Здароўе

Медыцына Нумары

ДЗЕ НАРАДЖАЕЦЦА ЖЫЦЦЁ

Гэта адзінае аддзяленне ў цэнтральнай раённай бальніцы, пацыенты якога шчаслівыя былі б наведаць яго зноў. Аддзяленне, якое напоўнена радасцю, шчасцем, бо тут з’яўляецца на свет маленькі чалавечак.

Каб атрымаць гэтую радасць, рабочыя будні медыцынскага персаналу напоўнены клопатамі, вялікай адказнасцю і самаахвярнымі дзённымі і начнымі дзяжурствамі. Патрабавальныя кантрольныя органы адсочваюць стэрыльнасць і бездакорны парадак у аддзяленні, парадзіхі і іх родныя чакаюць высокага прафесіяналізму і персаніфікаванай падкрэсленай увагі. Самі ж медыцынскія работнікі ставяць да сябе патрабаванні быць гатовымі да любых, самых складаных сітуацый.

Сённяшні прыгожы калектыў радзільнага аддзялення адметны і вопытам, і маладым папаўненнем. Па 25 гадоў аддалі рабоце ў радзільным аддзяленні вопытныя акушэркі Алена Жук, Раіса Жыбуль, 15 гадоў – Святлана Лысая. Набыткам для калектыву стаў прыход маладога спецыяліста Анжэлы Рабцэвіч, якая за год паспела выдатна зарэкамендаваць сябе на пасадзе акушэркі, што радуе старэйшых калег – будзе каму перадаць сваю справу.

Разам з акушэркай у радзільнай зале нясе сваю вахту памочнік акушэркі Алена Клімко, стаж работы якой таксама складае некалькі дзесяцігоддзяў. Менавіта яна зняла трубку падчас нашага тэлефанавання. З любоўю расказала пра сваіх калег, ні для каго не пашкадавала добрага слова і падзялілася радасцю, што ў перадродавай палаце знаходзіцца жанчына, і вось-вось чакаюцца роды, на свет Божы з’явіцца новы чалавек.

Пад свой медыцынскі пакроў немаўлят прымаюць медыцынскія сёстры палаты нованароджаных Ірына Грамыка і Аксана Валадзько. Пра іх з павагай гавораць, што гэтыя медыкі – на сваім месцы. Дзіцячы педыятр Алена Гардзеева паклапоціцца зрабіць медыцынскі агляд маленькіх пацыентаў, парадаваць іх маці, што здароўе нованароджанага ў норме. Вялікая адказнасць у Алены Раманаўны не прапусціць ніякую паталогію, своечасова пачаць лячэнне, калі ў гэтым ёсць патрэба. Канешне ж, ёй хочацца, каб усе нованароджаныя дзеткі былі здаровымі.

Бездакорна выконвае свае абавязкі санітарка Вольга Кавалёнак, якая ніколі не падвядзе калектыў. Словы ўдзячнасці кіраўніцтва райбальніцы і радзільнага аддзялення выказвае буфетчыцы Галіне Будэйка. Яна 30 гадоў узначальвала пральнае аддзяленне бальніцы. Калі выйшла на заслужаны адпачынак, Галіну Фёдараўну папрасілі папрацаваць буфетчыцай. І яна ўважыла гэтую просьбу, як можа старанна працуе.

Узначальвае гэты дружны калектыў урач акушэр-гінеколаг Аксана Канкаловіч. У Аксаны Мікалаеўны ёсць ужо ўрачэбны стаж, а вось на пасадзе загадчыцы яна ўсяго некалькі месяцаў. Стараецца быць такім жа добрым адміністратарам, як і ўрачом. Шматлікія службовыя абавязкі загадчыцы не адсоўваюць на задні план яе непасрэдныя абавязкі на пасту ўрача – быць гатовай у любую мінуту прыйсці на дапамогу пацыентцы, папярэдзіць небяспечныя сітуацыі, правільна зарыентавацца і паспець аказаць неадкладную дапамогу. Так жа высока цэняць калегі прафесіяналізм урача-гінеколага Наталлі Яхнавец, якая выконвае і абавязкі хірурга, праводзіць гінекалагічныя і родавыя аперацыі.

Каб жанчына была гатова да родаў, захавала свае сілы і здароўе, клапоціцца вопытны ўрач-гінеколаг Зінаіда Туміловіч. У жаночай кансультацыі яна сочыць за станам цяжарных жанчын, рыхтуе іх да родаў, нясе адказнасць за здароўе плода і самой жанчыны. Стараецца так будаваць адносіны з пацыенткамі, каб яны ёй давяралі, былі паслухмянымі і, тым самым, пазбягалі ўсякіх непрыемных сітуацый.

Пажадаем медыцынскаму персаналу радзільнага аддзялення  здароўя і сіл для выканання той высакароднай работы, якая на іх ускладзена. Няхай на іх тварах заўсёды будуць вось такія светлыя ўсмешкі, а іх рукі няхай часцей прымаюць неацэнны жывы скарб – нованароджанае дзіця.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымках: загадчыца радзільнага аддзялення Аксана Канкаловіч; санітарка Аксана Каспяровіч і акушэрка Раіса Жыбуль.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

УРАЧЫ АД БОГА

Ні для кога не сакрэт, што ў наш складаны і супярэчлівы час, напоўнены цяжкасцямі і праблемамі, самым каштоўным з’яўляецца здароўе. Калі здаровыя мы, нашы блізкія і родныя, мы па-сапраўднаму адчуваем сябе шчаслівымі – хочацца жыць, пераадольваць перашкоды, імкнуцца да лепшага, марыць.

Але здараюцца такія моманты, калі ты не можаш кіраваць сітуацыяй, калі жыццё роднага чалавека знаходзіцца на вагах жыцця і смерці. Тады даводзіцца спадзявацца толькі на волю Божую, і прасіць Усяміласцівага Бога, каб Ён паслаў добрых урачоў, благаславіў іх уменні і дапамог ім справіцца з хваробай.

Мы перажылі нядаўна такія цяжкія дні. Бяда прыходзіць нечакана. Наш муж і тата стаў дрэнна сябе адчуваць. Сітуацыя была складанай тым, што няпроста было ўстанавіць дыягназ яго цяжкага стану. Аднак, дзякуй Богу, у нашай раённай бальніцы ёсць урач, удзячнасць якому выказаў ужо не адзін пацыент. За майстэрства, правядзенне складаных хірургічных аперацый і кампетэнтнасць у сваёй урачэбнай справе загадчык хірургічнага аддзялення Ігар Яхнавец атрымаў славу і за межамі нашага раёна. Менавіта дзякуючы яго розуму, мабільнасці дзеянняў, хуткаму рэагаванню нашаму мужу і тату Г. К. Каваленку была праведзена вельмі складаная хірургічная аперацыя, якая выратавала яго жыццё.

Хочацца адзначыць не толькі высокі прафесіяналізм гэтага ўрача, але і  выдатныя чалавечыя якасці Ігара Анатольевіча – дабрыню, чуласць, неабыякавасць, уменне суперажываць і высокую адказнасць за жыццё пацыента. Промысел Божы, што па жыцці з Ігарам Анатольевічам ідзе верная спадарожніца яго жыцця, урач акушэр-гінеколаг Наталля Васільеўна. У нашай сям’і і да яе асаблівая павага і ўдзячнасць. Яна выконвае пачэсную місію – дапамагае нарадзіцца на свет новаму чалавеку, нясе адказнасць за здароўе і нованароджанага, і маці.

У гэтыя ражджэственскія дні мы хочам выказаць удзячнасць усяму медыцынскаму персаналу цэнтральнай раённай бальніцы, хто дапамагаў нашаму роднаму чалавеку справіцца з цяжкай хваробай, вярнуцца да жыцця. Асабліва хочацца выказаць словы падзякі загадчыку рэанімацыйнага аддзялення Ю. З. Астахновічу, урачу-анестэзіёлагу І. А. Юнцэвічу, урачу-хірургу У. У. Рачко, сярэдняму і малодшаму медыцынскаму персаналу рэанімацыйнага аддзялення. Нізкі паклон хочацца адрасаваць і загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення М. М. Цімафеевай, загадчыцы клініка-дыягнастычнай лабараторыі Т. І. Паўлюкевіч, за іх чуласць, уменне дапамагчы.

У гэтыя светлыя святочныя дні хочацца пажадаць медыцынскім работнікам і іх сем’ям моцнага здароўя, дабрабыту, Божай міласці ў іх жыцці і ў нялёгкай і такой патрэбнай людзям працы.

Алена АЛЯШКЕВІЧ, Надзея ЗАЙКО, г. Стоўбцы

 

ХВАРОБЫ ДЗІЦЯЧЫЯ І НЕ ТОЛЬКІ

Адзёр, краснуха… Здаецца, мы ўжо забыліся пра гэтыя захворванні, і яны сталі здавацца нам несур’ёзнымі, якія даўно адышлі. Можа, таму многія мамы пачынаюць разважаць: чаму гэта медыкі так упарта настойваюць на вакцынацыі? Хворых так і не бачылі? Так гэта ці не – трэба разабрацца.

Адзёр – вострае інфекцыйнае захворванне, якое характарызуецца агульнай інтаксікацыяй, запаленчымі з’явамі з боку слізістых вачэй, насаглоткі, верхніх дыхальных шляхоў, высыпаннем. Узбуджальнік адзёру – вірус. Адзіная крыніца заражэння – хворы чалавек.

Апошнім часам, у сувязі з масавай супрацьадзёрнай імунізацыяй дзяцей, часцей сталі хварэць дарослыя, характэрнай рысай захворвання ў якіх з’яўляецца выражаная інтаксікацыя і перавага сімптомаў паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы. Інкубацыйны перыяд складае дзевяць дзён. Захворванне пачынаецца павышэннем тэмпературы да 38 градусаў і больш, парушаецца апетыт, з’яўляюцца санлівасць, вяласць, галаўны боль. У першыя гадзіны захворвання з’яўляецца насмарк, чханне, сухі грубы кашаль. Развіваецца кан’юнктывіт. Праз 13-14 дзён за вушамі з’яўляецца высыпанне ад ружовага да насычанага чырвонага колеру і хутка распаўсюджваецца на ўсё цела. Найбольш частыя ўскладненні пры адры – запаленне лёгкіх, кан’юнктывы. Самым магутным, даступным і эфектыўным метадам прафілактыкі адру з’яўляецца вакцынацыя.

Краснуха – віруснае захворванне, якое характарызуецца дробнаплямістым высыпаннем, павелічэннем лімфавузлоў, умерана выражанай ліхаманкай. Адзінай крыніцай захворвання з’яўляецца хворы чалавек. Асабліва небяспечнае гэтае захворванне для цяжарных жанчын. Заражэнне маці можа пацягнуць за сабою сіндром шматлікіх парокаў у дзіцяці.

Захворванне пачынаецца павелічэннем патылічных лімфатычных вузлоў і павышэннем тэмпературы цела. Пазней далучаюцца насмарк, кашаль. Праз два-тры дні з’яўляецца высыпанне – дробнакропкавае, ружовае. Высыпанне пры краснусе ў адрозненне ад адру ніколі не зліваецца. Найбольш частым ускладненнем пры краснусе з’яўляецца артрыт.

Самым надзейным і эфектыўным спосабам прафілактыкі краснухі з’яўляецца вакцынацыя.

Як бачым, гэтыя захворванні сур’ёзныя, і адносіцца да іх патрэбна належна. Вакцынуюць дзяцей ад адру, краснухі і эпідпаратыту ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў. Імунітэт стойкі, сама вакцына вельмі рэдка выклікае ўскладненні. Так што, паважаныя мамы, падумайце, ад якіх пагроз вы можаце пазбавіць свайго малыша, захоўваючы рэкамендацыі педыятра.

Аляксей БОНДАРАЎ, урач-эпідэміёлаг цэнтральнай раённай бальніцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *