19 студзеня – Дзень выратавальніка

Нумары РАНС інфармуе

КАЛІ ДЗЕЦІ НЕ ПАДВОДЗЯЦЬ БАЦЬКОЎ

Выратавальнікі раёна правялі ў Стаўбцоўскіх электрасетках прафілактычную акцыю, удзел у якой узяў і начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Максім Шышканаў.  

У актавай зале, дзе сабраліся работнікі розных службаў прадпрыемства, былі прадэманстраваны слайды, адзнятыя на месцах пажараў і іншых надзвычайных сітуацый рэспублікі, у тым ліку і тых, што атрымалі гучны грамадскі рэзананс (станцыя метро «Няміга», Казловіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, мэблевая фабрыка ў Пінску, Краснапольская школа, свежы выпадак – абрушэнне перакрыцця на  магазіне «Еўраопт», які будуецца ў  Барысаве). Каментуючы іх, Максім Шышканаў агучыў статыстычныя даныя:

– У 2014 годзе  ў рэспубліцы здарыліся 6 233 пажары, на якіх загінулі 652 чалавекі,13 з іх –  дзеці. У Мінскай вобласці зарэгістраваны 1 294 пажары: у агні загінулі 150 чалавек, з іх  трое –  дзеці. Асноўная прычына пажараў і гібелі людзей – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Часцей за ўсё трагедыя адбываецца з тымі, хто знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Яшчэ адна прычына пажараў, якая выклікае асаблівую трывогу, – дзіцячае свавольства з агнём. Жартуюць з агнём дзеці, але віноўнікамі гэтага з’яўляюцца бацькі, якія захоўваюць запалкі ў бачным месцы, пакідаюць малалетніх адных без нагляду і не задумваюцца, што рызыкуюць самым каштоўным – жыццём сваіх дзяцей.

Начальнік упраўлення звярнуў асаблівую ўвагу на работу, якая праводзіцца  МНС для папярэджання дзіцячай гібелі. Гэта сумесныя рэйды ў сем’і, сустрэчы ў працоўных калектывах, правядзенне сельскіх сходаў, ініцыіраванне мер уздзеяння ў адносінах да нядбайных бацькоў. Прафілактычная работа з дзецьмі і падлеткамі вядзецца праз клубы юных выратавальнікаў-пажарных, Беларускую маладзёжную грамадскую арганізацыю выратавальнікаў-пажарных.      

Юныя выратавальнікі-пажарныя былі запрошаны прыняць удзел і ў гэтай сустрэчы. Вучні 3 «А»класа школы № 2 горада Стоўбцы падрыхтавалі тэматычныя нумары мастацкай самадзейнасці, у якіх прагучала шмат вершаў пра выратавальнікаў-пажарных.

–  Трэці «А»  – наш самы «пажарны» клас! Многія бацькі гэтых дзяцей працуюць у нас, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, – заўважыў начальнік райаддзела Валерый Ілюшын, калі ўручаў дзецям і іх настаўнікам салодкі прыз і памятныя падарункі, буклеты аб правілах пажарнай бяспекі.      

Дарэчы, прызы, а гэта былі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, атрымалі і работнікі электрасетак – самыя актыўныя, хто правільна адказваў на пытанні па тэме бяспечнай жыццядзейнасці.

З актавай залы акцыя перамясцілася на тэрыторыю прадпрыемства, дзе была выстаўлена пажарная тэхніка. Начальнік пажарнай часці Дзмітрый Рагоза расказаў аб яе прымяненні і рабоце разнастайнага сучаснага абсталявання, якім укамплектавана падобная тэхніка. Экіпіраваныя байцы пажарнай часці наглядна прадэманстравалі ўсё тое, чым прыходзіцца займацца ім у выпадку пажару або любой іншай надзвычайнай сітуацыі.

    НА ЗДЫМКАХ: начальнік абласнога ўпраўлення МНС Максім Шышканаў на сустрэчы ў электрасетках; знаёмства энергетыкаў з абсталяваннем выратавальнікаў-пажарных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

ПРАФЕСІЯ ДЛЯ МАТЫВАВАНЫХ

У пярэдадзень прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыем Ілюшыным і задалі яму некалькі пытанняў.

–  Пачатак новага года –  час падвядзення вынікаў. Якія яны ў вас за мінулы год?

– У 2014 годзе амаль на 20 працэнтаў зменшылася колькасць пажараў, і іх устойлівае зніжэнне назіраецца на працягу апошніх дзесяці гадоў. Не дапушчана дзіцячай гібелі, пажараў у дзяржаўным сектары. Гэта вынік актыўнай прафілактычнай работы, што праводзіцца як з дарослымі, так і з дзецьмі. Вялікая ўвага ўдзелена сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва. Дзесьці 150-ці шматдзетным сем’ям раёна ўстанавілі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і аб’ядналі іх у сетку з вывадам сігналу на фасад будынка. Сродкі на гэтыя мэты выдаткаваны з раённага бюджэту. Нашы супрацоўнікі правялі сустрэчы ва ўсіх працоўных калектывах, школах, дзіцячых садках. У сельскіх населеных пунктах склікалі людзей на сельскія сходы… Акрамя таго, на мільярд рублёў аказана платных паслуг сельскагаспадарчым і будаўнічым арганізацыям, насельніцтву. Па выніках работы за мінулы год асобныя нашы супрацоўнікі заахвочаны міністрам па надзвычайных сітуацыях, старшынёй райвыканкама.

– Відавочна, што ў горадзе пабольшала аўтобусаў з вашай рэкламай.

– Так, курсіруюць ужо сем такіх аўтобусаў, якія належаць аўтапарку № 17, іншым арганізацыям раёна. Маляўнічая рэклама бяспечнай жыццядзейнасці ідзе і з чатырох білбордаў, двух банараў, устаноўленых на вуліцах горада. Іх колькасць будзем павялічваць.         

– Што яшчэ задумалі на новы год?

– Будзем працягваць дзейнасць па папярэджанні пажараў і гібелі людзей. Прыярытэт застаецца за жылым сектарам. Падворныя абходы нашы супрацоўнікі пачалі ажыццяўляць ўжо ў навагодне-калядныя дні. У рабоце з дзецьмі захаваем як ранейшыя формы (акцыі, брэйн-рынгі, флэш-мобы, спартландыі, грамадска-масавыя мерапрыемствы на стадыёне), так дабавім і новыя. Напрыклад, мяркуем правесці конкурс графіці на супрацьпажарную тэматыку, свой турыстычны злёт.                          

–  Што паказваюць праверкі домаўладанняў? Якія парушэнні ўплываюць на пажарную бяспеку дамоў?

–  Тыповыя сярод іх – дрэнны стан пячнога ацяплення, яго няправільная эксплуатацыя. Небяспечна, калі ў дымаходзе або корпусе печы ёсць трэшчыны, калі перад печчу няма перадтопачнага ліста, калі ў электралічыльнік устанаўліваюцца некалібраваныя плаўкія ўстаўкі («жучкі»). Гутарым з домаўладальнікамі, папярэджваем іх і даём тэрмін для ўхілення недахопаў, але калі гэта не дапамагае – караем рублём. За мінулы год да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 200 жыхароў раёна.                               

– Без пажараў не бывае, аднак вельмі важна, што ўдаецца лакалізоўваць іх на пачатковай стадыі. Дапамагае сучасная тэхніка?

– Так. Наша база ў мінулым годзе ўмацавалася. Акрамя двух новых камплектаў аварыйна-выратавальнага абсталявання «Холматра» і інш., у баявы разлік паступілі новая цыстэрна на шасі «МАЗ» аб’ёмам 10 000 літраў (яна замяняе чатыры стандартныя цыстэрны) і аўтаматычны каленчаты аўтапад’ёмнік вышынёю 25 метраў. Апошні, на шчасце, пакуль давялося прымяняць толькі падчас вучэнняў або прафілактычных акцый.

– Бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі. Ведаю, што ў вашу часць на аварыйна-выратавальныя пасты і ў інспекцыю прыйшло нямала маладых спецыялістаў. Як вы стымулюеце іх жаданне служыць дастойна?        

– За апошнія два-тры гады моладзі прыйшло сапраўды шмат. Самае галоўнае  – служба  іх стымулюе. Створаны нармальныя ўмовы службы – ва ўсіх падраздзяленнях абсталяваны ўнутраныя санвузлы і душавыя пакоі, зроблены касметычны рамонт, добраўпарадкаванне. Дзейнічаюць сацыяльныя гарантыі. У нас восем шматдзетных сем’яў, і кожная з іх дадаткова атрымлівае штоквартальную матэрыяльную дапамогу. Паўтару, у карыстанні – сучасная тэхніка. Ёсць магчымасць займацца спортам і выступаць за зборныя каманды вобласці па лыжах і міні-футболе, за баскетбольную зборную раёна. Разам з моладдзю не забываем і пра ветэранаў пажарнай службы. Сёлета мяркуем стварыць сваю ветэранскую арганізацыю.

– Бадай, не кожны калектыў можа пахваліцца такімі напрацоўкамі.

– Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях  адзін з нямногіх у Мінскай вобласці, дзе службу нясуць свае, а не прыезджыя, кадры. Пасля заканчэння профільных навучальных устаноў мы ўсіх выхадцаў з раёна забіраем да сябе. І з імі, як паказала шматгадовая практыка, працаваць значна лягчэй. Яны ж ведаюць свой раён, людзей. Тым выпускнікам школ раёна, хто таксама хоча выбраць прафесію выратавальніка, неабходна звяртацца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

–  І апошняе – вашы віншаванні калегам, былым калегам…

– Калектыву райаддзела і нашым шаноўным ветэранам, іх сем’ям жадаю ў сувязі з прафесійным святам моцнага здароўя, поспехаў у службе і ва ўсіх іх пачынаннях, бадзёрасці духу, шчасця і даўгалецця.             

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПРОЙДЗЕШ МІНІМУМ – ВОЗЬМЕШ МАКСІМУМ

На базе Цэнтра навучання пажарнай бяспецы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшло навучанне інжынераў па ахове працы, якія працуюць у сельгасарганізацыях раёна.

Заняткі, у якіх брала ўдзел і галоўны дзяржаўны інспектар па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Магер, прадугледжваў атрыманне тэарэтычнага пажарна-тэхнічнага мінімуму. Неабходна заўважыць, што другая частка заняткаў – практычная – прайшла падчас раённага Дня аховы працы.

–  У аснову заняткаў было пакладзена асваенне палажэнняў новых «Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ППБ Беларусі 01-2014», – адзначыла інспектар дзяржаўнага пажарнага нагляду райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч. – Слухачы задавалі шмат пытанняў, таму што вывучалі формы вядзення журналаў і ўліковай дакументацыі.

Слухачам былі прадэманстраваны відэаролікі аб пажарнай бяспецы ў адміністрацыйных будынках, аб папярэджанні дзіцячай гібелі на пажарах і ўручана наглядна-выяўленчая прадукцыя для далейшага размяшчэння яе на стэндах бяспекі ў сваіх арганізацыях.

Цэнтр навучання пажарнай бяспецы гатовы праводзіць неабходнае на працягу года навучанне не толькі інжынераў па ахове працы, а і работнікаў, якія займаюцца агнявымі і газаэлектразварачнымі работамі, аператараў і качагараў кацельняў, тых, хто ў сезон заняты на ўборачных работах, і т. п. Жадаючыя могуць звяртацца па тэл. 5-92-66 (да інспектара Таццяны Тарасевіч).

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *