Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 13 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Агата Рашэтнік, Іван Антанюк, Мілана Цішко, Аляксандра Кожыч, Яўгенія Паўлоўская, Павел Сабалеўскі, Мацвей Карачун, Яраслаў Зоткін, Эвяліна Шулякоўская, Дзіяна Дземідовіч, Ангеліна Райко, Марыя Варакса і Максім Клімовіч.

Зямны шлях за апошнія некалькі тыдняў закончыўся  для 27 чалавек.

У пажарную часць паступіла паведамленне аб задымленні ў кватэры на дзявятым паверсе па вуліцы Цэнтральнай,3 у Стоўбцах. Ад пажару закурана ўся маёмасць, якая знаходзілася там. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Папярэдняя прычына здарэння – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. У 2014 годзе здарылася 47 пажараў, у іх восем чалавек загінулі. Падчас навагодне-ражджэственскіх святаў выратавальнікі раёна наведалі 732 домаўладанні і правялі інструктаж аб правілах пажарнай бяспекі ў ацяпляльны перыяд з амаль 1 500 жыхарамі раёна. Галоўнае – падтрымліваць у парадку печы, а малалетніх дзяцей не пакідаць адных дома.

Міліцыяй узбуджана крымінальная справа за змяненне ідэнтыфікацыйнага нумара кузава аўтамабіля «Мерседэс-бэнц». З будынка былога млына, размешчанага ў Ячонцы, выкрадзены металаканструкцыі. Абрабаваны дачныя дамы ў Цвірках і садовым таварыстве «Чабарок», што паблізу Коласава. 

  Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па артыкулах «Замах на забойства» і «Забойства» ў адносінах да 25-гадовага жыхара Сцяцкоў, беспрацоўнага, раней судзімага: 2 студзеня з 21.00 да 23.00  малады чалавек абліў і падпаліў сваю маці, якая ўжо адпачывала і адмовілася даць яму грошы. З апёкамі рук, твару і грудзей І-ІІІ ступеняў яна змешчана ў бальніцу, а падпальшчыку за злачынства, учыненае з асаблівай жорсткасцю і такім небяспечным спосабам, пагражае зняволенне ад 8 да 25 гадоў.

Пракуратурай раёна праведзены аналіз выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства адносна своечасовай выплаты заработнай платы, у ходзе чаго ўстаноўлены парушэнні ў ААТ «Дзераўное», ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і ААТ «Шашкі». У адносінах да кіраўнікоў названых гаспадарак складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Судом раёна яны прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу.

 Суд асудзіў на 9 гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму 20-гадовага стаўбчаніна за незаконнае набыццё, захоўванне і збыт псіхатропных рэчываў. 32-гадовы грабежнік з Мікалаеўшчыны, які адкрыта вырваў у прахожага пакет з прадуктамі і спіртным, прыгавораны да трох месяцаў арышту. Пенсіянерка з Новых Рубяжэвічаў, якая прадала 0,5 літра алкагольнага напітку, а таксама захоўвала дома 5,5 літра этылавага спірту, аштрафавана на 3 000 000 рублёў. 

 ДАІ выявіла 119 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў і шэсць нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх, 32-гадовы стаўбчанін, – «паўторнік», быў затрыманы на аўтамабілі «Сітраэн-ксанцыя» акурат у навагоднюю ноч), 14 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася восем дарожных аварый, у тым ліку тры з іх – у першы дзень новага года. На шчасце, абышлося без пацярпелых. 

«Хуткая» атрымала за апошнія тры тыдні 645 выклікаў, у прыватнасці 32 сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *