Каштоўны бісер таленту

Нумары Факты, падзеi, людзi

першая

Рэдакцыя атрымала  чытацкі рэзананс пасля публікацыі матэрыялу «Са знакам пашаны» аб кіраўніках, адзначаных высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнамі і медалямі. Гэта натхніла журналістаў працягваць рубрыку «Гісторыя раёна ў асобах». Наш фотакарэспандэнт знайшоў у сваім архіве вось гэты  здымак, зроблены шэсць гадоў назад на раённым свяце перадавікоў. На ім вы бачыце Уладзіміра Піліпавіча Радзевіча і старшыню  ААТ «Вялікі Двор» Вольгу Аляксееўну Луцык.

Уладзімір Піліпавіч за гады сваёй працы займаў высокія пасады ў нашым раёне і ў Мінскай вобласці. Ён закончыў з адзнакай Шчучынскі заатэхнічны тэхнікум, са ступенню вучонага заатэхніка – Віцебскі ветэрынарны інстытут і завочна – Вышэйшую партыйную школу. Працаваў у нашым раёне заатэхнікам калгаса «Праўда», першым сакратаром райкама камсамола, старшынёю калгаса «Нёман», старшынёю Стаўбцоўскага райвыканкама, начальнікам упраўлення сельcкай гаспадаркі Мінскага аблвыканкама, першым сакратаром Мінскага райкама партыі, старшынёю Мінскага гарадскога аграпрамысловага камітэта, намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама. Яго кіраўніцкія здольнасці, прафесіяналізм у сельскагаспадарчай вытворчасці адзначаны ордэнамі Леніна,  Працоўнага Чырвонага Сцяга,  Пашаны, медалём «За доблесную працу», шматлікімі  ганаровымі граматамі. Будучы на заслужаным адпачынку, ён стварыў і ўзначаліў фермерскую гаспадарку «Сула», уклаўшы ў гэтую сямейную справу ўвесь свой багаты вопыт, тэарэтычныя веды і практычныя навыкі і сваё сэрца. Сёння яго справу працягвае  сын Уладзімір Уладзіміравіч, таленавіты кіраўнік, які не толькі захаваў усё, напрацаванае бацькам, але і прымножыў і вывеў фермерскую гаспадарку на высокія пазіцыі развіцця. «Сулу» ведаюць у Расіі і еўрапейскіх краінах. Гаспадарка Радзевічаў у рэспубліканскім конкурсе фермерскіх гаспадарак заняла другое месца. І гэта слаўны вянец яго працоўнай біяграфіі – выхаваць таленавітых дзяцей (яго сын Генадзь жыве ў Канадзе), якім можна даверыць сямейную справу і ганарыцца.

Уладзімір Піліпавіч і цяпер застаецца актыўным членам нашага грамадства. Ён уважлівы чытач нашай газеты, часта тэлефануе, дзеліцца ўражаннямі аб публікацыях. Вось і з Вольгай Луцык яны зацікаўлена абмяркоўваюць надзённае. Вольга Аляксееўна таксама мае наконт усяго сваю думку, сваё выверанае рашэнне, свой погляд на сельскагаспадарчую вытворчасць і свае падыходы ў рабоце. Наколькі яна моцны, валявы, таленавіты кіраўнік, скажуць поспехі сельскагаспадарчага таварыства, якое яна ўзначальвае больш за 40 гадоў. Увесь гэты час гаспадарка лічыцца адной з самых моцных не толькі ў нашым раёне, у Мінскай вобласці, але і ў рэспубліцы. Пацвярджэнне гэтаму – і апошняя высокая ўзнагарода, уручаная Вользе Луцык у 2013 годзе Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.  ААТ «Вялікі Двор» выйшла пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве па выніках уборкі збожжавых. Заслугі Вольгі Луцык перад краінай адзначаны ордэнам Пашаны, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, сярэбраным медалём ВДНГ, дзвюма Падзякамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, знакам «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», медалём прападобнай Ефрасінні Полацкай.

З гэтымі кіраўнікамі, якія маюць шаноўны ўзрост, багаты вопыт за спінаю, усе ў раёне лічацца, даражаць іх парадай. І гэта дар – мець такі яркі талент кіраўніка. З абедзвюх  біяграфій мы бачым, што таленты, дараваныя Богам гэтым людзям, імі прымножаны і сталі бясцэннымі, як каштоўны бісер.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *