Адзін дзень з Беларускай маладзёжнай

Год моладзі Нумары РАНС інфармуе

На Стаўбцоўшчыне ладзілася прафілактычная акцыя «Моладзь за бяспеку». У яе рамках у школе № 3 горада Стоўбцы прайшла сустрэча на тэму «Адзін дзень з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыяй выратавальнікаў-пажарных».

У госці да васьмікласнікаў і дзевяцікласнікаў прыйшлі актывісты гэтай грамадскай арганізацыі – вучні школы № 2 Вікторыя Балабушка і Дзмітрый Сідорык разам з інспектарам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольгай Салей. Спачатку яны прапанавалі для прагляду відэафільм «Школа бяспекі», а затым была своеасаблівая справаздача аб рабоце раённага аддзялення гэтай грамадскай маладзёжнай арганізацыі, расказ аб тым, што ўяўляе сабою арганізацыя.

– Сярод асноўных акцый і мерапрыемстваў, у якіх члены арганізацыі бяруць удзел, – абласны палявы злёт, акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» і «У цэнтры ўвагі – дзеці!», наведванне ветэранаў вайны і працы ў іх дома, аказанне ім пасільнай дапамогі, – каментуе слайды на экране Вікторыя Балабушка. З экрана відаць, як стаўбцоўскія рабяты знаходзяць агульную мову з састарэлымі людзьмі, як дастаўляюць ім прыемнасць.

Інспектар Вольга Салей дапаўняе: «Цяпер, калі на тэрыторыі сельсаветаў, у школах праходзіць акцыя «Моладзь – за бяспеку!», мы з рабятамі раздаём лістоўкі з правіламі пажарнай бяспекі. Каб праінфармаваць і папярэдзіць больш людзей, ідзём у найбольш людныя месцы – магазіны, паркі. Непасрэдна ў школах арганізоўваем тэматычныя конкурсы і віктарыны. Для дашкольнікаў з дапамогай вучэбнага тэатра Стаўбцоўскай школы мастацтваў «Зеркало» (кіраўнік – Анастасія Самохіна) ставілі спектаклі».

Сярод тых, хто плённа супрацоўнічае з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і раённым аддзяленнем Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, варта назваць школы № 3 горада Стоўбцы, Дзераўнянскую і Старасвержанскую, але ў першую чаргу – школу №  2  (дырэктар Аксана Лось і яе намеснік па выхаваўчай рабоце Алена Багдановіч). Менавіта рабяты гэтай школы сталі першымі памочнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у правядзенні прафілактычнай работы, у стварэнні сярод сваіх равеснікаў прывабнага іміджу Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.

Спартыўны хлопец Дзмітрый Сідорык прадэманстраваў свае навыкі і ў школе № 3, калі запрасіў жадаючых на вясёлы конкурс. Пасля знаёмства з экіпіроўкай пажарнага, трэба было паказаць спрыт у надзяванні «баёўкі» на сябе. Дзмітрый рабіў гэта неаднойчы, у тым ліку падчас удзелу ў абласным палявым злёце, таму з ахвотай дапамагаў «навічкам». Самым хуткім былі ўручаны на памяць сувеніры. Вясёлы настрой залы падтрымалі і дзяўчаты са школы № 2, якія  выступілі з харэаграфічнай кампазіцыяй. Малодшых школьнікаў літаральна ў школьным двары чакала знаёмства з сапраўднымі пажарнымі, з тэхнікай, на якой яны нясуць службу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *