Аўтобус чакаюць і ў аддаленай вёсцы

Нумары Прамая лінія

На прамую лінію з дырэктарам аўтапарка № 17 Іванам Бычкевічам за дзве гадзіны яе работы паступіла не менш за 20 званкоў. Звярталіся жыхары самых розных населеных пунктаў раёна. І, дарэчы, не толькі па тэлефоне. Падчас прамой лініі прыйшла на прыём стаўбчанка Вольга Гірко, якую, у прыватнасці, у аўтапарк прывяло пытанне аўтобуснага забеспячэння гарадскога мікрараёна Акінчыцы.

Што датычыць Акінчыцаў, то ў новым годзе ў напрамку гэтага мікрараёна ўведзены дадатковы рэйс, каб дзецям было зручней дабірацца на другую змену школьных заняткаў.  Акрамя таго,  на маршруце Стоўбцы – Акінчыцы зроблены заезд на маторны завод. Карэкціроўкі ўнесены і ў дзеючы расклад руху грамадскага пасажырскага транспарту, інфармацыя аб чым адлюстравана на спецыяльных шыльдах на прыпынках.  

Несумненна, за кожным са зваротаў стаяць  праблемы людзей, якія хочуць быць пасажырамі і атрымліваць ад перавозчыка запатрабаваную і максімальна якасную паслугу.

Жыхар Рочавічаў Пётр Заяц падзякаваў за тое, што да іх рэгулярна ходзіць аўтобус, і выказаў пажаданне аб павільёне на аўтобусным прыпынку, які б захінаў ад непагадзі…

– Дзякуй. Ваша пытанне хутчэй да ДРБУ № 135, якое абслугоўвае дарогу. Мы займаемся арганізацыяй аўтобусных зносін. Тым не менш, таксама пастараемся перадаць вашу просьбу па адрасе.

Марыя Чарнюк, Марыя Жыбуль, Ірына Пукач і іншыя жыхары Навапольцаў выказаліся за ўвядзенне дадатковых рэйсаў маршрутных аўтобусаў праз іх вёску ў будныя дні.         

– У пятніцу, суботу і нядзелю ў Навапольцы заходзяць аўтобусы нясвіжскага аўтапарка. Праз Навапольцы праходзіць і наш штодзённы маршрут Стоўбцы – Ахрэмавічы ў 13.00 з аўтавакзала. Вывучым магчымасці і разгледзім вашу прапанову. 

Пенсіянер Канстанцін Пальчык са Слабодкі звярнуўся з просьбай, каб прыгарадныя аўтобусы ранішніх рэйсаў, якія прыбываюць у Стоўбцы, спыняліся бліжэй да раённай паліклінікі. Старым і хворым людзям цяжка пераадольваць адлегласць ад гаспадарчага магазіна.

– Вывучым ваша пытанне, але неабходна ўлічваць, што пры павелічэнні працягласці маршруту  вырасце кошт білета.                   

Стаўбчанка Вольга Грыцкевіч цікавілася, чаму аўтобусы Стоўбцы – Раёўшчына, Стоўбцы – Залужжа (вячэрнія рэйсы) на зваротным шляху не заязджаюць у Ператокі? 

– Раней вывучаўся пасажырапаток, які засведчыў адсутнасць пасажыраў на вячэрніх рэйсах і, да таго ж, дрэнныя дарожныя ўмовы на гэтым напрамку. Каб скараціць выдаткі, аўтобус быў пушчаны напрамую. Акупнасць тых жа прыгарадных маршрутаў за мінулы год склала 52,5 працэнта, гарадскіх – 23,9 працэнта.  

– Ці можна падкарэкціраваць час адпраўлення аўтобуса Стоўбцы – Раёўшчына? Чаму курсіруюць такія малыя аўтобусы?

– Наконт карэкціроўкі часу – не, таму што расклад аўтобусаў пабудаваны так, каб даставіць людзей на працу, вечарам – забраць назад. У вашым напрамку курсіруюць і вялікія аўтобусы, і аўтобусы малой умяшчальнасці, калі ўзнікае такая неабходнасць з-за паломкі аўтобуса. Усіх пасажыраў на прыпынках мы забіраем. Аўтобусы вялікай умяшчальнасці накіроўваюцца па больш пасажыраёмістых маршрутах.      

Жыхарка Стоўбцаў Марыя Крыніцкая звярнулася з просьбай заезду гарадскога аўтобуса непасрэдна ў «Царскае сяло».

– Разгледзім ваша пытанне. Але ў «Царскім сяле» не абсталяваны прыпыначныя пункты. Можна карыстацца аўтобусамі, якія рухаюцца па напрамках Стоўбцы – Ціскаўшчына, Стоўбцы – Зарэчча, Стоўбцы – Трылес. Прыпынак знаходзіцца між «Царскім сялом» і рэстаранам «Турыст».

Жыхары Заямнага паскардзіліся на тое, што не ўсе аўтобусы спыняюцца на прыпыначным пункце ДБУ № 29.

– Не спыняюцца толькі тыя аўтобусы, якія рухаюцца па маршруце Стоўбцы – Куль, Стоўбцы – Жукаў Барок, Стоўбцы – Налібакі. Яны адносяцца да прыгарадных хуткасных маршрутаў і, у адрозненне ад гарадскіх маршрутаў, не павінны спыняцца на ўсіх прыпынках. Для ўсіх прыгарадных маршрутаў прадугледжаны прыпынак у аграгарадку Заямнае, наступны – у Канкаловічах.      

Аналагічнае пытанне задала Людміла Ашмянка, якая прасіла, каб маршрутныя аўтобусы спыняліся ў Новым Свержані каля могілак, а аўтобус Стоўбцы – Ахрэмавічы спыняўся яшчэ і на прыпынках ля клуба і царквы.

– Абавязак вадзіцеля – ажыццяўляць пасадку і высадку пасажыраў толькі там, дзе ёсць абсталяваная і абазначаная стаянка. Былі неаднаразовыя аварыйныя здарэнні на неабсталяваных пунктах, і адказнасць за гэта неслі ў тым ліку і вадзіцелі аўтобусаў. Пры абсталяванні прыпынка каля могілак аўтобус будзе спыняцца.  Маршрут Стоўбцы – Ахрэмавічы – хуткасны прыгарадны, таму ў Новым Свержані для яго прадугледжаны толькі адзін прыпынак – у цэнтры вёскі, каля магазіна. На ўсіх свержанскіх прыпынках без выключэння спыняюцца аўтобусы Стоўбцы – Новы Свержань і Стоўбцы – Галавенчыцы.

Ірына Супрун узняла пытанне прыпынку аўтобусаў у Мясёнкаўшчыне.

– У вашай вёсцы няма прыпыначнага пункта. Каб абсталяваць яго, вам неабходна звяртацца ў ДРБУ № 135, якое абслугоўвае дарогу.

Іван Босы прасіў, каб аўтобус (час адпраўлення – 07.30) заходзіў у  вёску Дружную. Ад жыхароў Ціханавай Слабады паступіла калектыўная просьба: каб аўтобус заходзіў у іх вёску хаця б адзін раз на тыдзень, у сераду. Стаўбчанка Ірына Гарановіч выказала пажаданне, каб гарадскі аўтобус хаця б па вялікіх рэлігійных святах падвозіў людзей да могілак у Сцяцках.      

– Разгледзім вашы прапановы. У Дружную заходзіць аўтобус Стоўбцы – Куль, таму мы не плануем больш заездаў у вёску.  Пытанне жыхароў Ціханавай Слабады вывучым і дадзім адказ пазней. Наконт падвозу людзей да могілак у Сцяцках – станоўчае рашэнне. Па вялікіх рэлігійных святах пусцім у гэтым напрамку аўтобус і вывесім для людзей расклад яго руху.

Таццяна Новік цікавілася: «Калі будзе прамы аўтобус на Жыгалкі?»

– Такое пытанне на даны момант не разглядаецца. Маршруты Стоўбцы – Жыгалкі праз Новы Свержань і Стоўбцы – пансіянат аб’яднаны, каб скараціць выдаткі. У пасажыраў ёсць магчымасць даехаць на іншых маршрутных аўтобусах.         

– У аб’яве пісалі, што на аўтастанцыі з’явіўся кароткі нумар – 114, але ён не адказвае.

– У бліжэйшы час тэлефон будзе адрамантаваны і вы зможаце атрымаць па ім усю неабходную інфармацыю адносна руху аўтобусаў. Можна пазваніць і па гарадскім тэлефоне аўтастанцыі. Нумар яго не так даўно змяніўся, цяпер ён такі  – 5-15-67. 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *