яны атрымалі  і салодкія навагоднія падарункі.

Яшчэ адным падарункам па праву можна лічыць  навагодні спектакль, падрыхтаваны работнікамі раённага Цэнтра культуры. Прыгожыя навагоднія дэкарацыі на сцэне, шыкоўныя касцюмы казачных герояў і выдатнае выкананне роляў зрабілі навагодняе прадстаўленне проста цудоўным. Гэты спектакль быў паказаны на ўсіх дабрачынных ёлках.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *