Пад дахам міру і дабра. Адкрыццё дзіцячага сямейнага дома

Нумары Соцыум

На гэтым тыдні ў Стоўбцах адбылася  падзея, якая сабрала кіраўнікоў вобласці, раёна, прадстаўнікоў друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі. Адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў нашым раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу. Ён пабудаваны ў мікрараёне Усходні, на вуліцы з прыгожай назвай Бярозавая.

Двухпавярховы катэдж засяліла прыёмная сям’я Аляксандра і Кацярыны Васільевых, у якой шасцёра кроўных дзяцей, ужо дарослых, і шасцёра прыёмных і ўсыноўленых.

На будаўніцтва гэтага дома дзяржава выдаткавала 2 мільярды 442 мільёны рублёў. У кароткія тэрміны катэдж  з усімі інжынернымі збудаваннямі, гаспадарчымі пабудовамі і малымі архітэктурнымі формамі ўзвяло пад ключ   ДУП «ПМК-233, кіраўнік якой Яўген Корсак быў запрошаны на прэзентацыю дзіцячай установы ў ліку іншых шаноўных гасцей.

Цалкам апраўдана, што гэтай падзеі была нададзена такая значнасць. З’яўленне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу –  для нашай рэспублікі новая форма ўладкавання дзяцей-сірот у духу паспяховай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі  краіны  адносна аховы дзяцінства. У такіх дамах пражываюць да 10 дзяцей-сірот, якіх выхоўваюць прыёмныя бацькі. Начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак адзначыла ў інтэрв’ю журналістам:

– У Мінскай вобласці прыярытэт аддаецца ўладкаванню дзяцей на сямейныя формы выхавання –  у прыёмныя і апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У 2014 годзе ў Мінскай вобласці 82 працэнты дзяцей-сірот прынялі такія сем’і. Дасягненнем у галіне дзяржаўнай палітыкі па ахове дзяцінства можна лічыць і тое, што нашы беларускія сем’і праяўляюць жаданне і прымаюць рашэнне на ўсынаўленне дзяцей. У 2014 годзе мы мелі самы высокі паказчык – 129 дзетак набылі сем’і, якія сталі для іх роднымі. Такія дзіцячыя сямейныя дамы, як мы адкрываем сёння ў Стоўбцах, у бліжэйшы час павінны адкрыцца ў Маладзечне і Смалявіцкім раёне, а таксама ў Жодзіне. У 41 дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Мінскай вобласці выхоўваюцца 279 дзяцей. Акрамя таго, дзейнічаюць тры дзіцячыя вёскі, у якіх 48 прыёмных сем’яў выхоўваюць 271 дзіця.

Урачыстае адкрыццё дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Стоўбцах прайшло з удзелам старшыні абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры, які  сардэчна звярнуўся да прыёмнай сям’і Васільевых і ўсіх прысутных на ўрачыстасці:

–       У Стаўбцоўскім раёне гэта першы такі цудоўны дом сямейнага тыпу, дзе ў цяпле і ўтульнасці будзе расці наша будучае – дзеці. Краіна развіваецца, і фінансавыя сродкі накіроўваюцца на самае важнае і патрэбнае – паляпшэнне ўмоў жыцця нашых дзяцей. Гэта святая справа. Хачу сказаць добрыя словы ўдзячнасці старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву, які  зрабіў  патрэбныя крокі і паскорыў будаўніцтва дома сямейнага тыпу. Нізкі паклон вам, бацькі, за тое, што вы робіце важную справу па выхаванні дзяцей, аддаяце ім часцінку сваёй душы.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў таксама выказаў радасць з нагоды адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу і пажадаў Аляксандру і Кацярыне Васільевым і іх дзецям Арцёму, Віталю, Уладзіславу, Сяргею, Аляксандру і Людміле дабрабыту, міру і дабра ў іх доме, і каб дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны.

Шчаслівыя навасёлы Васільевы гасцінна запрашалі гасцей у новыя пакоі і прымалі падарункі – камп’ютар, два ноўтбукі, тэлевізар, пасудамыйную машыну, мікрахвалевую печ, два веласіпеды, энцыклапедычныя выданні – ад аблвыканкама, райвыканкама, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь», аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

Шчасця і дабра навасёлам!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *