Вучэнні. Санасвета. Прафілактыка

Кантроль, бяспека Нумары

ПРАФІЛАКТЫКА ДЗІЦЯЧАГА ТРАЎМАТЫЗМУ. ЖЫЦЦЁВАЯ ШКОЛА

Адным з важных накірункаў у сваёй дзейнасці навучальныя ўстановы раёна ставяць прафілактыку дзіцячага траўматызму. Захаваць здароўе і жыццё дзіцяці: хіба ёсць больш важная задача?

З гэтай мэтай у школах раёна праводзяцца розныя прафілактычныя мерапрыемствы. У першую чаргу патрэбна адзначыць цесную сумесную работу з супрацоўнікамі дарожнай аўтаінспекцыі. Толькі ў гэтым годзе начальнік ДАІ Дзмітрый Воранаў ужо два разы прыняў удзел у нарадах настаўнікаў, дзе акцэнтавалася ўвага на пытаннях бяспекі школьнікаў і дашкольнікаў. Ва ўсіх навучальных установах раёна на працягу навучальнага года супрацоўнікі дарожнай аўтаінспекцыі, участковыя інспектары прымаюць удзел у класных гадзінах, бацькоўскіх сходах, удзельнічаюць у акцыях. Аддзел адукацыі, спорту і турызму падтрымаў ініцыятыву работнікаў ДАІ па правядзенні ў лістападзе мінулага года прафілактычнай акцыі па прапагандзе прымянення ўтрымліваючых прыстасаванняў пры перавозе дзяцей у транспарце.

У рамках спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Увага-дзеці!» пастаянна праводзяцца сумесныя рэйды педагогаў і супрацоўнікаў ДАІ па выяўленні парушэнняў правіл дарожнага руху непаўналетнімі. На пачатак новага навучальнага года ва ўсіх установах адукацыі ўведзены «Пашпарты бяспекі руху ўстаноў адукацыі», складзены акты абследавання школ і вулічна-дарожных сетак, якія прылягаюць да навучальных устаноў, распрацаваны планы мерапрыемстваў па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Аформлены і ўзгоднены з ДАІ маршруты бяспечнага руху школьнікаў.

Асабліва актыўна па прафілактыцы дзіцячага траўматызму працуе Рубяжэвіцкая сярэдняя школа. Гэты ўчастак работы ўзяла на сябе настаўніца асноў бяспекі жыцядзейнасці Ала Лукашэвіч. У школе створана база для правядзення такой работы з дзецьмі – ёсць навучальныя праграмы, аформлены інфармацыйныя стэнды. Работа праводзцца сістэмна, мэтанакіравана. І як вынік – каманда Рубяжэвіцкай СШ у мінулым навучальным годзе стала прызёрам ІХ Мінскай абласной алімпіяды па правілах дарожнага руху сярод школьнікаў. Добрыя напрацоўкі ў гэтым накірунку мае Любкаўшчынская СШ, дзе з дзецьмі актыўна працуе Наталля Паўлава. Ва ўсіх школах актыўна выкарыстоўваюцца такія формы работы як правядзенне віктарын, практычных гульняў, конкурсаў малюнкаў, круглых сталоў.

Наогул у школах раёна дзейнічаюць 27 атрадаў юных інспектараў руху, у якіх аб’яднаны 333 вучні.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ВУЧЭННІ. КАЛІ ПРЫРОДА РАЗГУЛЯЛАСЯ

Раптам спыняецца падача элекраэнергіі ў цэнтральную раённую бальніцу. Або не трапляе цепланосьбіт у гарадскія сеткі ў выніку прарыву цеплатрасы. Або з-за неспрыяльных пагодных умоў аварыя ўзнікла на сістэмах сувязі і тэлекамунікацый, адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у якім ёсць пацярпелыя…

Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях у раёне прайшлі вучэнні па тэме – «Дзеянні органаў кіравання і сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнічнага характару».  Мэта іх – праверка ўзроўню арганізацыі і стану падрыхтоўкі, а таксама ўдасканаленне навыкаў па арганізацыі лакалізацыі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага характару.

Удзельнікі вучэнняў на працягу сямі напружаных гадзін працавалі над тым, каб ліквідаваць наступствы ўмоўных надзвычайных сітуацый. Гэта стала экзаменам, ад здачы якога напрамую можа залежаць чалавечае жыццё.

Пр

 

ЭНЕРГАНАГЛЯД. І ЖЫВЁЛА РЭАГУЕ

Пры стойлавым утрыманні жывёлы варта мець на ўвазе, што жывёлагадоўчыя памяшканні валодаюць шэрагам асаблівасцяў, якія патрабуюць надзейных тэхнічных электраахоўных мерапрыемстваў.

Такімі асаблівасцямі з’яўляюцца ўмовы навакольнага асяроддзя (павышаная вільготнасць, агрэсіўныя пара і газы) і наяўнасць жывёлы, якая, у параўнанні з чалавекам, больш адчувальная да дзеяння электрычнага напружання. Жывёлу неабходна абараняць не толькі ад магчымага электрапаражэння, але і ад электрапаталогіі, якая вядзе да зніжэння яе прадукцыйнасці. 

У спецыялізаваных будынках для ўтрымання буйной рагатай жывёлы дасягнуць іх надзейнай абароны ад паражэння электрычным токам можна з дапамогай прыстасаванняў ахоўнага адключэння і выраўноўвання электрычных патэнцыялаў. Іх адпаведнасць нормам была праверана інспекцыяй энерганагляду. Абследаванні закранулі ўсе памяшканні малочнатаварных фермаў гаспадарак раёна, пры выяўленні недахопаў былі выдадзены прадпісанні.

Станоўчым прыкладам тут могуць служыць такія сельгаставарыствы, як «Жацерава» і «Вялікі Двор». Прыведзены ў парадак прыстасаванні  і ў ААТ «Каганец».  Дарэчы, райаграпрамэнерга аказвае паслугу па паўторных замерах бясплатна, калі заказчык звяртаецца на працягу двух месяцаў пасля пярвічных вымярэнняў.                

Пры правядзенні электрафізічных вымярэнняў выяўлена неадпаведнасць прыстасаванняў выраўноўвання электрычных патэнцыялаў дзеючым нормам ва ўсіх памяшканнях ААТ «Шашкі», ААТ «Агранёманскі», прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (за выключэннем малочнатаварнага комплексу «Пагарэлае»). А такія гаспадаркі як «Вішнявецкі-агра», «Налібакі», «Дзераўное», «Аталезь-агра» электрафізічных вымярэнняў увогуле не праводзілі.

Вадзім ХАЛОПІЦА, інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд» 

 

САНАСВЕТА. РАДОН – ГЭТА НЕБЯСПЕЧНА

Радон – газ, які не мае колеру і паху, утвараецца пры дзяленні радыю. Радый сустракаецца ў прыродзе ва ўсіх тыпах грунту. Радон, які ўтвараецца, у форме газу пранікае праз грунт у будынкі, дзе можа сканцэнтроўвацца.

З мэтай вывучэння ўтрымання радону ў жылых дамах, будынках сацыяльна-бытавога прызначэння, а таксама пры адводзе зямельных участкаў пад будаўніцтва цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праводзяцца даследаванні. Даследуюцца жылыя памяшканні, агульнаадукацыйныя ўстановы, тэрыторыі. За год зроблена каля 600 вымярэнняў эквівалентнай раўнаважнай аб’ёмнай актыўнасці ізатопаў радону ў паветры будынкаў.

У дамах розных тыпаў павярховасці канцэнтрацыя радону можа адрознівацца ў дзесяць і больш разоў, прытым на першых паверхах яе значэнне заўсёды вышэйшае. Паступленне радону з грунту пад будынкам істотнае ў асноўным для першага паверха пры недастатковай герметычнасці падлогі.

Якую ж небяспеку ўяўляе для нас радон? Рызыка ўзнікнення раку лёгкіх звязана з тым, што прадукты распаду радону (палоній, вісмут і свінец) паступаюць з паветрам у дыхальныя шляхі, дзе працягваюць працэс радыеактыўнага распаду, выдзяляючы альфа часцінкі. Гэтым пашкоджваюцца сценкі лёгкіх і дыхальных шляхоў, што можа прывесці да раку лёгкіх. Дарэчы, адмова ад курэння – таксама адзін з важнейшых кампанентаў прафілактыкі раку, паколькі гэтыя хімічныя рэчывы ўтрымліваюцца і ў тытунёвым дыме.

Калі ўзніклі апасенні па прычыне узроўню радону ў вашым доме, належыць звярнуцца ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Вымераць узровень утрымання радону, даць яму ацэнку, вызначыць неабходнасць выканання ахоўных мерапрыемстваў могуць толькі спецыялісты.

З мэтай зніжэння ўзроўню радону можна правесці рад ахоўных мерапрыемстваў. Сярод іх ізаляцыя ўсіх адтулін і шчылін у падлозе і сценах падвалаў; герметызацыя месцаў праходжання трубаў і іншых камунікацый праз перакрыцці; прымусовая вентыляцыя прасторы пад падлогай; пакрыццё сцен і столі ў памяшканнях эмульсійнымі і маслянымі фарбамі; выкарыстанне для аклейвання сцен шпалераў, якія можна мыць; частае праветрыванне і правядзенне вільготнай уборкі; устаноўка ў жылых памяшканнях вентылятараў з падагрэвам паветра, якое паступае.

Георгій ШЛЯХЦІЧАЎ, урач-гігіеніст

 

ПАСЛЯ ПРАВЕРКІ. ПРАПАНУЮЦЬ САПСАВАНЫЯ ПРАДУКТЫ

Санітарнай службай  раёна сумесна з аддзелам эканомікі райвыканкама ажыццяўляецца штомесячны маніторынг спажывецкага рынку харчовых прадуктаў.

Аналіз такой работы сведчыць аб фармальных адносінах асобамі, якія ажыццяўляюць гандаль, да патрабаванняў заканадаўства. Дапускаюцца грубыя парушэнні нормаў і правілаў.

Так, у ходзе праверкі 20 снежня 2014 года магазіна «Эдэль» па вуліцы Энгельса ў Стоўбцах прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Надзея-гандплюс» (дырэктар Т. М. Яўсейчык) знята з рэалізацыі 25,8 кіларама прадукцыі, у тым ліку 2,3 кілаграма з зышоўшым тэрмінам прыгоднасці. Не былі вытрыманы тэмпературныя рэжымы захоўвання крэмавых пірожных, рыбнай прадукцыі; памяшканні і абсталяванне магазіна ўтрымліваліся антысанітарна; не было гарачай вады і т. п. Магазін быў закрыты, на кіраўніка накладзены штраф на суму 19,5 мільёна рублёў.

Пры праверцы 30 снежня 2014 года прыватнага гандлёвага прадпрыемства «Гаўрыловіч і сыны» ў пасёлку Коласава (дырэктар А. А. Гаўрыловіч) з рэалізацыі знята 11,3 кілаграмы прадукцыі з зышоўным тэрмінам рэалізацыі. Нездавальняюча ўтрымліваліся раздзелачны інвентар, памяшканні магазіна. Складзены адміністрацыйныя пратаколы, па якіх будуць прыменены максімальныя штрафныя санкцыі.

Названыя парушэнні маглі азмрочыць навагоднія святы не аднаго чалавека: пасля святочнага стала можна было аказацца на бальнічным ложку.

Работа ў даным накірунку будзе працягвацца. У выпадку грубага парушэння заканадаўства па рэалізацыі прадукцыі з зышоўшым тэрмінам прыгоднасці, дапушчэння няправільнага захоўвання прадуктаў і т. п. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўца» будуць выносіцца прадпісанні аб спыненні работы гандлёвых аб’ектаў, прадпрыемстваў грамадскага харчавання да 90 дзён, прад’яўляцца максімальныя штрафныя санкцыі, перадавацца справы ў следчыя органы.

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *