Пралікі, якія могуць прывесці да пажараў

Нумары Пракурорскі нагляд

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна прааналізаваны прычыны росту колькасці загінуўшых на пажарах за 11 месяцаў 2014 года, стан прафілактычнай работы, накіраванай на папярэджанне падобных фактаў, з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Па стане на 12 снежня 2014 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 46 пажараў, на якіх загінула 8 чалавек. Летась за такі ж перыяд здарылася 52 пажары, загінуўшых было пяць чалавек.

Устаноўлена, што 7 з 8 загінуўшых на момант узнікнення пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Пяць чалавек загінулі па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Па аднаму трагічнаму выпадку здарылася з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення, а таксама – выкарыстання малакаларыйнай крыніцы абагравання.

Загінуўшыя не стаялі на прафілактычным уліку ў адпаведнасці з арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» у Стаўбцоўскім РАУС, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў адносінах да іх не былі прыняты.

Указаныя факты сведчаць аб недастатковым узроўні прафілактычнай работы, накіраванай на папярэджанне ўзнікнення пажараў і гібелі людзей на іх, з боку выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама аглядавых камісій.

Згодна з рашэннем Мінскага аблвыканкама ад 24.01.2014 № 35 «Аб выкананні ў 2013 годзе абласнога плана мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх і задачах на 2014 год» на пасяджэнні Стаўбцоўскага райвыканкама прынята рашэнне № 794 ад 06.06.2014 і зацверджаны адпаведны раённы план мерапрыемстваў на 2014 год.

Зацвярджэнне раённага плана толькі ў чэрвені, праз пяць месяцаў з пачатку года, выклікала ў большасці выпадкаў нясвоечасовае выкананне запланаваных аблвыканкамам і даручаных райвыканкаму мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку пажараў, і, як вынік, павелічэнне тэрмінаў іх выканання на раённым узроўні.

Так, адным з мерапрыемстваў абласнога плана прадугледжана вызначэнне канкрэтных аб’ёмаў работ на 2014 год па аб’яднанні ў сетку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, устаноўленых у домаўладаннях сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян, або вываду сігналаў аб іх уключэнні на сігнальна-гукавое прыстасаванне. Для выканання гэтага даручэння Стаўбцоўскім райвыканкамам вызначана 348 домаўладанняў, кватэр, у якіх неабходна правесці ўказаную работу. Аднак за перыяд з чэрвеня па лістапад мінулага года  праведзена аб’яднанне ў сетку пажарных апавяшчальнікаў толькі ў 125 домаўладаннях.

Пры сельвыканкамах створаны аглядавыя камісіі, задачай якіх з’яўляецца інфармаванне зацікаўленых службаў аб неабходнасці прыняцця мер рэагавання ў адносінах да вызначаных катэгорый грамадзян, найбольш падвержаных рызыцы гібелі на пажарах, а таксама агляды супрацьпажарнага стану домаўладанняў, правядзення сельскіх сходаў. Аднак работа аглядавых камісій на падведамасных тэрыторыях вядзецца на недастатковым узроўні. Так, правядзенне пажарна-прафілактычнай работы з боку большасці аглядавых камісій сельвыканкамаў, у тым ліку Вішнявецкага, Старасвержанскага, Дзераўнянскага, Заямнаўскага і Шашкоўскага, дапускаецца без запрашэння зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі, без уручэння наглядна-маляўнічай прадукцыі і тлумачэння нормаў і правілаў пажарнай бяспекі. Грамадзянам па выніках наведвання  дакументы аб прывядзенні ў пажарабяспечны стан домаўладанняў не ўручаюцца.

У лістападзе мінулага года пракуратурай раёна сумесна з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях праведзены маніторынг жылых дамоў і падвальных памяшканняў, якія знаходзяцца на абслугоўванні РУП «Стаўбцоўскае АКС», наконт іх належнага ўтрымання і захавання правілаў  пажарнай бяспекі. Устаноўлена, што службовымі асобамі прадпрыемства дапускаюцца парушэнні патрабаванняў дзеючага заканадаўства. Так, у ходзе абследавання шматкватэрных жылых дамоў устаноўлена, што размешчаныя ў іх памяшканні цеплавых вузлоў затоплены каналізацыйнымі водамі, у падвальных памяшканнях дапускаецца захоўванне будаўнічых і бытавых адходаў, выяўлена працяканне ў запорных арматурах (засоўках) сістэмы ацяплення. Акрамя таго, нягледзячы на парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, у радзе жылых дамоў дапускаецца выкарыстанне размеркавальных каробак, размешчаных у падвальных памяшканнях, якія знаходзяцца ў адкрытым стане, а таксама эксплуатацыя свяцільнікаў з лямпай накальвання без ахоўных шкляных плафонаў. У падвальным памяшканні жылога дома № 2-а па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах дапускаецца эксплуатацыя электрычнай праводкі з пашкоджанай ізаляцыяй.

Пракуратурай раёна па выніках маніторынгу дырэктару РУП «Стаўбцоўскае АКС» унесена прадстаўленне, у выніку якога тры службовыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Такім чынам, стан пажарнай бяспекі на тэрыторыі раёна сведчыць аб наяўных упушчэннях і недахопах у рабоце ў даным накірунку з боку  як суб’ектаў прафілактыкі, так і адказных службовых асоб арганізацый і прадпрыемстваў раёна, у незабеспячэнні паўнаты і якасці праведзеных мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў, а таксама недастатковай каардынуючай і кантрольнай дзейнасці з боку Стаўбцоўскага райвыканкама.

Найбольш падвержанымі рызыцы загінуць у агні з’яўляюцца людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Указаная катэгорыя асоб не цікавіцца інфармацыяй,  што распаўсюджваецца ў сродках масавай інфармацыі, не наведвае сельскія сходы, перашкаджае абследаванню сваіх домаўладанняў.

Па выніках аналізу на адрас старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама накіравана інфармацыйная запіска аб стане пажарнай бяспекі на тэрыторыі раёна і прыняцці дадатковых мер, накіраваных на мінімізацыю колькасці пажараў і іх ахвяр, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пажарнай бяспецы».

А. КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *