Свята прыйшло да нас

Нумары Соцыум

СВЯТА… З ДАСТАЎКАЙ НА ДОМ

Больш за два тыдні працягвалася акцыя «Свята прыходзіць да нас», арганізаваная Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».  

Як расказала старшыня арганізацыі Ніна Ганісеўская, самім ім было б не па сіле правесці такую значную акцыю, таму да яе было падключана шмат неабыякавых людзей. Агульнымі намаганнямі для 20-ці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі атрымалася стварыць навагодняе свята… з дастаўкай на дом. Акрамя ўручэння салодкіх падарункаў, для кожнага з іх было наладжана цэлае прадстаўленне.

У арганізацыі гэтага прадстаўлення самы актыўны ўдзел прынялі валанцёры, сярод якіх галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская і мабільная каманда  работнікаў культуры ў складзе Дар’і Найдзяновіч, Таццяны Дзярнейка, Андрэя Цітко, Сяргея і Фадзея Крамко. Іх місія ахапіла многія населеныя пункты раёна, таму расцягнулася на некалькі дзён. Дзеці чакалі, хваляваліся перад сустрэчай… У кожным доме яна прайшла па-свойму, але паўсюдна па-сямейнаму цёпла. Многія дзеці падпявалі Дзеду Марозу, хтосьці не пабаяўся забрацца на рукі да Снягуркі. Усе сфатаграфаваліся з гасцямі на памяць.

Дзецям уручылі баульчыкі з цукеркамі, з набыццём якіх дапамаглі сталічныя камерцыйныя арганізацыі. Паўдзельнічалі ў камплектаванні падарункаў фруктамі, сокамі і прадпрымальнікі раёна. Самыя спагадлівыя сярод іх  – Максім Шкода, Валянціна Шэга, Іван Заяц, Сяргей Брода, Алена Славінская. З дастаўкай падарункаў з Мінска дапамог ІП Сяргей Пяткевіч.

Нельга не сказаць і пра іншых пастаянных спонсараў раённай пярвічнай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». Гэта цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, які штогод на пачатку снежня пералічвае сродкі на рахунак арганізацыі, царква «Возрождение». Такая дзяржаўная ўстанова як Палац Рэспублікі выдзеліла сёлета раённай арганізацыі 16 дабрачынных білетаў на галоўную ёлку краіны. Тыя, хто пабываў на гэтым святочным прадстаўленні пад назвай «Школа юных Марозаў», не забудзе яго відовішчнасць.

І, безумоўна, не забудзецца тая людская дабрыня, якая ахвяравана дзецям-інвалідам.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

НАВАГОДНЯЯ НОЧ З ФЕЕРВЕРКАМ

Кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт ТАА СЖК «Налібакі» сумесна з Налібацкім сельвыканкамам арганізавалі для сваіх работнікаў даволі цікавае навагодняе свята. На пятачку ля сельвыканкама ўстанавілі сяміметровую прыгажуню-ёлку, якую прэзентавала таварыству мясцовае лясніцтва. Упрыгожылі яе цацкамі і гірляндамі, а таксама рознакаляровымі лямпачкамі. На святочнае мерапрыемства сабраліся не толькі працаўнікі гаспадаркі і мясцовыя жыхары, а прыехалі і людзі з іншых вёсак. Яны прымалі шчырыя  віншаванні ад старшыні сельскага выканаўчага камітэта Аляксандра Пілінкевіча, старшыні прафсаюзнага камітэта таварыства Міраслава Грыгаровіча і старасты вёскі Іосіфа Жаўнерчыка. Затым пачалося народнае гулянне, якое працягвалася да самай раніцы. Смажыўся на шампурах і шашлык. Культурна-забаўляльную навагоднюю праграму арганізавалі для вяскоўцаў работнікі Налібацкага Дома культуры. Правілі балем Дзед Мароз і Снягурка, а прадстаўлялі казачных персанажаў інжынер-механік таварыства Віктар Дошчачка і медсястра фельчарска-акушэрскага пункта Валянціна Міхно. 

Праграмай было прадугледжана і заахвочванне пераможцаў конкурсаў на лепшае навагодняе афармленне адміністрацыйнага будынка, жывёлагадоўчай фермы і падвор’я. У першай намінацыі перамог калектыў дыспетчарскай. Другое месца за Налібацкім касцёлам – узнагароду прымаў ксёндз Мар’ян Шэршань, які таксама павіншаваў усіх са святам. Сярод жывёлагадоўчых фермаў месцы размеркаваліся наступным чынам:  МТФ «Цэнтр», «Пруды» і «Церабейнае». Лепшымі прызнаны падвор’і Іосіфа Жаўнерчыка, Фелікса Мазуна, Генадзя Ліпніцкага, Ірыны Кавалеўскай і Яўгена Гатоўчыка.

Свята ўдалося, усе разам спявалі, танцавалі і засталіся вельмі задаволенымі. А асаблівае захапленне выклікаў святочны феерверк, які расквеціў рознакаляровымі агеньчыкамі начное неба над Налібакамі. 

 

ДЛЯ ВЯСКОВЫХ ДЗЯЦЕЙ

Напярэдадні новага года дзеці работнікаў сельгаспрадпрыемстваў пабывалі на навагоднім прадстаўленні ў раённым Цэнтры культуры. Трэці год запар райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізоўвае падобнае мерапрыемства для вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак, закупляе ім салодкія падарункі. На навагоднім шоу пабывалі 185 школьнікаў пачатковых класаў з усіх агульнаадукацыйных школ раёна. Разам з дзедам Марозам, Снягуркай і іншымі казачнымі персанажамі яны вадзілі вакол ёлкі карагоды, спявалі песні, чыталі вершы. Прысутнічалі на навагодняй казцы старшыня райкама прафсаюза Тамара Калошыч, старшыні прафсаюзных камітэтаў таварыстваў, настаўнікі.

 

ПАД СВЯТЛО КАЛЯДНАЙ ЗОРКІ

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь не парушаюць традыцыю перад новым годам прыехаць у падшэфную Цясноўскую СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага.

Як правіла, гэтыя сустрэчы вельмі сардэчныя, цёплыя, асвечаныя святымі ражджэственскімі днямі. Для ўсіх 94 вучняў шаноўныя госці зрабілі салодкія падарункі.

Настаўнікі і вучні ў сваю чаргу падрыхтавалі да гэтай сустрэчы выдатную канцэртную праграму пад назвай «Святло каляднай зоркі». Усіх аб’ядноўвалі святочны настрой, чулыя адносіны, добразычлівая атмасфера.

Пр

 

З ЛЕГЕНДАЙ ПРА «НІКУ»

У антычнасці Ніка прыносіла людзям надзею на перамогу… «Ніка» – так назвалі свой клуб навучэнцы гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Разам з настаўніцай гімназіі Людмілай Станіславаўнай Назаранка яны распрацавалі палажэнне, статут, гімн.

Трэба заўважаць, што члены клуба заўсёды разам і ўсё робяць дружна. Клуб стаў цэнтрам эстэтычнага выхавання гімназістаў. Для душы аматары мастацтва наведваюць музычна-літаратурныя гасцёўні і выставы.

Святы ж у гэтай міні-дзяржаве маюць асаблівае месца. Традыцыйнымі сталі дзень нараджэння «Нікі», калі прымаюць новых членаў, Дзень св. Валянціна, Дзень смеху. Нагодай для чаявання сталі і Каляды.

Ксенія РУБІН, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *