Акцыі. Форумы. Ініцыятывы

Год моладзі Нумары

НАМІНАЦЫЯ – «ЗБОР МАКУЛАТУРЫ»

Добраахвотныя атрады школы № 3 горада Стоўбцы і гімназіі № 1 прызнаны лепшымі ў зборы макулатуры.

Напрыканцы года падведзены вынікі абласнога конкурсу па зборы другаснай сыравіны, які праводзілі дзяржаўная ўстанова «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і грамадскае аб’яднанне «БРСМ».

– З верасня па лістапад школьнікі раёна старанна збіралі макулатуру, пэт-бутэлькі, –  зазначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Найбольш сабралі другасных рэсурсаў вучні трох гарадскіх школ, а гэта агулам 29 тон 44 кг макулатуры і 760 кг пэт-бутэлек. Сярод іх вылучаны добраахвотныя атрады на базе школы № 3 і гімназі № 1, якія здалі, адпаведна, 11 тон 820 кг макулатуры і 290 кг пэт-бутэлек.  

Атрады школы № 3 і гімназіі № 1 прызнаны праможцамі конкурсу ў  намінацыях «Збор макулатуры» і «Збор пэт-бутэлек». За нераўнадушную пазіцыю і ініцыятыўны падыход школьнікаў да закліку эканоміі і беражлівасці арганізатары конкурсу ўзнагародзілі кожны з атрадаў падарункам –  турысцкай палаткай. Цудоўная прапанова на будучае лета – збірацца разам з сябрамі ў паход.

Пр

 

ЦІКАВЫЯ СУБОТЫ

У рамках праграмы мерапрыемстваў шостага школьнага дня ў СШ № 3 г. Стоўбцы кожная субота з’яўляецца насычанай і цікавай. Кожны тыдзень у гэты дзень праводзяцца розныя мерапрыемствы. Так прайшло ўжо традыцыйнае спартыўнае спаборніцтва паміж вучнямі і настаўнікамі «Спрытныя, моцныя, смелыя». На спартландыі панавала атмасфера саперніцтва. Вучні і настаўнікі дастойна спаборнічалі.  Былі вельмі цікавыя конкурсы, якія судзіў А. Сукала. Як пасля сказалі настаўнікі, час яны правялі з карысцю.

Зусім нядаўна прайшла прэзентацыя пятых класаў «Вось такія мы». Мэтай гэтага конкурсу было з’яднаць класныя калектывы, развіць камунікатыўныя здольнасці і навыкі сумеснай дзейнасці. І гэта ў вучняў  і ў іх класных кіраўнікоў атрымалася вельмі добра. Пяцікласнікі спявалі, танцавалі, расказвалі вершы, ігралі на розных музычных інструментах, удзельнічалі ў сцэнках, дзе маглі паказаць свой артыстызм і таленты. Дзеці атрымалі шмат эмоцый, таму што за імі назіралі іх першыя настаўнікі, сябры, а таксама бацькі, якія былі запрошаны на мерапрыемства.

 У конкурсе-аглядзе агідбрыгад «Мы – за здаровы лад жыцця» прынялі ўдзел вучні сёмых і восьмых класаў. Удзельнікі стараліся данесці да ўсіх гледачоў, што алкаголь, курэнне і наркотыкі –  вельмі небяспечныя. Канкурсанты рабілі гэта настолькі эмацыянальна, што іх дзеянні  не маглі не закрануць душы вучняў.

Аліна УСЕВІЧ, член гуртка «Юны журналіст»

 

ЗАДУМАЦЦА, СУПАСТАВІЦЬ

У рамках раённай прафілактычнай акцыі «Моладзь – за бяспеку!» у нашай школе прайшоў Дзень прафілактыкі негатыўных з’яў у асяроддзі моладзі, арганізатарам якога былі: аддзел адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, інспекцыя па справах непаўналетніх Стаўбцоўскага РАУС, РАНС, Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Для вучняў 5-6 класаў цікавы інтэрактыўны дыялог правяла В. Салей, прадстаўніца райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Для навучэнцаў 7-8 класаў была праведзена гутарка з прадстаўніком інспекцыі па справах непаўналетніх У. Гарохавікам. З вялікай увагай, цікавасцю і, я думаю, самае галоўнае з карысцю прайшла гутарка па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі і таксікаманіі сярод падлеткаў. Галоўнае – папярэдзіць, не дапусціць зрабіць няправільны крок. Аб гэтым жа гаварылася і на сустрэчы старшакласнікаў з прадстаўніком ТЦСАН С. Есісам. Навучэнцы прынялі актыўны ўдзел у трэнінгу «Я выбіраю..».

Гутарка-кансультацыя  «Работа сацыяльна-педагагічнага цэнтра», якую правяла Ж. Нікалаеня, прымусіла ўсіх  прысутных задумацца, супастаўляць, рабіць вывады. Яшчэ раз увага навучэнцаў  была засяроджана на кантактных тэлефонах, электронных адрасах, па якіх падлеткі могуць звярнуцца да спецыялістаў у выпадку цяжкіх жыццёвых сітуацый.

Дзень прафілактыкі ў школе завяршыўся спартландыяй «Бягом за здароўем», якую правялі вучні чацвёртых класаў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Н. Беляковіч і К. Янцалевіч.

КУШНЕР, педагог сацыяльны Дзераўнянскай сярэдняй школы

 

УРОК МІЛІЦЫІ

На класную гадзіну да адзінаццацікласнікаў школы № 2 горада завітаў прадстаўнік органаў правапарадку.

Намеснік начальніка райаддзела міліцыі па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Богач правёў для сёлетніх выпускнікоў своеасаблівы ўрок міліцыі. Хто сёння служыць у райаддзеле? Якія патрабаванні прад’яўляюцца да тых, хто носіць пагоны? Што варта ўлічваць пры выбары прафесіі міліцыянера? Да грунтоўных адказаў на гэтыя і іншыя пытанні варта дадаць узаемную зацікаўленасць. Другая гарадская школа з яе  профільнымі юрыдычнымі класамі, як вядома, служыць на працягу многіх гадоў галоўным пастаўшчыком кадраў для мясцовай міліцыі.      

Атрымаць прафесіі, запатрабаваныя ў органах правапарадку, сёння можна ў такіх вышэйшых навучальных установах сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь як Акадэмія МУС і Магілёўскі юрыдычны інстытут. З 1-га студзеня 2015 года пачынаецца кампанія па фарміраванні асабістых спраў кандыдатаў (тэл. для даведак – 5-52-99).    

 

ПАЗІТЫЎ  ДЛЯ  МАЛАДОЙ  СЯМ’І

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама ініцыіравала правядзенне Мінскага абласнога форуму клубаў маладых сем’яў, удзел у якім бралі і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны.

Наш раён прадстаўляла на форуме кіраўнік клуба маладой сям’і, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Кацярына Кураева. Кацярына, акрамя названага клуба, непасрэдна займаецца і «Школай пазітыўнага мацярынства». Будучых мамаў, сустрэчы з якімі праходзяць у цесным кантакце з урачом акушэрам-гінеколагам цэнтральнай раённай бальніцы, яна паслядоўна, індывідуальна кожную запрашае (зразумела,  пасля нараджэння дзіцяці) у клуб маладой сям’і. Такім чынам, прапануе прадоўжыць і замацаваць устаноўку на пазітыў у далейшым сямейным жыцці…

Кацярына, уражаная насычанай праграмай абласнога форуму, не прамінае заўважыць: «У тэрытарыяльным цэнтры я з лета бягучага года. Працуем у адной камандзе, творча і плённа. І пры гэтым ёсць магчымасць для самаразвіцця, прафесійнага росту».

Удзел у абласным форуме – падзея сапраўды знакавая. Праводзіцца ён упершыню. Яго ўдзельнікаў запрасілі ў Мінск, дзе з прэзентацыямі праектаў па рабоце з маладымі сем’ямі выступілі спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў, аддзелаў ЗАГС Міншчыны. Адбылося знаёмства з Домам міласэрнасці і з тымі сучаснымі духоўна-адукацыйнымі праектамі, якія рэалізуюцца ў прыходзе ў гонар Усіх Святых. Падчас круглага стала была падкрэслена асаблівая роля ў духоўна-маральным выхаванні моладзі такіх інстытутаў як царква, грамадскія арганізацыі і фарміраванні.

– Са святарамі, у прыватнасці, з айцом Аляксандрам, ксяндзом Адамам  наш цэнтр падтрымлівае самую цесную сувязь, – адзначае Кацярына. – Для сябе на заўвагу я ўзяла з форуму тое, што моладзь лепш за ўсё прыцягваць у клуб такім стымулам як цікавае правядзенне часу. Гэта дапаможа таксама перанакіраваць маладых бацькоў ад камп’ютараў на сваіх дзяцей, на больш цесныя стасункі з імі.

Як падкрэсліла Кацярына Кураева, не так даўно яна ўдзельнічала ў семінары, дзе акурат абмяркоўвалі праблемы гульнявой камп’ютарнай залежнасці. Калі нічога не мяняць, то залежнасць гэтая фарміруецца ўжо на ўзроўні падсвядомасці: учарашнія школьнікі, а сёння маладыя мама і тата амаль не выпускаюць з рук гаджэтаў і перадаюць сваю негатыўную звычку малышу з першых дзён яго жыцця. На пасяджэннях клуба маладой сям’і вядзецца абмеркаванне гэтай тэмы, падбіраюцца практыкаванні і трэнінгі, каб выявіць залежнасць. Даюцца неабходныя рэкамендцыі, як ад яе пазбавіцца, аднак малады чалавек павінен сам задумацца, перагледзець свае каштоўнасці.

Цікавыя напрацоўкі прывезла Кацярына Кураева і з семінара, які праходзіў у Салігорску – адносна постінтэрнатнага суправаджэння дзяцей-сірот. У цэлым у аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльным цэнтры гэтая тэма далёка няновая. Больш таго, на даны момант плануецца адкрыццё паслугі суправаджальнага пражывання для дзяцей-сірот. Трэба ўлічваць, што гэтую катэгорыю моладзі, пазбаўленую сямейнага выхавання, прыходзіцца  вучыць элементарнаму: як жыць асобна, траціць грошы і т. п.

Адносна нядаўна тэрытарыяльны цэнтр пачаў прадастаўляць такую сацыяльную паслугу як часовы прытулак для грамадзян, якія апынуліся ў крызісным стане. Найперш яна прадугледжана для ахвяр псіхафізічнага насілля, гандлю людзьмі, пацярпелых ад тэхнагенных катастроф і стыхійных бедстваў. Акрамя таго, такія людзі маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе, таму дзейнічаюць тэлефоны даверу: 5-54-99, 8-029-360-54-99 (вэлком), 8-033-359-54-99 (МТС). 

У нашай шчырай размове Кацярына Кураева не можа абысці ўвагай і спецыфічную праблему малога горада, да якога адносяцца і Стоўбцы, – боязь звяртацца да псіхолага. Часцей за ўсё людзі блытаюць псіхолага і псіхіятра або не вераць у канфідэнцыяльнасць інфармацыі, саромеюцца. Гэтыя страхі  неабгрунтаваныя. Важна настроіць сябе на тое, што ў кожнага з нас могуць здарацца (і сапраўды бываюць) надзвычай цяжкія, невыносныя сітуацыі, калі сваімі сіламі, без удзелу кваліфікаванага спецыяліста, знайсці выйсце з іх немагчыма. Насуперак складзеным стэрэатыпам, зварот да яго ніколькі не прыніжае чалавека. Гэта неабходна для таго, каб не заганяць сябе ў тупік, у працяглую дэпрэсію, а паўнацэнна жыць далей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *