Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

З ВІНШАВАННЯМІ АД ДЭПУТАТА

300 дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў раёна, дзеці-інваліды, дзеці-сіроты былі запрошаны на дабрачынную ёлку ў раённы Цэнтр культуры.

Сама атмасфера навагодняга свята стварыла для малых казачную атмасферу. Яны з нецярпеннем чакалі навагодняга прадстаўлення на прыбранай сцэне.

Павіншаваць дзяцей, іх бацькоў, працаўнікоў сферы адукацыі на гэты ранішнік прыехаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка.

Дзеці атрымалі шмат эмоцый, з радасцю прынялі салодкія падарункі ў вельмі прыгожай навагодняй упакоўцы. У іх разбягаліся вочы і ад казачных герояў, і ад пачастункаў. Сапраўдная навагодняя казка!

Пр

 

ВАЛАНЦЁРСТВА – ПРАЕКТ ДЗЯРЖАЎНЫ

Дыплом лаўрэата ўручаны раённаму камітэту БРСМ за «Лепшы дабрачынны праект» па выніках абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў 2014 годзе.

Узнагароджанне пераможцаў і лаўрэатаў праходзіла, можна сказаць, ва ўрачыста-гістарычнай абстаноўцы – у сценах старажытнага нясвіжскага замка. Дыпломы і кубкі ўручалі намінантам конкурсу начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Руслан Трухан, старшыня Мінскага абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Марыя Худая і іншыя аўтарытэтныя асобы. Іх наказ маладым напярэдадні 2015 года, аб’яўленага ў нашай краіне Годам моладзі, – ісці наперад, зараджаць сваёй энергіяй іншых, каб тварыць уласнае будучае і будучае нашай краіны.         

– Вельмі прыемна, што так высока адзначана дзейнасць нашых валанцёрскіх атрадаў. Яны аказваюць дапамогу людзям пажылым і сваім равеснікам з абмежаванымі магчымасцямі, удзельнічаюць у добраўпарадкаванні горада і яго святыняў, –  падзялілася першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская і зазначыла, што дыплом і кубак конкурсу, якія ўпрыгожылі кабінет раённага камітэта БРСМ, абавязваюць працаваць яшчэ больш актыўна і плённа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

 

ГРАН-ПРЫ – ВАЛЯНЦІНЕ КУЧЫНСКАЙ

Напрыканцы 2014 года ў Ашмянах адбыўся рэспубліканскі конкурс кандытараў, павароў і афіцыянтаў арганізацый спажывецкай кааперацыі. У склад каманды Мінскай вобласці была ўключана лаўрэат абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства кандытар шостага разраду стаўбцоўскага райспажыўтаварыства Валянціна Кучынская. На рэспубліканскім конкурсе наша канкурсантка паказала майстар-клас па сучасным афармленні кандытарскай выпечкі, выдатна прайшла ўсе этапы конкурсу і заваявала Гран-пры. Акрамя дыплома і каштоўнага падарунка Валянціне Кучынскай прысвоена званне майстар-кандытар.

Яе шлях у прафесію ляжаў праз іншую прафесію. У свой час Валянціна Кучынская была мадэльерам па пашыве галаўных убораў з натуральнага футра. Калі такія ўборы сталі нямодныя, Валянціна Міхайлаўна перакваліфікавалася. Яна стала пячы пірагі і іншыя кандытарскія ласункі. Гэта справа аказалася не менш творчай.  Доўгі час Валянціна Міхайлаўна працавала ў кандытарскім цэху фірмы «Гном». А цяпер вось аддае свой прафесіяналізм у кандытарскім цэху райспажыўтаварыства. Яе адданасць любімай справе, уменне, высокі прафесіяналізм забяспечылі ёй званне лепшага кандытара рэспублікі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ЭНЕРГАЗБЕРАЖЭННЕ  – У МАЛЮНКАХ

Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь сумесна з газетай «Зорька» правялі конкурс малюнкаў дзяцей, тэмай якога было вызначана энергазберажэнне.

Юныя мастакі з усёй Беларусі, хто выйшаў пераможцам і прызёрам, былі запрошаны ў канферэнц-залу Дома прэсы для падвядзення вынікаў конкурсу.

Атрымалі запрашэнне на гэтую ўрачыстасць і выхаванцы народнай студыі жывапісу «Раніца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Работа Надзеі Бізгень настолькі спадабалася журы, што яна ўпрыгожыць інтэр’ер Міністэрства энергетыкі. Дыпломы і падарункі атрымалі таксама Захар Радзіон, Вікторыя Прыбытка, Вікторыя Кураш, Ганна Калкоўская.

 

ЛАГЕРЫ ПРАЦАВАЛІ І ЗІМОЙ

У час ражджэственскіх канікул з 28 снежня па 3 студзеня на базе 10 навучальных устаноў раёна была арганізавана работа лагераў дзённага прабывання вучняў.

Для такога аздараўлення Мінскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага фонду па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні выдаткавала для нашага раёна каля 56 мільёнаў рублёў.

Адпачынак вучняў праходзіў з арганізацыяй навагодніх ранішнікаў, з падарункамі, цудоўнымі прадстаўленнямі.

Пр

 

ГАСЦІННАСЦЬ «ВЫСОКАГА БЕРАГА»

Турбаза «Высокі бераг» прыняла на працягу 2014 года, які быў Годам гасціннасці, шмат якіх гасцей – турыстаў айчынных і замежных. Пад Новы год  калектыў сапраўдных энтузіястаў  зацікавіў  святочным дзействам: культурна-забаўляльнай праграмай з жывой музыкай, пікніком на прыродзе і вечарынай пры свечках.  

Пік турысцкага сезона заўсёды прыпадае на лета. Турбаза тады становіцца своеасаблівым населеным пунктам, які жыве па законах індустрыі адпачынку, сумяшчэння адпачынку і адукацыйна-пазнавальнай дзейнасці. Узяць, напрыклад, такога заўсёдніка турбазы, як Беларуская асацыяцыя псіхолагаў, якая знайшла тут, у атачэнні гарманічнага навакольнага асяроддзя, аптымальную пляцоўку для правядзення сваіх семінараў і трэнінгаў. Удзел у іх бралі спецыялісты не толькі Беларусі, а і розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Украіны.

– Гэтае грамадскае аб’яднанне, за якім стаіць кафедра псіхіятрыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, ужо забраніравала месцы на наступнае лета, – заўважае начальнік службы прыёму і абслугоўвання Алена Каласоўская. Яна тлумачыць, што ў водгуках, якія пакідаюць наведвальнікі ў сацыяльных сетках і на форумах, на першае месца вылучаны гасціннасць і добразычлівасць персаналу і такі ж прывабны імідж Беларусі, які сфарміраваўся за час знаходжання на турбазе.     

Нельга не згадаць шматгадовае сяброўства  турбазы з дзіцячым лагерам «Маленькая краіна» пад нязменным кіраўніцтвам Уладзіміра Кучмасава. За чатыры летнія змены на «Высокім беразе» аздаравілася каля 230 насельнікаў гэтай краіны – мінскіх школьнікаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

СЕЗОН НАРЫХТОЎКІ ШЫШАК

Акурат гэтымі зімовымі днямі ў леснікоў пачаўся сезон нарыхтоўкі шышак. Адметнасць гэтай работы ў тым, што фактычна яна ажыццяўляецца раз у пяць гадоў – у адпаведнасці з масавым перыядам вегетацыі насаджэнняў, у выніку чаго лясгас забяспечвае сябе насеннем елкі і сасны для далейшага лесааднаўлення.

– Збор шышак пачаўся ў снежні і завяршыцца ў сакавіку. Планы ў нас сур’ёзныя, таму леснікі збіраюць шышкі ў кожным лясніцтве, – зазначае інжынер па лесааднаўленні Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Ганна Крысь.

Нягледзячы на тое, што збор шышак –  у асноўным праца ручная, за сёлетні сезон лясгасам плануецца нарыхтаваць 10 тон яловых і чатыры тоны сасновых шышак. Каб даць ім раскрыцца і атрымаць насенне, іх накіруюць на апрацоўку ў сваю шышкасушылку, што ў Хатаўскім лясніцтве. Колькі будзе насення – сказаць загадзя цяжка, але, мяркуюць у лясгасе, яго павінна хапіць на пасадачны матэрыял і стварэнне некаторага запасу.

Даапрацоўка атрыманага насення праходзіць у Рэспубліканскім селекцыйна-насенняводчым цэнтры, дзе яно і захоўваецца да запатрабавання ў спецыяльных халадзільных камерах. Са свайго насення ў гадавальніку лясгаса вырасцілі ў 2014 годзе 662,5 тысячы штук сеянцаў сасны-аднагодкі і 1267 тысяч штук елкі-двухгодкі. Акрамя таго, атрымана 293 тысячы штук саджанцаў елкі (узрост саджанцаў – чатыры гады).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РЫХТУЕЦЦА НАСЕННЕ

Пасееш добрым насеннем – атрымаеш адпаведны  ўраджай. Такой  агульнавядомай ісціны прытрымліваюцца хлебаробы раёна. Летась яны давялі да ладу і засыпалі ў склады пад ураджай новага  года, разам са страхавым фондам, 4811 тон насення збожжавых і зернебабовых культур. Першымі справіліся з гэтай работай і маюць усё кандыцыйнае насенне працаўнікі ААТ «Дзераўное», ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Завяршаецца ў гаспадарках і ачыстка насення шматгадовых траў. На ўзроўні спрацавалі ААТ «Агранёманскі» і «Жацерава».

 

ВАРОЖАЦЬ НАД ТЭХНІКАЙ

Вясна не павінна застаць хлебаробаў знянацку. Таму ключавая задача, якая стаіць перад інжынернымі службамі таварыстваў сёння, – арганізацыя своечасовага рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі. Да таго ж, у гэтым  годзе неабходна павялічыць ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур, а без  надзейна падрыхтаваных трактароў і сельгасмашын зрабіць гэта будзе даволі праблематычна. Рамонтнікі гаспадарак раёна працуюць згодна са складзеным графікам. Як і ў мінулыя гады, зараз у мехмайстэрнях вядзецца рамонт глебаапрацоўчых агрэгатаў. У райаграсэрвісе «варожаць» над АКШ. Па два абаротныя плугі з ААТ «Шашкі» і «Вішнявецкі-агра», пасяўны камбінаваны агрэгат з ААТ «Аталезь-агра» давядуць да ладу ў Мінскім райаграсэрвісе.

Пр

 

КАМПЕТЭНТНА. ХТО НАЗНАЧАЕ ДАПАМОГУ НА ДЗЯЦЕЙ

З 1-га студзеня 2015 года ўведзена новая штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, устаноўленае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 года № 572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей».

Улічваючы, што Указ нядаўна ўступіў у законную сілу, у людзей узнікае шмат пытанняў па назначэнні дапамогі. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва даюць адказы на найбольш злабадзённыя.

–  Хто мае права на дапамогу?

– Права на дапамогу мае маці (мачыха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да трох гадоў і ад трох да 18-ці гадоў. Апякун (папячыцель) мае права на дапамогу, калі апека (папячыцельства) устаноўлена над дзіцем або дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў і над дзіцем (дзецьмі) ва ўзросце ад трох да 18-ці гадоў, пры ўмове, што дзіця або дзеці ва ўзросце ад трох да 18-ці гадоў не знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.  

Права на назначэнне данай дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (да 1-га студзеня 2015 года або пасля гэтай даты), ад занятасці (незанятасці) і даходаў бацькоў, апекуна (папячыцеля).

Асобам, якія адначасова маюць права на дапамогу, прадугледжаную Указам, і на дапамогу на дзяцей старэй за тры гады з асобных катэгорый сем’яў у адпаведнасці з арт. 14 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», назначаецца і выплачваецца адзін від дапамогі на іх выбар.   

– Які памер дапамогі?

– Памер дапамогі складае 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Пры выхаванні двух і больш дзяцей назначаецца і выплачваецца адна дапамога на сям’ю.

–  Куды звяртацца для назначэння дапамогі?

– Дапамога назначаецца камісіямі па назначэнні дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, і дапамог па часовай непрацаздольнасці па месцы атрымання маці (мачыхай), бацькам (айчымам), усынавіцелем (удачарыцелем), апекуном (папячыцелем) дзяцей дапамогі па доглядзе  дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў.

Аднак, калі дапамогу па доглядзе  дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў атрымлівае іншы сваяк або член сям’і дзіцяці (дзяцей), які знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе  дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў, дапамога назначаецца маці (мачысе) або бацьку (айчыму), усынавіцелю (удачарыцелю),  у поўнай сям’і – маці (мачысе) у парадку, устаноўленым артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей»:

якія працуюць у арганізацыі з колькасцю работнікаў звыш 15-ці чалавек – па месцы працы;

якія працуюць у арганізацыі з колькасцю работнікаў менш за 15 чалавек – у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства (знаходжання);

якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання – па месцы вучобы;

якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, адвакатамі, натарыусамі, рамеснікамі – у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства (знаходжання).

– Калі неабходна звяртацца па дапамогу?  

– Права на зварот для назначэння дапамогі ўзнікае з 1-га студзеня 2015 года. Для падачы заявы і неабходных дакументаў устаноўлены шасцімесячны тэрмін з дня ўзнікнення права на дапамогу. Пры звароце па зыходжанні ўстаноўленага тэрміну дапамога будзе назначацца з даты звароту.

– Ці ёсць якія абмежаванні для тых сем’яў, дзе дзіця нарадзілася да 1-га студзеня 2015 года?

– Калі ў сям’і ўжо выхоўваецца дзіця ва ўзросце да трох  гадоў, народжанае да 1-га студзеня 2015 года, звяртацца для назначэння дапамогі неабходна не пазней чым 30 чэрвеня 2015 года. У такім выпадку дапамога будзе назначана за ўвесь перыяд, пачынаючы з 1-га студзеня 2015 года. Калі ў сям’і дзіця народзіцца пасля 1-га студзеня 2015 года, звяртацца для назначэння дапамогі трэба не пазней чым праз шэсць  месяцаў з даты нараджэння дзіцяці.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *