Да 75-годдзя раёна. З вёскай павязаны лёсам

Людзі і лёсы Нумары

У вёсках нашага раёна налічваецца нямала людзей шаноўнага ўзросту, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё працы ў сельскай гаспадарцы. Многія з іх унеслі  немалы ўклад у развіццё раёна, якому спаўняецца  75 гадоў. Адны з’яўляюцца яго равеснікамі або крышку старэйшыя ці маладзейшыя, але ўсіх іх аб’ядноўвае нялёгкі жыццёвы і працоўны шлях.

Іван Паляшук з кагорты гэтых людзей. Пачаў сваю працоўную дзейнасць падлікоўцам на механізаванай трактарнай станцыі, якая размяшчалася ў Заямным. Пасля заканчэння сямігодкі паступаў вучыцца ў сельскагаспадарчы тэхнікум, але не прайшоў па конкурсе і  вымушаны быў шукаць работу. Асаблівай альтэрнатывы ў вясковага хлопца не было, і калі брыгадзір прапанаваў Івану гэтую справу, ён з радасцю згадзіўся.

– Плацілі нямнога, але і работа была няцяжкая, – успамінае Іван Канстанцінавіч. – Праводзіў абмер заараных механізатарамі палёў і кожны тыдзень здаваў справаздачу ў бухгалтэрыю. Абслугоўваў і свой родны калгас імя Молатава. І ведаеце, неяк прывык, падабалася мне працаваць. Старшыня калгаса  бачыў, што я няблага спраўляюся са сваімі абавязкамі, і ўзяў  у гаспадарку намеснікам галоўнага бухгалтара. Раней жа большасць бухгалтараў былі самавучкамі, і я сам на лічыльніках навучыўся лічыць. Гэта таксама адыграла сваю ролю.

Аднак занятая пасада вымушала Івана Палешука вучыцца. Ён завочна паступае на  курсы бухгалтараў пры ЦСУ БССР, пасля заканчэння якіх яму выдалі пасведчанне.   А пасля аб’яднання дзвюх гаспадарак, калгасаў імя Молатава і імя Сталіна, у адну, ён атрымлівае павышэнне – становіцца галоўным бухгалтарам.

– На той час ужо быў жанаты, – падкрэслівае суразмоўца, – і жонка сказала, што трэба вучыцца далей, маўляў, з курсамі доўга на пасадзе не пратрымацца. Яна выкладала ў школе матэматыку і дапамагла мне падрыхтавацца да экзамену. Усё склалася добра, без адрыву ад вытворчасці   скончыў Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымаў дыплом па спецыяльнасці бухгалтар-эканаміст.

Узначальваў Іван Паляшук бухгалтарскую службу на працягу сямнаццаці гадоў, пакуль не падвяло здароўе. Пасля аперацыі на сэрцы з пасадай прыйшлося развітацца, але ён застаўся ў прафесіі і да самай пенсіі працаваў намеснікам галоўнага бухгалтара. Мае стажу ў адной гаспадарцы звыш сарака гадоў. Станаўленне калгаса праходзіла на вачах і з непасрэдным удзелам галоўнага спецыяліста, які надзейна трымаў у руках калгасную «касу».

– Разам са старшынёй рашалі, як правільна грашовыя сродкі выкарыстаць, бо не так  многа іх мелі, – успамінае  Іван Канстанцінавіч, – а трэба было будаваць фермы, збожжасклад, набываць тэхніку. Вельмі хацелася механізаваць ручную працу. І паціху ўсё рабілася. У калгасе некалі працавала каля пяцісот чалавек. Бульбу вырошчвалі на 200-250 гектарах,  ад яе рэалізацыі мелі неблагую капейку. 

Паступова быт вяскоўцаў наладжваўся. Людзі пачалі атрымліваць да працадзён і даплату грашыма. Па словах Івана Канстанцінавіча, неўзабаве «выбіліся» на неблагія заробкі. На свой аклад ён мог не толькі карміць сям’ю, а  нават і купіць матацыкл. Па выніках вытворчага года за добрасумленную работу людзі атрымлівалі прэміі. Заахвочваліся не толькі матэрыяльна, а і маральна. У сямейным архіве Івана Палешука захоўваюцца юбілейны медаль «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна», ганаровыя граматы, яму прысвоена званне «Ветэран працы».

Іван Канстанцінавіч і сёння трымае сувязь з гаспадаркай. Штомесяц наведваецца ў бухгалтэрыю, цяпер ужо адкрытага акцыянернага таварыства. Прыходзіць у аддзяленне ашчаднага банка заплаціць за камунальныя паслугі і заходзіць да дзяўчат. Тут яго добра памятаюць і заўжды прывячаюць.   Добрыя стасункі ў былога спецыяліста і з сённяшнім галоўным бухгалтарам ААТ «Каганец» Геленай Грамыка, якой некалі перадаў справы і накоплены багаты вопыт. Не забываецца аб былым работніку і кіраўніцтва. Ідуць насустрач, калі ёсць у пажылога чалавека якая патрэба. На сходы запрашаюць. Калі адзначалася 70-годдзе з дня ўтварэння гаспадаркі, падарылі насценны гадзіннік з лагатыпам таварыства. Ён не толькі дакладна адмярае час, а і нагадвае аб далёкіх, але такіх блізкіх сэрцу гадах, калі быў малады і здаровы.

– І ўсё ж такі цікава мы жылі, хоць і не было асаблівага дастатку, – і ў вачах пажылога чалавека раптам ўспыхнулі іскрынкі. – Я быў сакратаром парткама, выконваў і іншую грамадскую работу. Праводзілі  многа    мерапрыемстваў, і палітычных у тым ліку. Хадзілі на сходы, як на свята – заўжды набіралася поўная зала. Акрамя асноўнай мы выконвалі розную работу: малацілі збожжа, зграбалі сена, капалі бульбу, палолі цукровыя буракі і т. п. Рабілі ўсё гэта з энтузіязмам, што ў будучым жыць будзе лепш. І не скажу, што дрэнна жыву. Усяго хапае. Пенсія неблагая. Той, хто хоча зарабіць, заўсёды заробіць, было б жаданне працаваць. Вось гавораць, што зарплата ў таварыстве малая, а я скажу, што ненамнога больш атрымліваюць і тыя, хто паехаў у горад. Зразумела, яны маюць два выхадныя, але ж ім трэба штодзень дабірацца да райцэнтра. А што сабе думаюць тыя, хто ідзе «калыміць». Не клапоцяцца яны аб старасці. Аб тым, што пенсію   будуць налічваць толькі тады, калі  пятнаццаць гадоў адпрацуеш.

Іван Паляшук летась адзначыў свой чарговы жыццёвы юбілей. Прыехалі дзеці, унукі, праўнук і зрабілі для  бацькі і дзядулі сапраўднае свята. Накрылі багаты стол і шчыра віншавалі, жадаючы моцнага здароўя. Іван Канстанцінавіч ганарыцца сваімі сынамі, абодва атрымалі вышэйшую тэхнічную адукацыю і працуюць у Мінску. А ўнукі проста парадавалі – трое пайшлі па слядах дзеда, а малодшая ўнучка займаецца на другім курсе «ін’яза».

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *