Калядны настрой

Нумары Соцыум

«ГАРДЭРОБ» АД СЯМ’І ГАЎРЫЛОВІЧАЎ

Для дзетвары і ўсіх жыхароў Новага Свержаня стварылі зімовую казку работнікі Навасвержанскага Цэнтра культуры.

«Зімовая казка» – менавіта так называецца спектакль-прадстаўленне, з якім у гэтыя святочныя дні культработнікі выступаюць на розных сцэнах і ў актавых залах. Галоўным казачнікам на свяце стала Каза – сімвал 2015 года.

– Гісторыя, расказаная ёю, – прыадчыняе сцэнарны занавес хармайстар народнага хору народнай песні «Панямонь» Ала Янская, – знаёміць з дзвюма ляснымі жыхаркамі – Бабай-Ягой і Бабай-Каргой. Яны хацелі б сапсаваць дзецям навагодняе свята, але на дапамогу прыходзяць усімі любімыя добрыя выратавальнікі – Дзед Мароз і Снягурка. Такім чынам, фінал казкі прадказальны: дабро перамагае зло, а ўсе падарункі застаюцца дзецям. У іх, дзетак, вочы гараць радасцю…

Асаблівыя словы ўдзячнасці Ала Янская адрасуе навасвержанскім індывідуальным прадпрымальнікам – сям’і Аляксандра і Тамары Гаўрыловічаў, якія адгукнуліся і выдзелілі сродкі для набыцця святочных касцюмаў для галоўных навагодніх персанажаў – Дзеда Мароза і Снягуркі. Несумненна, што іх высакародны ўчынак будзе помніцца столькі, колькі нашы дзеці будуць клікаць гэтых персанажаў на свае прадстаўленні.  

Між іншым, у новых касцюмах героі Новага года пабывалі ў дзіцячых садках Новага Свержаня і Любкаўшчыны, выступілі перад адпачываючымі дзіцячага аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі, ладзілі ранішнікі для новасвяржан і работнікаў прадпрыемстваў Новага Свержаня.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МАТЫВЫ «СВЯТОЙ НОЧЫ»

Кожны год у Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў прыгожай падзеяй з’яўляецца ражджэственскі канцэрт. Ён праходзіць у камернай зале, упрыгожанай навагодняй ілюмінацыяй і дэкорам.

Для канцэрта адбіраюцца самыя лепшыя канцэртныя нумары. Вучням прадастаўляецца магчымасць выканаць музычныя творы і касцюміраваныя кампазіцыі перад сваімі бацькамі, настаўнікамі і гасцямі школы.

Вялікую работу для падрыхтоўкі канцэрта выканала выкладчыца тэатральнага аддзялення Антаніна Бондарава, якая выступіла рэжысёрам канцэртнай праграмы. Задумкі таленавіта ўвасобілі на сцэне вядучая Алёна Міцкевіч, таксама выкладчыца тэатральнага аддзялення, і выканаўцы канцэртных нумароў.

Рэпертуар канцэрта быў падабраны так, каб прагучалі духоўныя творы кампазітараў, сучасныя прыемныя на слых навагоднія кампазіцыі. Вучні тэатральнага аддзялення ў касцюміраванай інсцэніроўцы звярнулі увагу на тыя хрысціянскія дабрадзейнасці, якія набліжаюць чалавека да дабра і святла.

Вялікую работу па адраджэнні фальклору, народнай творчасці ў маладога пакалення праводзіць педагог Людміла Канаплянікава-Доўнар, сама – выдатная выканаўца народных песень. Ужо многія гады  Людміла Пятроўна кіруе ўзорным ансамблем народнай песні «Жавароначкі», які яна і стварыла. На святочным канцэрце гледачы маглі атрымаць асалоду ад  «Калядак» у выдатным выкананні дзяцей. Касцюміраванае песеннае выступленне прынесла шмат пазітыву і яркіх эмоцый.

Як і выступленне на сцэне дзіцячага хору «Верасень». «Святая ноч» – гэты і іншыя духоўныя творы, выкананыя  капэльна вакальнай групай хору «Верасень» пад кіраўніцтвам Святланы Швечыкавай, стварылі неперадаваемы ражджэственскі настрой. Прысутныя ў поўнай меры маглі адчуць прыгажосць  духоўных песнапенняў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *