Выязны прыём грамадзян. З пытаннямі – да старшыні аблвыканкама

Афіцыйна Нумары Улада. Слова. Справа Факты, падзеi, людзi

У мінулую сераду, як і планавалася, у нашым раёне адбыўся выязны прыём грамадзян старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёнам Барысавічам Шапірам. Сустрэчы з кіраўніком сталічнай вобласці чакалі больш дзясятка чалавек, і, як аказалася, з самымі рознымі пытаннямі. Пры гэтым большасць жыхароў звярталіся з просьбамі толькі «для сябе», а лічаныя – для вырашэння агульназначнай праблемы. Гэтая параўнальна невялікая лічба гаворыць аб тым, што мясцовыя ўлады самі стараюцца вырашаць праблемы насельніцтва. Тым не менш, Сямёну Барысавічу прыйшлося ўнікаць у  праблемы суседскіх адносін, будаўніцтва дарог, работы гандлёвых арганізацый раёна і т. п.

Яўген Баразноўскі падняў пытанне аб будаўніцтве дзіцячага сада і школы ў горадзе Стоўбцы. Сямён Барысавіч растлумачыў, што такія сацыяльна значныя аб’екты будуюцца паводле плана, а на 2015 год у Стоўбцах не запланавана будаўніцтва 4-й школы і 8-га садка. Старшыня райвыканкама Юрый Мікалаевіч Горлаў сказаў, што гэтая праблема існуе, і яе будуць вырашаць, бо на чарзе ў сад стаіць 991 дзіця.

Акрамя таго, Сямён Шапіра адзначыў, што жыхары горада і раёна павінны быць азнаёмлены з праграмай  будаўніцтва і добраўпарадкавання.

Жыльцы прыватных дамоў па вуліцы Брэсцкай горада Стоўбцы ўзнімалі пытанні аб адкрыцці праезду па вуліцы Магістральнай і аб адводзе сцёкавых вод ад іх дамоў. Было адзначана, што такія пытанні ўласнага характару трэба вырашаць на мясцовым узроўні. «Можна сказаць, што гэта ўтрыманства, – зазначыў Сямён Шапіра. – Нельга прасіць бюджэтныя грошы на вырашэнне ўласных жыллёвых праблем».

Не абышлося і без зямельных спрэчак. С. Шапіра адзначыў, што ўрэгуляваць іх можна толькі на падставе рашэння суда, а ўвогуле, трэба праяўляць больш чалавечых адносін адзін да аднаго, дзесьці праявіць і цярпенне, і культуру, адзін сусед павінен паважаць другога.

Жыхарка Стоўбцаў звярнулася да старшыні аблвыканкама з пытаннем аб уцяпленні тарцовага боку жылога дома і аб рамонце кватэры ў доме № 34  па вуліцы Свярдлова. Дому ўсяго 19 гадоў. У кватэры, як расказала заяўніца, холадна, сыра. А што зрабіла гаспадыня гэтай кватэры для таго, каб у памяшканні стала цяплей: вокны памяняла, дзверы ўцяпліла? Напэўна, трэба спадзявацца не толькі на  дапамогу раённай улады, на бюджэтныя грошы, але і на сябе, на свае ўласныя сродкі.

Жыхар горада прыйшоў на прыём, каб расказаць аб рабоце гандлёвых  арганізацый раёна і асабіста пазнаёміцца са старшынёй райвыканкама.

Са сваімі праблемамі на прыём грамадзян у Стоўбцы завіталі і дзве жыхаркі Мінска.

Сямён Барысавіч уважліва выслухаў кожнага наведвальніка і даў канкрэтныя адказы і парады па тым ці іншым пытанні.

Падводзячы вынікі, Сямён Шапіра зазначыў: «Усе вы напэўна ведаеце, што кіраўнікі аблвыканкама будуць праводзіць прамыя лініі кожную суботу. Гэта нядрэнная форма работы з грамадзянамі, але ў Мінскім аблвыканкаме існуе іншая практыка: на ўсіх сходах з кіраўнікамі, на сустрэчах з грамадзянамі я ўсім прысутным даю  нумар свайго сотавага тэлефона. Мне кожны дзень хтосьці тэлефануе. Напрыклад, учора вадзіцель з сельгаспрадпрыемства «Наднёман» Уздзенскага раёна патэлефанаваў мне і расказаў аб неаб’ектыўных адносінах кіраўніцтва да яго. Туды я адправіў камісію  разабрацца. Калі чалавек звоніць, то адчуваеш, што гэта боль, гэта праблема. Калі запісваюцца на прыём грамадзян, то бачыш, што прыходзяць амаль адны і тыя ж людзі. Вы сёння бачылі і чулі, што прыходзяць грамадзяне і скардзяцца, што ім не падабаецца плот у суседа, яго вышыня не задавальняе. А гэта людзі інтэлігентныя, з вышэйшай адукацыяй. Іншыя не задумваюцца аб тым, што трэба ўзяць рыдлёўку і самому пракапаць канаву, каб не цякла вада пад фундамент, а не чакаць дапамогі ад кіраўніцтва вобласці і раёна і г. д. Мы павінны шукаць больш эфектыўныя формы супрацоўніцтва з насельніцтвам, узаемаразумення з людзьмі. Я думаю, што форма прамога тэлефона, прамога кантакту са мной больш эфектыўная, бо людзі без патрэбы не звоняць». Старшыня аблвыканкама выказаў свае думкі аб утрыманстве.

«Дзяржава трымаецца на тым багацці, што створана працай чалавека. Кожны чалавек адлічвае частку грошай на вырашэнне нашых агульных пытанняў: на падтрымку медыцыны,  адукацыю і г. д., а калі чалавек не працуе, а карыстаецца ўсімі дабротамі дзяржавы, то так не павінна быць. Кожны чалавек павінен укладваць свае веды, свой талент у нашу агульную справу – развіццё эканомікі».

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

2 комментария по теме “Выязны прыём грамадзян. З пытаннямі – да старшыні аблвыканкама

  1. Прочел о детском садике и ничего не понял. Мол, проблема существует и ее будут решать. Но как и когда не сказано. Если в роно эту проблему знают, то должны были уже предложить руководству района как ее решать. А так только констатация, что в очереди в детсад 991 человек.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *