Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

НА ПЕРШЫМ ПЛАНЕ – СТАРАННАСЦЬ І ДЫСЦЫПЛІНА

Па выніках работы за мінулы год калектыў МТФ «Зарэчча» ААТ «Каганец» выйшаў пераможцам у спаборніцтве сярод аднатыпных вытворчых падраздзяленняў таварыства. У сярэднім ад адной каровы зарэчанскімі жывёлаводамі атрымана па 6010 кілаграмаў малака, прыбаўка да мінулагодняга паказчыка склала 547 кілаграмаў. Павялічылася валавая вытворчасць, надоена 133,8 тоны.

Брыгадзір фермы Галіна Каробка расказвае, што дабіцца высокага паказчыка дазволілі, у першую чаргу, добрасумленныя адносіны людзей да работы. Калектыў падабраўся працавіты, з такімі людзьмі справы ладзяцца.

І вылучае сярод іншых Валянціну Калкоўскую (на здымку), якая ўшчыльную наблізілася да сямітысячнага рубяжу. Даярка атрымала ад кожнай каровы сваёй групы  6987 кілаграмаў малака і прыбавіла да леташняга выніку 1090 кілаграмаў. Гэта лепшы паказчык у гаспадарцы. На пытанне за кошт чаго ўдалося атрымаць такі вялікі плюс, Валянціна Уладзіміраўна адказала, што вельмі старалася, добрасумленна выконвала ўсе аперацыі. Варта адзначыць, што да кожнай рагулі яна заўжды падыходзіць з ласкай, і гэта таксама дапамагае ёй у павелічэнні надояў.

– Кармоў на ферме дастаткова было ў зімовы перыяд, ды і летам на пашах травы хапала, даём каровам камбікармы і розныя  дабаўкі, – дадала даярка. – Мяняю малапрадукцыйных кароў на пяршачак, якіх сама раздойваю. Хворых кароў  своечасова лечым. Уважліва адносяцца да  работы   ўсе нашы спецыялісты і брыгадзір. Такім чынам у мяне ёсць магчымасць не зніжаць набраных тэмпаў і імкнуцца ў будучым дасягнуць васьмітысячнага рубяжу.

Валянціна Калкоўская працуе ў гаспадарцы дваццаць чатыры гады, і на якім бы ўчастку ні шчыравала, заўжды вылучалася сумленнасцю. Нямала часу яна рупілася на свінаферме, дзе мела высокі выхад парасят. Нейкі час  папрацавала падлікоўцам, а апошнія пяць гадоў – аператарам машыннага даення.  

Высокі паказчык і ў Ганны Фамішкінай, якая надаіла ў сярэднім ад кожнай каровы  6867 кілаграмаў малака. Галіна Шэраш таксама перасягнула шасцітысячны рубеж.

Галоўны заатэхнік Вера Конюх задаволена вынікамі работы, якія летась дасягнуты малочным  цэхам таварыства. Жывёлаводамі атрымана ад кожнай каровы па 5825 кілаграмаў малака, прыбаўка да выніку папярэдняга года склала 362 кілаграмы. І не толькі колькаснымі паказчыкамі, а і якасцю рэалізаванага малака.

– Усё залежыць ад адносін людзей да работы, – гаворыць Вера Аляксандраўна, – адказны чалавек –  значыць і вынікі відавочныя. Сумленная даярка належным чынам накорміць кароўку, будзе пільна сачыць за станам яе здароўя. Правільна раздоіць пяршачку. Выканае ўсе правілы даення, каб малако на малаказаводзе залічылі самым высокім гатункам. Менавіта ў гэтым і заключаюцца складаемыя поспеху. Адзначу, што для жывёлаводаў у таварыстве паступова ствараюцца лепшыя ўмовы для працы, а іменна праводзяцца мадэрнізацыя абсталявання, рэканструкцыі памяшканняў, укараняюцца новыя тэхналогіі. Ёсць і стымул атрымліваць высокую заработную плату. Людзі аб гэтым ведаюць і плённа працуюць. Галоўнае ў любой рабоце, і гэта агульнавядомая ісціна, – стараннасць і дысцыпліна.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

ПАТРЭБНЫ ДАЯРКІ…

Сёння цалкам рэальна, што любога з нас можа чакаць цёплы камфартабельны дом. Праўда, жыллё знаходзіцца ў іншым раёне, у малазнаёмым населеным пункце, аднак – з гарантаваным бонусам у дадатак – з працоўным месцам. Сэнс у тым, што гаспадаркам востра неабходны рукі даярак, механізатараў, іншых спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю, таму для сваіх дэфіцытных кадраў яны (і дзяржава, якая дае фінансавую магчымасць будаваць «прэзідэнцкія» домікі на вёсцы, таксама) гатовы ствараць падобную жыллёва-бытавую ідылію.

Ідэя сапраўды ўдачная. Добраўпарадкаваныя домікі ў аграгарадках, аснашчаныя прыродным газам і іншымі зручнасцямі цывілізацыі, побач з якімі – і месца працы, і ягадна-грыбны лес, луг, рэчка, не могуць не прыманьваць патэнцыяльных працаўнікоў. Стаўбцоўшчыну ахвотна выбіраюць для перасялення жыхары розных рэгіёнаў рэспублікі (не толькі вяскоўцы, а нават і гараджане), апошнім часам – мігранты з Украіны. У кожнай сям’і – свая прычына, якая пацягнула ў дарогу, але часцей за ўсё на першы план выходзіць тое, што схавана за глыбінёю народнай мудрасці: рыба шукае дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш. Мець сучаснае жыллё і нармальны заробак –  істотныя перадумовы для таго, каб быць шчаслівым і паспяховым не калі-небудзь, а ўжо, у маладыя гады.  

Большасць прыезджых сем’яў, як сведчаць водгукі, акурат над гэтым і шчыруе. Добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў – гэта для іх і неабходнасць, і, так бы мовіць, знак удзячнасці гаспадарцы. Кадравы голад у гаспадарцы такім чынам спатолены. Наймальнік задаволены ўдалай здзелкай. Праўда, пацікавіцца на ўсялякі выпадак рэпутацыяй сям’і – становішчам дзяцей, іх бацькоўска-дзіцячымі адносінамі, часцей за ўсё забывае. А, магчыма, не лічыць патрэбным?..

А пазней вылазяць наверх розныя малапрыемныя «дробязі». Аказваецца,  быццам бы, працавітая і гаспадарлівая сям’я мае і іншы статус – нядобранадзейнай. Дарослыя не супраць узняць чарку, а да дзяцей у іх рукі не даходзяць… Сельвыканкам, школа – менавіта яны пачынаюць біць трывогу. Пасля рэйдаў у сям’ю знаходзяцца ўсе падставы для пастаноўкі сям’і на ўлік, а то і для прызнання становішча дзяцей сацыяльна небяспечным. Ды і ў самога наймальніка нярэдка адбываецца рэзкае «прасвятленне» на рэальны стан рэчаў. Аказваецца, працаўнікамі добрымі, як і бацькамі, яны бываюць толькі тады, калі… няма грошай. Да першай палучкі. А потым – шукайце іх, гора-работнікаў, і, калі знойдзеце ў пахмельным сіндроме, то пачынайце з элементарнага – уталкоўвання працоўнага распарадку, а заадно ўзбройвайцеся мокрай анучай і вучыце іх мыць халадзільнік, запраўляць пасцель. Нярэдка хочацца, прабачце, заткнуць нос, каб не нюхаць той дзікай антысанітарыі, у якую ператварылі яшчэ нядаўна добраўпарадкаваны службовы дом гэтыя так званыя дзікуны, тыповыя качэўнікі ці, як у народзе кажуць пра такіх, перакаці-поле.   

Адразу пасля пераезду, пакуль да іх прыглядваюцца, ацэньваюць, – яны вядуць сябе ціха, становяцца на некаторы час не падобнымі на сябе. Для гэтай перамены прычына вельмі важная, бо ў тым раёне, дзе яны былі да гэтага і адкуль тэрмінова прыйшлося рэціравацца, над імі навісла пагроза адабрання непаўналетніх дзяцей. Бывае, што за гэтымі людзьмі яшчэ і крымінальны след уецца: натвораць сп’яну крадзяжоў ці хуліганстваў, а несці адказнасць ой як не хочацца. Выйсце – сарваліся з наседжанага месца, уцяклі далей, дзе іх не ведаюць.

Калі жыццё па прынцыпе «пачнем з нуля» нечакана і ў нас дасць збой, яны, сабраўшы дзяцей, ірвануць за птушкай шчасця ў іншае месца. А наймальнік, які возьме іх на працу, выдзеліць службовае жыллё, папярэдне не ўзгадніўшы даныя пра сям’ю ва ўчастковага інспектара міліцыі, у камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і т. п., міжволі дапаможа ім узаконіць чарговую міграцыю. З боку грамадства, соцыума пазіцыя такога працадаўцы глядзіцца па меншай меры безадказна. Выходзіць, яму патрэбна сёння даярка ці трактарыст, а як прыжывуцца яны ў вёсцы, чаго ад іх можна чакаць па-за работай тым жа суседзям – яго турбуе мала.     

Як паказвае рэчаіснасць, ад Дэкрэта № 18 усё роўна проста так не збяжыш. Калі ў сям’і бацькі прамянялі дзяцей на бутэльку, то рана ці позна яны непазбежна трапяць у яго сілкі. Прыйдзецца стаяць перад рэальным выбарам: або шлях рэабілітацыі і жыццё са сваімі дзецьмі, або пазбаўленне бацькоўскіх правоў і ўсё жыццё – «укалванне» з кампенсацыяй  выдаткаў на іх утрыманне. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ         

 

НАСТОЛЬНАЯ КНІГА АГРАНОМА

Аграхімічнае абследаванне глебы – выгадная справа. Яно праводзіцца з мэтай праверыць у глебе колькасць гумусу, макра- і мікраэлементаў, а таксама вызначыць участкі павышанай кіслотнасці. Складзеныя па выніках аналітычнай апрацоўкі картаграмы – настольныя кнігі аграномаў, дазваляюць   гаспадаркам рацыянальна прымяняць мінеральныя ўгнаенні, якія каштуюць нятанна, павялічваць і ўраджайнасць сельгаскультур. Летась  такое абследаванне праводзілася ў ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі». У лістападзе работнікамі філіяла ААТ «Аграхімпраект» адабрана 280 проб глебы на плошчы 2400 гектараў. Да пачатку веснавых палявых работ будзе гатовы аграхімічны пашпарт, у якім указваецца сярэдняўзважаная колькасць пажыўных рэчываў на адным гектары па ўсіх паказчыках. З дапамогай спецыяльнай праграмы, якая распрацавана сумесна з навукоўцамі, складаюцца затым планы прымянення мінеральных і арганічных угнаенняў з улікам запланаванай ураджайнасці. У гэтым годзе аграхімічнае абследаванне будзе праведзена ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

 

З РАЁННАГА БЮДЖЭТУ

Напярэдадні правядзення веснавых палявых работ звыш ста энерганасычаных трактароў марак «Беларус-1221, -1523, -2522 і -3022» з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна (акрамя тых, што знаходзяцца на гарантыі)  пройдуць планавае тэхнічнае абслугоўванне ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». На гэтыя мэты з раённага бюджэту абслуговай арганізацыі ўпершыню выдзелена 700 мільёнаў рублёў. Такім чынам гэтая тэхаперацыя абыдзецца гаспадаркам прыкладна на 70 працэнтаў танней. 

–  Сельгаспрадпрыемствы, якія знаходзяцца непадалёку ад нас, даставяць тэхніку сваім ходам,  – патлумачыў дырэктар Сяргей Мельнік, – да астатніх мы накіруем спецыяльныя брыгады, якія і правядуць тэхнічнае абслугоўванне на месцах.

Дарэчы,  райаграсэрвісу выдзелена раёнам дадаткова 400 мільёнаў рублёў на правядзенне тэхабслугоўвання трох новых трактароў «Беларус-3522», якія арганізацыя атрымала летась.

 

«ХОЗЯИН» – У ЛІЗІНГ

Вялікая ўвага ў гаспадарках раёна надаецца кармленню жывёлы. З дапамогай спецыяльнай тэхнікі на фермах сельгаставарыстваў рыхтуюцца пажыўныя кармасумесі. Напрыканцы мінулага года пяць сельгасарганізацый раёна, якія мелі патрэбу ў такіх машынах  (ААТ «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага», «Шашкі», «Рубяжэвічы» і «Рочавічы»),  набылі іх у лізінг.  Гэта  ІСРК-12 «Хозяин», якія выкарыстоўваюцца для здрабнення, змешвання і раздачы кармоў.

 

ПАСЕЯЛІ ЛЮЦЭРНУ НА НАСЕННЕ

У мінулым годзе гаспадаркамі раёна пасеяна 1255 гектараў люцэрны – таннай і каштоўнай бялковай кармавой культуры. Для раёна гэта своеасаблівы рэкорд, бо ў папярэднія гады люцэрнай у гаспадарках практычна не займаліся. А сеяць яе неабходна як мага больш, бо з люцэрны атрымліваецца выдатны сянаж, добрае сена, яна высяваецца і на пашах. Да таго ж, пры належным доглядзе люцэрна аддзячвае неблагім ураджаем травы  больш за пяць гадоў. Улічваючы тое, што перад жывёлаводамі пастаўлена задача і надалей нарошчваць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі, нарыхтоўцы якасных і пажыўных кармоў кіраўніцтвам раёна і райсельгасхарча  ўдзяляецца пільная ўвага. Менавіта таму сёлета запланавана пасеяць яшчэ 1700 гектараў люцэрны і ў бліжэйшы час давесці агульную плошчу пад яе вырошчванне да 4200 гектараў. А значыць наспела патрэба ў насенні: з гэтай мэтай у элітгасе ААТ «Агранёманскі» летась было пасеяна  на насенне 5,5 гектара люцэрны.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *