Лепш не адчыняць дзверы незнаёмым

Ахова правапарадку Нумары

Напрыканцы 2014 года адбылася прамая тэлефонная лінія з начальнікам раённага аддзела міліцыі Іванам МамайкаМ.

Яўгенія Жытко з Засулля звярнулася са сваёй праблемай: аддала на перацяжку канапу, але, калі яе даставілі, не задаволіў дызайн. Гэты ж прадпрымальнік забраў канапу назад. Было гэта ў сакавіку 2014 года, і з таго часу яе ніхто не вяртае. Ні першы, ні другі раз дагавор не быў заключаны.

– Пастараемся разабрацца, хаця ваша пытанне больш адносіцца да судовага разбору. Каб застрахаваць сябе ад махлярскіх дзеянняў, варта ведаць наступнае: калі вы заключаеце здзелку з юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, абавязкова патрабуйце ад іх заключэння дагавору на аказанне паслугі, а пры аплаце – выдачу чэка. Даныя дакументы спатрэбяцца вам, калі ўзнікне неабходнасць звярнуцца з іскам у суд.           

Нядаўна двое невядомых зайшлі ў дом пажылога чалавека, забралі ўсе зберажэнні… Злачынцы ўжо ўстаноўлены?

– Злачынствы па аналагічнай схеме зафіксаваны і ў іншых рэгіёнах  рэспублікі. Над гэтым пытаннем працуем. Пажылым людзям, асабліва тым, хто пражывае адзін, іх дзецям не раз тлумачылі пра неабходнасць не губляць пільнасці. Нельга адкрываць дзверы незнаёмым, якія могуць прадстаўляцца работнікамі дзяржорганаў, сацыяльнай або камунальнай службаў. Тыя дзве жанчыны, якія зайшлі да пажылога стаўбчаніна, акурат і прадставіліся работнікамі сацыяльнай службы і паведамілі, што будуць абменьвацца 200-тысячныя купюры. Такім чынам яны завалодалі больш чым 10 мільёнамі рублёў. Быў нават такі выпадак, калі ў пажылога чалавека папрасілі адкрыць дзверы для цяжарнай жанчыны: ёй нібыта стала дрэнна, трэба папіць. Пакуль тая піла ваду, яе напарніца ўкрала грошы. Раскрыць гэтае злачынства нам удалося па адбітках пальцаў, што засталіся на кубку. Настойліва раю не адкрываць дзверы незнаёмым, не ўступаць з імі ні ў якія кантакты. Калі чуеце пагрозы, наспявае канфлікт, набірайце нумар дзяжурнай часці – 102.           

Чуў, што ў раёне выяўлены новыя карупцыйныя факты.  

– Аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі працуе над гэтым пытаннем. Сапраўды, ёсць свежыя факты. Сярод іх, напрыклад, крадзеж бетоннай сумесі групай работнікаў ПМК-233. Злачынныя дзеянні працягваліся амаль год. Крымінальная справа ўзбуджана таксама і ў адносінах да былога дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра, якая, будучы на пасадзе, «прыватызавала» амаль 900 літраў паліва. Калі ў вас ёсць інфармацыя аб эканамічных і іншых злачынствах, паведамляйце нам па тэлефонах даверу.   

Што робіцца міліцыяй, каб спыніць распаўсюджванне спайсаў, іншых наркотыкаў сярод моладзі раёна?

– У 2014 годзе міліцыя адэкватна рэагавала на сітуацыю, якая склалася ў раёне ў сувязі з ростам так званых цяжкіх наркотыкаў, спайсаў. Узбуджана 30 крымінальных спраў (у 2013 годзе – 14), з іх 10 – па фактах збыту наркотыкаў. Напрыклад, жыхара нашага раёна, раней судзімага за збыт наркотыкаў, прыйшлося затрымліваць у  Барысаве. Калі ён вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, паспрабаваў паўторна наладзіць дылерскую сетку збыту гераіну, які набываў у Маскве. Паколькі раней мы затрымалі ў Стоўбцах яго напарніка (ён дастаўляў амфетамін з Санкт-Пецярбурга), то гэты збытчык падстрахаваўся «групай падтрымкі». З ім у аўтамабілі ехалі маладыя людзі, якія планавалі расфасаваць гэты гераін па пакеціках, не даязджаючы да Стоўбцаў, і далей дабірацца з крымінальным таварам на папутках. Але нечакана для іх яны затрыманы  па дарозе з  Барысава. На даны момант у вытворчасці ў нас таксама ёсць матэрыялы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.

Турбуе тое, што, акрамя спайсаў, нагадвае пра сябе такі від наркатычнай сыравіны як галюцінагенныя грыбы, за збор, захоўванне і перапрацоўку якіх таксама прадугледжана крымінальная адказнасць. У 2014 годзе выяўлены тры падобныя факты на тэрыторыі раёна. Займаліся імі жыхары Мінска. У адносінах да іх узбуджаны крымінальныя справы, арыштаваны два транспартныя сродкі. Бацькам раю звяртаць увагу на тое, што прывозяць з сабою дзеці-студэнты, што  кураць, бо ўжыванне курыльнай сумесі разам, напрыклад, са спіртным, можа закончыцца трагічна.

Знаёмая просіць мой пашпарт. Маўляў, хачу выпісаць па тваім пашпарце дровы са скідкай, бо ў цябе ёсць група інваліднасці. Ці можна верыць гэтаму?  

– Лепш не давяраць свой пашпарт нікому старонняму. Чым гэта можа для вас закончыцца, прывяду яскравы прыклад. Міліцыяй расследуецца крымінальная справа аб махлярстве, калі жанчына пенсіённага ўзросту «пазычала» пашпарты па чарзе ў сваіх суседзяў і афармляла па іх банкаўскія крэдыты на суму 5-10 мільёнаў рублёў. Набрала грошай многа і, каб не вяртаць іх, прыстасавалася перакрываць пазыкі новым крэдытам.

У дзяжурнай часці РАУС (на здымку) вас гатовы выслухаць, вам гатовы дапамагчы.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ    

 

У НОВЫ ГОД – БЕЗ ПАРУШЭННЯЎ

У снежні мінулага года Дзяржаўтаінспекцыя раёна правяла адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам  –  «У новы год –  без парушэнняў!», а таксама працягвае актыўны ўдзел у абласной прафілактычнай акцыі «Бяспечныя канікулы», якая праходзіць з 19 снежня па 11 студзеня.

Як сведчыць статыстыка, за мінулы год на дарогах Мінскай вобласці зарэгістравана 88 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, у якіх восем дзяцей загінулі і 89 – атрымалі траўмы.  Па-ранейшаму застаецца высокай удзельная вага аўтааварый з удзелам пешаходаў. І адна з асноўных прычын іх –  ігнараванне правіл дарожнага руху самімі пешаходамі. Да прыкладу, пераход вуліцы ў неўстаноўленых месцах, нечаканы выхад на праезджую частку з-за прадметаў, якія абмяжоўваюць вадзіцелю бачнасць, перабяганне вуліцы на забаронены сігнал святлафора і т. п. Некаторыя пешаходы не лічаць патрэбным абазначаць сябе ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі.

Так, 8-га лістапада каля 18.30 на 118-м км аўтадарогі Парачаны – Навагрудак – Нясвіж, паблізу Новай Вёскі, вадзіцель аўтамабіля «Хундай» учыніў наезд на пешахода, які не быў абазначаны флікерам. Ад атрыманых траўмаў пацярпелы памёр на месцы здарэння. 22-га лістапада каля 21.10 на 285-м км аўтадарогі М1, паблізу Заямнага, вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген» таксама наехаў на неабазначанага пешахода, які пераходзіў праезджую частку ў неўстаноўленым месцы. Пешаход атрымаў цялесныя пашкоджанні.               

Памятаць  аб правілах дарожнага руху і няўхільна выконваць іх павінны і дзеці, і іх бацькі. Бацькам неабходна пастаянна нагадваць сваім дзецям гэтыя правілы і, абавязкова, падаваць асабісты добры прыклад.

Іван НЯКРАСАЎ,

дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

ДЗІЦЯ – ГАЛОЎНЫ ПАСАЖЫР

У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь адносна перавозкі дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў у аўтатранспартных сродках з абавязковым выкарыстаннем дзіцячых  утрымліваючых прыстасаванняў, якія ўступаюць у сілу 16.01.2015, Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці сумесна з арганізацыйнай структурай па г. Мінску і вобласці ДТСААФ і СААТ «Транс Еўра Трэйдынг» (гандлёвай маркай Моthercare) 11.01.2015 правядзе прафілактычную акцыю-конкурс «Дзіця – галоўны пасажыр!» на аўтамабільнай стаянцы гандлёва-забаўляльнага комплексу «Экспабел» па адрасе: г. Мінск, скрыжаванне вуліцы Мірашнічэнкі і МКАД.

У рамках акцыі плануецца правядзенне наступных конкурсаў: «Аказанне даўрачэбнай дапамогі пацярпелым», «Фігурнае ваджэнне аўтамабіля», «Устаноўка дзіцячага ўтрымліваючага прыстасавання і прышпільванне дзіцяці», а таксама конкурс «Ці гатовы ваш аўтамабіль да зімы?»

Мы запрашаем усіх вадзіцеляў, якія маюць пасведчанне катэгоры «В». Пераможцаў чакаюць прызы і падарункі. Пачатак у 10.00.

УДАІ УУС Мінаблвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *