Грамадства

Нумары Соцыум

МОЛАДЗЬ СТАЎБЦОЎШЧЫНЫ

Святлана Буяр  – малады спецыяліст. Працуе дзяўчына маркетолагам у ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», адначасова сумяшчае і абавязкі сакратара. Паўтара года назад прыехала яна ў таварыства па размеркаванні, пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

– Ехала ў незнаёмы горад з бояззю, бо нікога тут не ведала, – расказвае Святлана. – Думала і  пра калектыў, у якім прыйдзецца працаваць. Аднак усе мае страхі былі беспадстаўныя. Кіраўніцтва адразу выдзеліла інтэрнат. На рабоце ўсё склалася добра, і калектыў стаў для мяне другой сям’ёй. Цяпер маю многа знаёмых.

Даручаную работу Святлана выконвае добрасумленна, дакладна вядзе дакументацыю.  Ветлівая і абаяльная, Святлана Буяр заўсёды з усмешкай сустракае ў прыёмнай наведвальнікаў і працаўнікоў арганізацыі.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

ПАРТЫЯ. З АПОРАЙ НА МОЛАДЗЬ

Ніна Уладзіміраўна Дубовік  вярнулася з пленума ЦК Кампартыі Беларусі поўная эмоцый і ўражанняў. З радасцю паведаміла, што ёй, як сакратару раённага камітэта партыі, была ўручана падзяка ад Цэнтральнага Камітэта. Адзначылі кадравы рост стаўбцоўскай раённай арганізацыі, апошнім часам яе папоўнілі 11 членаў, пераважна маладыя людзі.

Менавіта аб рабоце партыйных камітэтаў з моладдзю ішла размова на пленуме.  У дакладзе сакратара ЦК КПБ М. В. Валовіча адзначана, што ўзровень партыйнага ўплыву на моладзь у сучасных умовах не адпавядае маштабнасці задач, якія стаяць перад партыяй як у рэалізацыі палажэнняў Праграмы КПБ, так і ва ўмацаванні і колькасным росце арганізацыйных структур. Не ўсе партыйныя камітэты дзейнічаюць актыўна і наступальна ў вырашэнні пытанняў падрыхтоўкі маладых людзей да ўступлення ў рады КПБ, росту аўтарытэту партыі сярод моладзі.

Галоўнае – дзейнічаць у рэчышчы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Шырэй прыцягваць моладзь у паўсядзённую дзейнасць партыі, да выканання пастаянных і разавых партыйных даручэнняў.

Пастановай пленума пастаўлена задача пярвічным партыйным арганізацыям распрацаваць комплекс мерапрыемстваў па актыўным удзеле моладзі ў грамадска-карыснай працы, вырашэнні забеспячэння мабільнасці маладых людзей на рынку працы  і іх  поўнай занятасці. Неабходна адрадзіць рух партыйнага настаўніцтва, выкарыстоўваць інстытуты парламентарызму для ўзмацнення ўплыву камуністаў у маладзёжным асяроддзі. Трэба даходліва і пераканаўча растлумачваць маладым людзям дасягненні Рэспублікі Беларусь у эканоміцы, сацыяльнай сферы, адукацыі, навуцы і культуры. Як вядзецца ў кампартыі, з класавых пазіцый паказваць драпежніцкі характар законаў не толькі капіталізму, але і глабалізму. Практычна пры арганізацыі работы акрэслена ўлічваць спецыфіку сучасных праблем моладзі, асаблівасці сацыяльных груп, асабістыя і прафесіянальныя патрэбы маладых людзей. І, вядома ж, удасканальваць метады прыцягнення маладых людзей у рады КПБ.

Такая праграма дзейнасці асабліва актуальная ў Год моладзі. З асабістых уражанняў Ніна Уладзіміраўна адзначыла таварыскую атмасферу сустрэч. У рабоце пленума ў Мінску прынялі ўдзел прадстаўнікі Кубы, В’етнама, Расіі.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

АХОВА ДЗЯЦІНСТВА. ЧУЖЫХ ДЗЯЦЕЙ НЕ БЫВАЕ

Дзяцінства –  важны і адказны перыяд у жыцці кожнага чалавека. Сям’я – найбольш спрыяльнае асяроддзе для паўнацэннага развіцця дзіцяці. Толькі ў сям’і, у атмасферы любові і клопату, яно можа быць па-сапраўднаму шчаслівым, аднак бывае і інакш. Здараецца, родныя людзі па розных прычынах перастаюць належным чынам клапаціцца пра сваіх дзяцей. Дзіця пачынае адчуваць сябе нікому не патрэбным. На шчасце, знаходзяцца людзі, якім яно не абыякавае.

 Работа з сем’ямі, у якіх стан дзяцей прызнаны  сацыяльна небяспечным, патрабуе індывідуальнага, асаблівага падыходу. З гэтай мэтай складаецца  праграма рэабілітацыі, у аснову якой закладзены механізм міжведамаснага ўзаемадзеяння розных устаноў: сельвыканкамаў, камісіі па справах непаўналетніх, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтральнай раённай бальніцы, сацыяльна-псіхалагічных службаў устаноў адукацыі, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Пасля прызнання стану непаўналетніх  сацыяльна небяспечным,  большасць бацькоў выпраўляюць сітуацыю ў сям’і, мяняюць лад жыцця. Ёсць станоўчы вопыт, калі комплекс  прафілактычных мерапрыемстваў дазволіў захаваць сям’ю для дзіцяці дзякуючы ўзаемадзеянню ўсіх зацікаўленых суб’ектаў: выдзяленне жылля сельскагаспадарчым таварыствам, аказанне дапамогі ў пераводзе бацькоў на больш аплатную работу, правядзенне касметычнага рамонту з дапамогай сельскагаспадарчага таварыства і ўстановы адукацыі, садзейнічанне аддзела па надзвычайных сітуацыях ва ўстаноўцы аўтаматычнага пажарнага апавяшчальніка, вызваленне непаўналетніх ад аплаты  харчавання, аздараўленне дзяцей за кошт гаспадаркі.

У выпадку, калі работа па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці не дае станоўчых вынікаў, да бацькоў прымаюцца меры, прадугледжаныя Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Паводле  хадайніцтва ўстановы адукацыі рашэннем камісіі па справах непаўналетніх дзеці прызнаюцца маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, забіраюцца з сям’і і ўладкоўваюцца ў аддзяленне дзіцячы сацыяльны прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Да моманту вырашэння іх лёсу яны маюць статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Пасля ўладкавання дзяцей у аддзяленне прытулку большасць бацькоў выпраўляюць сітуацыю і стараюцца вярнуць іх дамоў.

Як толькі дзіця аказваецца ў аддзяленні прытулку, з ім пачынае працаваць псіхолаг, з бацькамі праводзяцца кансультацыі па аказанні той ці  іншай дапамогі. Адна з найбольш частых прычын паступлення дзяцей у прытулак – алкагольная залежнасць бацькоў. Для дапамогі такім бацькам наладжана ўзаемадзеянне з цэнтральнай раённай бальніцай. Пасля заканчэння курса лячэння працягваецца работа  псіхолага з бацькамі на шляху вяртання дзяцей у сям’ю.

Пасля праведзенай работы дзіця  вяртаецца ў біялагічную сям’ю, або над ім устанаўліваецца  апека, ці яно ўладкоўваецца ў прыёмную сям’ю, на ўсынаўленне, і, што самае непажаданае, – у інтэрнатную ўстанову. Таму адзін з галоўных накірункаў дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра – работа па вяртанні дзіцяці ў сям’ю.

Як паказвае практыка, Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 – гэта прынцыповы нарматыўны акт, які дазволіў вывесці работу па ахове правоў і законных інтарэсаў дзяцей на прынцыпова новы ўзровень. Хацелася б, каб кожны з нас жыў па прынцыпе: не бывае чужой бяды, не бывае чужых дзяцей!

Жанна НІКАЛАЕНЯ, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра

 

З НАГОДЫ.   ШМАТГРАННАЯ ПРАФЕСІЯ

Пад адным дахам у нашым горадзе знаходзяцца ўсе дзяржаўныя сацыяльныя службы. І на ўрачыстасць з нагоды Дня сацыяльнага работніка ў раённым Цэнтры культуры супрацоўнікі іх сабраліся разам. Гэта людзі сціплай, часам незаўважнай у грамадстве, але такой важнай і неабходнай прафесіі. Выдатнае супадзенне: Дзень сацыяльнага работніка ў нашай краіне адзначаецца ў светлыя дні Ражджаства Хрыстовага. Гарманічная сугучнасць гэтых святаў праяўляецца ў тым, што дзейнасць сацыяльных работнікаў грунтуецца на міласэрнасці, гуманізме, здольнасці да душэўнага спачування. Прафесія «сацыяльны работнік» – шматгранная. У першую чаргу – гэта аказанне розных відаў сацыяльных паслуг, сацыяльных выплат,  мер сацыяльнай падтрымкі, рэабілітацыя інвалідаў. Сацыяльныя работнікі – памочнікі для  адзінокіх людзей дома, бездапаможных людзей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Нярэдка яны становяцца апошняй апорай для цяжкіх хворых.

Святочная зала сабрала не толькі тых, хто ў сучасны момант працуе ў сацыяльных службах, але і ветэранаў арганізацый, тых, хто выстройваў сістэму сацыяльнай абароны, якая паспяхова працуе і  сёння.

 Падняцца на сцэну была дадзена  магчымасць  кіраўнікам арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму органаў сацыяльнай абароны насельніцтва.

Многія гады ўзначальвае калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  Наталля Лапко. Да прафесійнага свята, як адзначыла Наталля Аляксандраўна,  службы падышлі з добрымі паказчыкамі. На 100 працэнтаў асвоены сродкі па праграме занятасці, цалкам забяспечваецца выплата пенсій і грашовых дапамог. На гэтыя мэты толькі ў наш раён дзяржава накіроўвае  штомесячна 36,5 мільярда рублёў. Сярэдні памер пенсіі за 2014 год склаў 2509500 рублёў, сярэднямесячная заработная плата за 11 месяцаў 2014 года па раёне – 5 мільёнаў 210 тысяч рублёў. Службай занятасці працаўладкаваны 655 чалавек.

Душэўным  было выступленне начальніка раённага аддзела абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Людмілы Суднік. У адносінах да функцыянальных задач службы Людміла Леанідаўна адзначыла:

–       Сацыяльна-працоўная сфера з’яўляецца адной з найбольш складаных і шматгранных складаючых грамадскага жыцця, таму што прыняцце рашэнняў па пытаннях працы і сацыяльнай абароне закранаюць інтарэсы кожнага чалавека і кожнай сям’і. Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі ажыццяўляе збор і акумуляванне абавязковых страхавых узносаў, узносаў на прафесійнае пенсіённае страхаванне, фінансуе расходы на выплату дапамог, працоўных і прафесійных пенсій, праводзіць назначэнне дадатковых прафесіянальных пенсій, мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва, вядзе персаніфікаваны (індывідуальны) улік па кожным працаздольным  грамадзяніне нашага раёна, а гэта амаль 16 тысяч чалавек, і т. п. Фонд суправаджае кожнага чалавека на працягу ўсяго яго жыцця, пачынаючы з аплаты будучай маці водпуску па цяжарнасці і родах, заканчваючы выплатай пенсіі па ўзросце. Прафесіяналізм, адданае служэнне справе калектыву садзейнічаюць рэалізацыі эфектыўнай сацыяльнай палітыкі нашага раёна і дзяржавы ў цэлым. Стаўбцоўскім раённым аддзелам Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва праводзіцца пастаянная работа па своечасовай выплаце ўзносаў на сацыяльнае страхаванне. У мэтах зніжэння пратэрмінаванай запазычанасці па раёне пастаянна вядзецца работа ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. На сучасны момант забяспечанасць уласнымі сродкамі выплат пенсій і дапамог па нашым раёне складае 73 працэнты, г. зн., што раён з’яўляецца датацыйным.

Дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Блашко акцэнтавала ўвагу на тым, якую дзяржаўную палітыку праводзіць цэнтр, прадастаўляючы адзінокім пажылым людзям і інвалідам магчымасць сацыяльна-бытавога абслугоўвання ў надомных умовах, комплекс матэрыяльна-бытавога забеспячэння, аказваючы псіхалагічную, рэабілітацыйную, юрыдычную і іншыя віды дапамогі. На ўліку ў цэнтры знаходзяцца 11534 чалавекі, з іх 742 адзінокія пажылыя грамадзяне, 3150 – адзінока пражываючых, 16 інвалідаў і 37 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У сучасны момант сацыяльную надомную дапамогу  атрымліваюць 850 жыхароў раёна, што складае 10 працэнтаў ад агульнай колькасці адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян пажылога ўзросту. Сацыяльныя паслугі ім аказвае 91 сацыяльны работнік.

У гэты дзень, як і прынята на святочных мерапрыемствах, былі ўручаны ганаровыя граматы, падзякі, падзячныя пісьмы, гучалі шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто сваім душэўным цяплом сагравае сэрцы соцень людзей.

Граматамі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама ўзнагароджаны загадчыца сектара ўліку Наталля Людкевіч і галоўны спецыяліст Аксана Рыбальчанка, супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама   Галіна Дземідовіч і Наталля Менцель. Падзякі раённага выканаўчага камітэта атрымалі сацыяльныя работнікі тэрытарыяльнага цэнтра  Жанна Райская, Іна Чыкун, галоўны спецыяліст аддзела пенсіённага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Калоша. Падзячнымі пісьмамі райвыканкама адзначаны галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганна Яўсейчык, сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра Зінаіда Рубін. 21 супрацоўнік тэрытарыяльнага цэнтра  адзначаны граматамі кіраўніцтва цэнтра і прафсаюзнага камітэта.

Працаўнікам сацыяльнай сферы раёна пажадаем і надалей шліфаваць свой прафесіяналізм і ўзрошчваць тыя якасці душы, якія дапамагаюць не заставацца раўнадушнымі да праблем грамадзян, хто мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы і грамадства.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *