Выхаванне

Год моладзі Нумары

АКЦЫЯ “ДАСТУКАЦЦА ДА НЯБЁСАЎ

У  Сусветны дзень прафілактыкі СНІД  моладзь Стаўбцоўшчыны запусціла ў неба беласнежныя, як першы снег, геліевыя шары – сімвал памяці пра тых, хто стаў ахвярай СНІД.

У гэты дзень прайшла традыцыйная абласная акцыя-рэквіем  – «Дастукацца да нябёсаў», па задумцы якой  ва ўсіх раёнах Міншчыны адначасова ўзляцелі паветраныя шары. Агульная мальба да нябёсаў і да сваіх равеснікаў: разам спынім СНІД!

Вучні стаўбцоўскіх гарадскіх школ, якія выпускалі шары на пляцоўцы побач з рэстаранам «Нёман», былі апрануты ў майкі з надпісамі  «Спынім СНІД разам». На іх бейсболках красавалася самае важнае прафілактычнае правіла –  «Каханне засцеражэ ад СНІД». На плечы школьнікі накінулі шалікі, якія сведчылі, што яны з’яўляюцца валанцёрамі Беларускага Чырвонага Крыжа.

Менавіта гэтае грамадскае аб’яднанне, яго раённая арганізацыя, прафінансавала набыццё шароў і ўсяго неабходнага для правядзення акцыі. Падчас яе да школьнікаў звярнулася старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская. У сваім выступленні Ірына Міхайлаўна  каторы раз не абмінула падкрэсліць, што «ўзброены» супраць ВІЧ/СНІД толькі той, хто ведае, якім спосабам перадаецца гэтая невылечная на даны момант хвароба, хто захоўвае вернасць маральным прынцыпам і свайму каханню.

Да вырашэння арганізацыйных пытанняў правядзення акцыі далучыліся аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, тэрытарыяльны цэнтр, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дзякуючы РЦГіЭ ўсе ўдзельнікі акцыі атрымалі ў падарунак тэматычныя каляндарыкі на  2015 год.  

Нагадаем, што ахвярамі СНІД, у памяць аб якіх праведзена акцыя, становяцца людзі маладыя, якія сваім жыццём маглі б прынесці неацэнную  карысць грамадству, стаць абаронцамі і ахоўнікамі ўласнай сям’і. Смяротны выпадак ужо зарэгістраваны і на Стаўбцоўшчыне. На шчасце, пакуль адзіны. Аднак статыстыка хворых на ВІЧ/СНІД ужо налічвае 23 чалавекі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У КАМІСІІ ПА СПРАВАХ НЕПАЎНАЛЕТНІХ. ПАГАВАРЫ  СА  МНОЙ,  ПСІХОЛАГ…

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама заслуханы вынікі міжведамаснай акцыі «Дапамажы пайсці вучыцца».

Мэта акцыі – аказанне дапамогі сем’ям, якія перажываюць цяжкую жыццёвую, сацыяльна небяспечную сітуацыі, у зборы дзяцей да новага навучальнага года – фактычна дасягнута. Дзецям з акрэсленых сем’яў сабралі ўсе разам тое, што неабходна для заняткаў, і яны, як і іх равеснікі, маюць магчымасць паўнацэнна спасцігаць школьную навуку. Была праведзена работа ў дачыненні да чацвярых падлеткаў, якія на пачатак новага навучальнага года нідзе не значыліся –  не мелі месца вучобы або працы. Двое з іх маюць інваліднасць, таму знаходзяцца дома, а ў адносінах да іншых падбіраюцца магчымыя кампрамісныя варыянты. Да прыкладу, пасля гутаркі, праведзенай з незанятым падлеткам і яго маці, высветлілася, што хлопец  працуе неафіцыйна, на даны момант падаў дакументы на афармленне  пашпарта. Праблем з законам у яго няма.    

– У цэлым сітуацыя ў сем’ях застаецца пад кантролем. Але ёсць і трывожныя сімптомы, калі, напрыклад, школа падае нам звесткі, што ў сям’і дзяцей гадуюць не бацькі, а бабуля з дзядулем, а ў адносінах да аднаго дзіцяці ўстанаўліваецца апека з боку бабулі, – разважае намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько. 

Наталля Хвасько падзялілася з членамі камісіі і іншымі надзённымі праблемамі, на якіх была засяроджана ўвага падчас нядаўняга абласнога семінара. Ад камісіі чакаюць больш прынцыповага падыходу да суб’ектаў прафілактыкі, якія неналежна выконваюць заканадаўства аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. За дапушчаныя ў рабоце недахопы варта не абыходзіцца вуснымі заўвагамі, а пісаць прадстаўленні. Станоўчую ролю павінна адыграць цеснае супрацоўніцтва з пракуратурай, тое, што яе супрацоўнікі прымаюць удзел у пасяджэннях камісіі. Асаблівы ўпор – на збор доказнай базы адміністрацыйных матэрыялаў. Віну бацькоў, якія неналежным чынам выконваюць свае  абавязкі, неабходна пацвярджаць дакументальна: характарыстыкамі з месца працы і жыхарства, інфармацыяй са школы і т. п.                

Дакладна акрэслены і сучасныя падыходы да работы з сем’ямі, дзе дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча,  маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. У даным выпадку спецыялісты сацыяльна-педагагічнага, тэрытарыяльнага цэнтраў павінны ўшчыльную працаваць як з дзецьмі, так і з іх бацькамі. Мэта адна – дапамагчы наладзіць іх  адносіны. Больш дабавіў прадстаўнік інспекцыі па справах непаўналетніх: з боку праваахоўных органаў рэспублікі прад’яўляецца патрабаванне, каб псіхолаг працаваў з кожным падлеткам, які трапіў на ўлік у інспекцыю.      

Аднак, як адзначыла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жанна Нікалаеня, у раёне назіраецца адчувальны дэфіцыт кадраў псіхолагаў. Калі педагогам сацыяльным можа працаваць у прынцыпе і педагог-прадметнік (сёлета імі сталі дзесяць новых спецыялістаў), то псіхолагам – выключна спецыяліст.

– З улікам сітуацыі неабходна прыцягваць для аказання псіхалагічнай дапамогі (у прыватнасці, бацькам з нядобранадзейных сем’яў) спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра. Патрэбна сабрацца разам і абмеркаваць варыянты супрацоўніцтва, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Сяргей Шэсцель.   

На пасяджэнні былі таксама абмеркаваны вынікі рэйду, праведзенага камісіяй на тэрыторыі Горкаўскай школы. Падчас яго наведаны  і сем’і, якія не стаяць на тым ці іншым уліку. За знешняй прыстойнасцю ў шасці (!) сем’ях выяўлены  недахопы, якія прымушаюць гаварыць аб сацыяльна небяспечным становішчы дзяцей. Мясцовай установе адукацыі, у адносінах да якой камісіяй па справах непаўналетніх напісана прадстаўленне на імя начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, у бліжэйшы час неабходна правесці сацыяльнае расследаванне ў дачыненні да кожнай з гэтых сем’яў, ажыццявіць пастаноўку іх на ўнутрышкольны прафілактычны ўлік.

Патрабаванне правядзення сацыяльнага расследавання даручана таксама ўстановам адукацыі раёна, вучні якіх самавольна пакідалі месца жыхарства, былі аб’яўлены  ў вышук. З пачатку бягучага года на Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны пяць такіх паведамленняў, двое з гэтых падлеткаў  разгледжаны на камісіі.

 

«АДПІСКА» ЗАМЕСТ РЭАБІЛІТАЦЫІ

На базе ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы» прайшло выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх.

На пасяджэнні былі разгледжаны адміністрацыйныя матэрыялы ў адносінах да бацькоў, якія неналежным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі, а таксама запрошаны сем’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Заслухана справаздача аб рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі кіраўніцтва дзвюх гарадскіх школ –  №№ 3 і  2.  

Перш чым рабіць пэўныя высновы, акрэсліваць праблемныя моманты, варта засяродзіць увагу на сем’ях. За што іх разглядаюць? Чаму менавіта яны трапілі ў поле зроку? Як яны самі ацэньваюць тое, што адбываецца з імі, з іх дзецьмі? Гэта надзвычай важныя пытанні, адказы на якія (і гэта паказала і выязное пасяджэнне) бацькі не заўсёды шукаюць у сабе, у сваёй сям’і. Іншым разам спрабуюць перакласці адказнасць на іншых, у тым ліку і на школу. Сапраўды, у рабоце з сем’ямі ад педагогаў, ад іх граматнага і мэтанакіраванага падыходу залежыць шмат. І роля соцыуму адназначна вялікая. Цеснае ўзаемадзеянне школы з соцыумам, іншымі суб’ектамі прафілактыкі садзейнічае ранняму выяўленню сямейнай нядобранадзейнасці, папярэджанню сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей.          

А сямейныя сітуацыі, як сведчаць разгледжаныя матэрыялы, бываюць самыя розныя –  ад нязначнага на першы погляд бацькоўскага недагляду, упушчэння да сур’ёзных канфліктаў дома і ў класе, да злоўжывання спіртнымі напіткамі. Мікрараён школы № 3, дзе сёння навучаюцца 1462 вучні, – малады, хутка засяляецца. Адпаведна, і праблемныя сем’і ёсць. Разам з тым, на ўліку ў такой вялікай школе ўсяго чатыры сям’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, і гэта, на агульную думку камісіі па справах непаўналетніх, наўрад ці адлюстроўвае рэальную карціну. 

– Крытэрыяў для прызнання становішча дзяцей у сям’і сацыяльна небяспечным існуе больш чым дастаткова, і не абавязкова гэта злоўжыванне бацькамі спіртнымі напіткамі, – тлумачыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.                                                                                                   

Падчас шматгадзіннай размовы з сем’ямі становіцца відавочна, што і скасаванне шлюбу можа стаць прычынай сямейнай нядобранадзейнасці. А калі, напрыклад, у сям’і чацвёра дзяцей, і ўсе з рознымі прозвішчамі?.. Гэтыя і іншыя факты педагогам нельга не ўлічваць: яны даюць падставы для правядзення сацыяльнага расследавання і, пры наяўнасці крытэрыяў, прызнання становішча дзяцей сацыяльна небяспечным.

– На працягу года педагогі робяць падворны абход дамоў і кватэр, дзе ёсць непаўналетнія, –  падзялілася дырэктар школы № 3 Жанна Лысая. – Гэтая работа ўскладзена пераважна на сацыяльна-педагагічную службу, класных кіраўнікоў. Работа з сем’ямі вядзецца сумесна з тэрытарыяльным і сацыяльна-педагагічным цэнтрамі, інспекцыяй па справах непаўналетніх. На пасяджэннях школьнага савета прафілактыкі рэгулярна разглядаем прамежкавыя вынікі рэалізацыі планаў рэабілітацыі сем’яў, дзе дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Аднак запрошаныя ў школу зацікаўленыя суб’екты прафілактыкі (да прыкладу, цэнтральная раённая бальніца) часцей за ўсё ігнаруюць запрашэнне, а на наш запыт праінфармаваць аб праведзенай з канкрэтнай сям’ёй рабоце даюць звычайную «адпіску», адказваюць нясвоечасова. Як у такім выпадку разглядаць ход рэалізацыі плана?.. 

Для працягу гэтай тэмы намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Сяргей Шэсцель унёс слушную прапанову – больш актыўна падключаць да работы з сем’ямі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, у прыватнасці, намеснікаў дырэктараў па ідэалагічнай рабоце. Менавіта праз іх можна рэальна ўплываць на тую ці іншую сям’ю, аказваць ім неабходную дапамогу і падтрымку.

І ў гэтым плане школа № 3 паказвае добры прыклад супрацоўніцтва. Цесныя стасункі наладжаны з філіялам ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, дзе працуюць бацькі многіх вучняў школы і, акрамя таго, многія сем’і пражываюць у ведамасным інтэрнаце. «Для шматдзетных сем’яў выдзяляем у інтэрнаце цэлы блок, таму па асобным пакоі ёсць у бацькоў і ў дзяцей. Створаны неабходныя бытавыя ўмовы. На першым паверсе інтэрната – магазін. Хацелася б, каб і сем’і цанілі гэта, апраўдалі давер», – адзначыў памочнік дырэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльным развіцці Віталь Шалькевіч, які прымаў удзел у выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.

Апраўданне даверу – гэта не толькі станоўчая характарыстыка  з месца работы, а і дома – добрая сям’я, ачаг міру і дружбы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЦАНІЦЬ СВАБОДУ

Экскурсія школьнікаў у ізалятар часовага ўтрымання – адно з мерапрыемстваў, якое правяла крымінальна-выканальніцкая інспекцыя сумесна з іншымі службамі райаддзела міліцыі падчас прафілактычнай акцыі «Цані свабоду». 

Гэтыя дзевяць вучняў школы № 2 і 15 вучняў школы № 3 горада – рабяты асобай катэгорыі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

У перыяд правядзення асноўнага этапу ўвага была звернута не толькі на непаўналетніх. Узмоцнены кантроль быў наладжаны за асобамі, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, асуджаны да абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, за тымі, хто мае судзімасць і т. п. Аналіз паказвае, што на тэрыторыі раёна зарэгістравана зніжэнне рэцыдыўных злачынстваў амаль на 32 працэнты, аднак удзельная вага данага віду злачынстваў у агульнай злачыннасці перавышае сярэднеабласны паказчык.

Для падуліковых асоб, акрамя праверак, была наладжана сустрэча з прадстаўнікамі пракуратуры і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Памочнік пракурора Аляксей Кутас растлумачыў прысутным прававыя наступствы ўчынення паўторных злачынстваў і правапарушэнняў, нагадаў, што менавіта працаўладкаванне з’яўляецца адным з асноўных крытэрыяў, якія пацвярджаюць станаўленне асобы на шлях выпраўлення. Акрамя вынесеных пракурорскіх папярэджанняў асуджаным былі выдадзены накіраванні для далейшага працаўладкавання.    

У раёне падчас акцыі прайшлі пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, дзе разглядаліся раней судзімыя, якія пражываюць на даным адміністрацыйным участку.    

Трэба сказаць, што на працягу тыдня, пакуль ішла акцыя, выяўлены два злачынствы, учыненыя падуліковымі асобамі, а таксама 56 адміністрацыйных правапарушэнняў, што значна больш, чым падчас папярэдняй аналагічнай акцыі. Мы прапануем праводзіць такія акцыі ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі службамі і ведамствамі раёна штоквартальна.  

Уладзімір КУХАРЧЫК, начальнік крымінальна-выканальніцкай інспекцыі райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *