Ваша здароўе

Медыцына Нумары

НА СВАІМ ПАСТУ

Філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы – адзіны сярод прадпрыемстваў раёна, дзе не першы год дзейнічае пункт аховы здароўя. Працуе на ім калектыў вопытных медыкаў.

Прызнаны спецыяліст сваёй справы – фельчар Софія Меляшкевіч. Яе медыцынская дасведчанасць, прафесійная інтуіцыя разам з аснашчэннем пункта неабходным абсталяваннем для ранняй дыягностыкі дазваляюць служыць людзям эфектыўна і плённа, так, што кожны ў гэтай міжвольнай звязцы «медыцынскі работнік – пацыент» атрымлівае ад кантакту ўзаемную асалоду. А пачуццё задаволенасці, душэўнага камфорту, як вядома, станоўча ўздзейнічаюць на працэс выздараўлення пацыента і хутчэйшае вяртанне яго да паўнацэннага жыцця, на сваё рабочае месца. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота Васіля ЗЯНЬКО 

 

МЕСЯЧНІК ПРЫГОЖАЙ УСМЕШКІ

Арганізм чалавека – адзінае цэлае, і любы паталагічны працэс у адным органе адбіваецца на іншых. У тым ліку і на зубах.

Даказана, што прычынай розных сістэмных хвароб можа з’яўляцца наяўнасць паталагічных працэсаў як у зубах, так і ў прылеглых да іх участках.

У здаровага чалавека ў роце маюцца бактэрыі, якія ён пастаянна глытае. Нягледзячы на тое, што карыес зубоў і захворванні дзяснаў не з’яўляюцца прычынай страўнікава-кішэчных расстройстваў, пры асобых відах захворванняў, такіх як множны карыес, хранічны гінгівіт і перыдантыт, хейліты (захворванні губ), танзіліты і фарынгіты, значна павялічваецца колькасць мікробнай флоры рота. Адсутнасць гігіены рота і зубныя пратэзы яшчэ больш садзейнічаюць пранікненню інфекцыі ў арганізм. Акрамя таго, разбураны зуб ці хваробы дзяснаў з’яўляюцца пярвічным ачагом інфекцыі, ходам для пранікнення бактэрый і прадуктаў іх жыццядзейнасці ўнутр арганізма па крывяноснай і лімфатычнай сістэмах.

На сучасны момант устаноўлена ўзаемасувязь зубных ачагоў інфекцыі з хваробамі сэрца, крывяноснай сістэмы, артрытаў, нырак, вачэй. Трэба адзначыць, што хваробы поласці рота маюць уздзеянне на цячэнне такіх захворванняў як цукровы дыябет, туберкулёз, хоць і не з’яўляюцца непасрэднай прычынай гэтых захворванняў.

Як жа не дапусціць развіцця хвароб? Тут на першы план выходзіць прафілактыка развіцця карыесу і хвароб дзяснаў. Прафілактыку гэтых станаў можа зрабіць сам чалавек, і гэта не патрабуе складаных медыцынскіх умяшальніцтваў. Трэба ўзяць за правіла рэгулярную двухразовую чыстку зубоў раніцай і вечарам, ачышчэнне зубных пратэзаў. Важна правільнае выкананне працэдуры. Зубную шчотку змяшчаюць гарызантальна на дзясне пад вуглом 45 градусаў на самы апошні зуб верхняй сківіцы злева збоку ад шчакі. Пачынаюць чысціць зубы, выконваючы шчоткай 10 падмятаючых рухаў – зверху ўніз для верхняй сківіцы. Затым зрушваюць на адзін зуб і паўтараюць яшчэ 10 рухаў. Так, паступова перамяшчаючыся, рухаюцца злева направа да супрацьлеглага боку сківіцы. Затым чысцяць унутраную паверхню зубоў – шчотка размяшчаецца з боку паднябення гарызантальна пад вуглом 45 градусаў на самы апошні зуб верхняй сківіцы справа. Затым ачышчаюць жавальныя паверхні зубоў верхняй сківіцы – зубная шчотка ўстанаўліваецца на паверхню верхніх левых зубоў і робяцца гарызантальныя рухі ўзад-уперад у межах двух-трох зубоў, паступова зрушваючыся на адзін зуб уперад. У аналагічным парадку ачышчаюцца зубы ніжняй сківіцы. Чыстка заканчваецца кругавымі рухамі па шчочных і губных паверхнях пры сашчэпленых сківіцах з захопам зубоў, дзяснаў і перамяшчэннем шчоткі злева направа. Прапаласкаць рот вадою. Калі маюцца зубныя пратэзы, не трэба забываць чысціць іх, бо на іх таксама назапашваюцца харчовыя рэшткі і мікраарганізмы. Іх абавязкова трэба апалоскваць праточнай вадой пасля кожнага прыёму ежы.

Калі ж у вас ёсць праблемы ў поласці рота, вам неабходна стаматалагічная дыягностыка і, пры наяўнасці праблем, санацыя поласці рота. Яна заключаецца ў выдаленні зубных адкладанняў, замене непаўнацэнных пломбаў, няздымных і здымных пратэзаў, выдаленні каранёў зубоў і зубоў, якія не падлягаюць лячэнню, а таксама зубоў мудрасці з хранічным перыкаранарытам, комплекснае лячэнне захворванняў дзяснаў, санацыя ачагоў інфекцыі ў ЛОР-органах у адпаведных спецыялістаў.

Прывучыце сябе абавязкова два разы на год з мэтай прафілактыкі наведваць стаматолага. Здаровай вам усмешкі!

Эдвард СТАНКЕВІЧ, загадчык стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы

 

АБ ІНФЕКЦЫЯХ ТРЭБА ВЕДАЦЬ

Падчас прамой лініі, праведзенай загадчыцай аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірынай Пятровіч, былі зададзены пытанні адносна інфекцый, якія могуць стаць небяспечнымі для нас, калі не прымаць меры перасцярогі.

Сітуацыя з шаленствам     

У 2014 годзе зарэгістраваны шэсць выпадкаў шаленства жывёлы: дамашняга сабакі ў вёсцы Задвор’е, ката ў горадзе Стоўбцы, бяздомнага сабакі ў вёсцы Варацішча, трох ліс у вёсках Раёўшчына і Целяхі.

Шаленства – гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое прыводзіць да смяротнага зыходу. Яно выклікаецца спецыфічным вірусам, які характарызуецца цяжкім паражэннем нервовай сістэмы, вадабояззю, з’яўленнем сутаргаў і паралічу. На тэрыторыі рэспублікі інфекцыю распаўсюджваюць лісы, ваўкі, янотападобныя сабакі, кошкі і сабакі, сельскагаспадарчая жывёла. У хворай жывёлы вірус утрымліваецца ў сліне. Характэрным прызнакам захворвання трэба лічыць змяненне паводзін у жывёлы – злосная жывёла становіцца ласкавай, дамашняя – злоснай, дзікая жывёла ідзе на кантакт з чалавекам. Захворванне чалавеку перадаецца праз укусы, драпіны, слізістую абалонку вачэй, поласці рота, носа.

Калі вас пакусала жывёліна, патрэбна добра прамыць раны вадою з мылам і тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу для вырашэння пытання аб мэтазгоднасці назначэння курса прышчэпак. Курс вакцынацыі складаецца з пяці прышчэпак, якія з’яўляюцца адзінаю мераю абароны ад шаленства.

Трыхінелёз

У лістападзе 2014 года ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана ўспышка трыхінелёзу з агульнай колькасцю пацярпелых 20 чалавек, з іх чацвёра дзяцей. Усе пацярпелыя сцвярджаюць, што ў гасцях у знаёмага падчас застолля ўжывалі мясныя стравы.

Трыхінелёз – гэта хвароба, якая выклікаецца паразітаваннем у мышачнай тканіне жывёлы і чалавека лічынак гельмінта – трыхінел, нябачных няўзброеным вокам. Заражэнне людзей адбываецца пры ўжыванні ў ежу заражанага мяса дзікоў і дамашніх свіней. Захворванне праяўляецца не адразу – праходзіць інкубацыйны перыяд, які доўжыцца ў сярэднім два тыдні.  З’яўляюцца высокая тэмпература, мышачныя болі, ацёкі павек і твару, бывае, далучаюцца скураныя высыпанні і кішэчныя расстройствы.

Каб пазбегнуць заражэння, трэба памятаць, што санітарнымі нормамі забараняецца ўжываць у ежу мяса драпежных жывёлін, дамашніх і дзікіх, без папярэдняй ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Дыягнастычныя даследаванні мяса і мясапрадуктаў можна правесці ў ветэрынарнай лабараторыі санітарна-ветэрынарнай экспертызы па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Мічурына, 1, тэл. 5-31-49.

Ліхаманка Эбала

Паводле афіцыйнай інфармацыі на канец 2014 года агульная колькасць пацярпелых ад успышкі ліхаманкі Эбала ў Заходняй Афрыцы складае каля 16 тысяч чалавек, у тым ліку зарэгістравана каля 5700 лятальных зыходаў. Па ацэнках спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя найбольш адэкватныя супрацьэпідэмічныя меры, накіраваныя на лакалізацыю ўспышкі, праводзяцца ў Гвінеі, дзе працягвае работу спецыялізаваная супрацьэпідэмічная брыгада Расспажыўнагляду. Высокі ўзровень лабараторнай дыягностыкі, ізаляцыя пацярпелых і строгае выкананне патрабаванняў біябяспекі пры пахаванні загінуўшых дазволілі дабіцца стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі.

Ліхаманка Эбала – вострае віруснае высокакантагіёзнае інфекцыйнае захворванне з узроўнем лятальнасці 90 працэнтаў. Спецыфічныя сродкі для лячэння і прафілактыкі данай інфекцыі на сучасны момант не распрацаваны. Захворванне пачынаецца са слабасці, галаўнога болю, боляў у горле, мышцах, жываце, дыярэі.  Развіваюцца прызнакі абязводжвання. Характэрна хуткая генералізацыя інфекцыі з развіццём агульнай інтаксікацыі і масіўных кровацячэнняў. Перадача інфекцыі адбываецца пры прамым кантакце з крывёю і іншымі біялагічнымі вадкасцямі і тканкамі хворых. Уваходнымі варотамі інфекцыі з’яўляюцца слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і мікратраўмы скуры.

З сакавіка мінулага года Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь праводзіць комплекс мер па папярэджанні завозу і распаўсюджвання ліхаманкі Эбала на тэрыторыі нашай краіны. Так, у пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу праводзіцца санітарна-каранцінны кантроль з выкарыстаннем прыстасавання для дыягнастычнай тэрмаметрыі. Акрамя таго, забяспечаны кантроль за гатоўнасцю медыцынскай службы да арганізацыі правядзення супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэкамендуе пазбягаць неабгрунтаваных выездаў да паляпшэння эпідабстаноўкі.

Праблема вірусных гепатытаў

На сучасны момант вядома 9 вірусаў, што выклікаюць гепатыты. Найбольш вывучана пяць асноўных тыпаў: А, Е, В, С і Д.

Вірусныя гепатыты, выкліканыя вірусамі А і Е, можна аднесці да хвароб «брудных рук». Яны часта працякаюць у вострай форме.

Вірусныя гепатыты В, С і Д перадаюцца ў выніку кантактаў з крывёю ці выдзяленнямі заражанага чалавека, а таксама пры неабароненых палавых кантактах. Таксама магчыма заражэнне дзіцяці інфіцыраванай маці падчас родаў. Небяспека парэнтэральных гепатытаў заключаецца ў іх схільнасці да развіцця хранічнай інфекцыі, пры якой вірус, што захоўваецца ў арганізме чалавека доўгі час, незаўважна разбурае печань. У часткі інфіцыраваных пасля заражэння захворванне праяўляецца даволі ярка: з’яўляецца жаўтушнасць скуры, змяняецца колер мачы і калу, адзначаецца павелічэнне печані і іншыя сімптомы.

Меры прафілактыкі вірусных гепатытаў А і Е не адрозніваюцца ад мер прафілактыкі вострых кішэчных інфекцый. Найбольш эфектыўнай прафілактыкай віруснага гепатыту В з’яўляецца вакцынацыя.

Дзе прайсці абследаванне на ВІЧ?

Рэспубліка Беларусь займае сёмае месца сярод краін былога СССР па тэмпах распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі. Па стане на 1 лістапада 2014 года ў нашай краіне зарэгістравана 17102 выпадкі ВІЧ-інфекцыі. У Стаўбцоўскім раёне зарэгістравана 23 выпадкі.

Бясплатнае, у тым ліку ананімнае абследаванне на СНІД можна прайсці ў працэдурным кабінеце № 321 райпаліклінікі  ў рабочыя дні з 8 да 18 гадзін. Для кансультацыі можна звярнуцца ў гарадскую паліклініку да ўрача-інфекцыяніста, дэрматавенеролага, гінеколага, уролага.

 

СПАЙСЫ: ПРАЎДА І МІФ

Тэма спайсаў сёння знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Жудасныя гісторыі аб трагічных выніках ужывання курыльных сумесяў. Школьнікі сёння – самая вялікая група рызыкі.

У рамках правядзення савета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на базе ДУА «Горкаўская сярэдняя школа» прайшло ток-шоу «Форум» па тэме «Спайсы: праўда і міф». У ролі вядучай была настаўніца рускай мовы і літаратуры Яніна Душкевіч.

У абмеркаванні праблем прынялі ўдзел нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы  Сяргей Карэлін, супрацоўнік РАУС – інспектар па справах непаўналетніх Міхаіл Турко, участковы інспектар Аляксандр Кільчэўскі, настаяцель Вішнявецкай царквы айцец Генадзій, старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч, валеолаг РЦГіЭ Ала Шыдлоўская, псіхолаг сацыяльна-тэрытарыяльнага цэнтра Вераніка Кажамяка, загадчыца Горкаўскага ФАП Ірына Агароднік, педагог сацыяльны Горкаўскай СШ Ларыса Гіраеўская, вучні-старшакласнікі.

Ёсць прычына біць трывогу. Паводле сцэнарыя ток-шоу вучаніцы 11 класа Юлія Агароднік і Кацярына Курдун выступілі ў ролях Наркаманіі, якая гуляе па краіне, і Хворай душы маці, якая пакутуе ад страты адзінага сына. Да месца прыйшоўся дыялог-споведзь, падчас якога вучні лічаць сябе вінаватымі ў смерці ад ужывання спайсаў аднакласніка.

Ніхто з удзельнікаў ток-шоу «Форум» не застаўся абыякавым. Дадзены яшчэ адзін асветніцкі бой наркотыкам. Спадзяёмся, што шырокае інфармаванне гэтай тэмы здольна змяніць сітуацыю ў лепшы бок.

Святлана ГАЎРУК, член гуртка «Юны карэспандэнт»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *