Святочныя дні Ражджаства Хрыстовага ў Стаўбцоўскім Свята-Аннінскім храме былі ўпрыгожаны прыездам епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла. Першае знаёмства з правячым архіерэем адбылося нечакана: падчас урачыстага прыёму архіпастыра з хлебам-соллю Уладыка прыняў знакі гасціннасці і з любоўю ўручыў па ружы ўсім, хто яго сардэчна сустракаў: намесніку старшыні райвыканкама Сяргею Шэсцелю, іншым прадстаўнікам райвыканкама, старасце прыхода Сяргею Мураўёву, загадчыцы іконнай лаўкі Яўгеніі Горбач і іншым прыхаджанам. Такое благаславенне сагрэла ўсіх і зблізіла.
У гэты святочны дзень падчас Бажэственнай літургіі епіскапу Паўлу саслужылі благачынны протаіерэй Аляксандр Марцінчык і ўсе свяшчэннаслужыцелі Стаўбцоўскага благачыння, благачынны Маладзечанскай царкоўнай акругі протаіерэй Віталій Багданёнак са свяшчэннаслужыцелямі.
Пасля святочнай службы епіскап Павел адказаў на пытанні журналістаў.
– Ваша Праасвяшчэнства, у чым асноўная мэта рэарганізацыі, у выніку чаго ў Беларускай Праваслаўнай Царквы з’явіліся новыя епархіі, у ліку якіх Маладзечанская і Стаўбцоўская?
– Свяцейшы Патрыярх Кірыл бачыць Царкву ў такім вобліку, што архіерэй павінен мець зносіны не толькі са сваімі свяшчэннаслужыцелямі, а таксама і з прыхаджанамі, каб была такая цесная сувязь. У маёй епархіі 118 прыходаў – кожны патрэбна наведаць, у кожным паслужыць, пагутарыць з прыхаджанамі. Колькі гэта зойме па часе? Гэта не было раздзяленне, як некаторыя думаюць, а ўзбагачэнне. Царква не дзеліцца, Царква памнажаецца. Гэтак жа як у нас растуць прыходы, мы ж не гаворым, што якісьці прыход раздзяліўся на два. Мы гаворым, што стварыўся новы прыход. Так жа мы не дзелім епархіі, а ствараем новыя, каб епіскап мог памножыць свяшчэннаслужыцеляў, свяшчэннаслужыцелі будуць будаваць новыя храмы. Патрыярх Кірыл сказаў, што храмы павінны быць у крокавай даступнасці да чалавека, каб яму не прыйшлося ехаць з аднаго канца горада ў другі, каб чалавек мог спакойна дайсці ад свайго дома да храма.
– Уладыка, Стаўбцоўскі храм, які ў 2015 годзе адзначае 190-годдзе, за сваю доўгую гісторыю не раз прымаў епіскапаў. Якія пачуцці, які настрой выклікала ў Вас наведванне нашай царквы?
– Радасць адчуў. Мы пад’ехалі да храма з іншага боку, не з параднага, дзе мяне чакалі, што буду падымацца па прыступках. Я выйшаў з машыны, і мая душа ўзрадавалася: гэта сапраўды старадаўні храм, вельмі дагледжаны дзякуючы настаяцелю айцу Аляксандру. У храме старадаўнія іконы. Святыя айцы гаварылі, што храм – гэта кавалачак неба на зямлі. Уваходзячы ў храм, мы павінны ні на што не адцягваць увагу, і на малітву нас падзвігаюць святыя лікі.
Уладыка Павел цёпла павіншаваў прыхаджан са святам і паабяцаў, што будзе старацца часцей прыязджаць на службы.
У гэты дзень епіскап Павел пабыў і ў новым стаўбцоўскім Свята-Уваскрэсенскім прыходзе. Уладыка выказаў задаволенасць, як будуецца новы храм, яму спадабаўся праект і прыгожы выгляд царквы. Прыхаджанам новага прыхода Уладыка Павел наказаў берагчы свайго пастыра протаіерэя Віталія Шаркова, таму што такія свяшчэннікі на вагу золата.
Святлана ЖЫБУЛЬ
Фота Васіля ЗЯНЬКО