Стаў родным аграгарадок

Год моладзі Нумары

Для Аліны Шуцько аграгарадок Дзераўная  стаў дарагім і мілым сэрцу. Хоць аб тым, што яна застанецца тут жыць і працаваць,  нават ніколі не задумвалася. Калі напярэдадні заканчэння вучобы ў Навапольскім сельскагаспадарчым каледжы па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік размяркоўвалася на работу, то выбірала гаспадарку ў сваім раёне, бліжэй да бацькоўскай хаты. Дзяўчына родам з Заямнага. Але альтэрнатывы асаблівай не было, і Аліна спыніла свой выбар на СВК «Дзераўное». Гэтае рашэнне стала лёсавызначальным у яе далейшым жыцці.

Прынялі маладога спецыяліста ў калектыве гасцінна, «загрузілі» работай. Дзякуючы ўпартасці і старанню дзяўчына хутка асвоіла даручаныя абавязкі і вось ужо пяць гадоў  працуе бухгалтарам. Зразумела, стаж невялікі, але за гэты час яна здолела павысіць свой агульнаадукацыйны ўзровень, скончыла завочна  Горкаўскую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, дзе набыла перспектыўную спецыяльнасць эканаміста. Кіраўніцтва таварыства задаволена работай Аліны Шуцько. Можна з упэўненасцю сказаць, што яна адбылася як прафесіянал, а такія адукаваныя маладыя кадры вельмі патрэбны на вёсцы. Трэба дадаць, што Аліна актыўна ўдзельнічае і ў грамадскім жыцці, з задавальненнем бярэ ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца ў таварыстве і раёне.

Спакойная, ураўнаважаная ў любой сітуацыі, шчырая работніца набыла павагу сярод калег і працаўнікоў гаспадаркі. З ёю лёгка працаваць і прыемна размаўляць, бо падтрымае любую гутарку. Мае і адну з самых каштоўных чалавечых якасцяў – ёй уласціва дабрыня,  а таксама спагадлівасць.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *