Справы маладых

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

З’ЕЗД БРСМ – ТРАДЫЦЫІ І БУДУЧАЕ

19-20 студзеня ў Мінску збіралася моладзь на 42-гі з’езд грамадскага аб’яднання БРСМ. Прадстаўлялі на ім наш раён сакратары пярвічных арганізацый БРСМ школ №№ 2 і 3 г. Стоўбцы –  Яна Клімовіч і Дзіяна Сідаровіч, а таксама першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Рэспубліканскі з’езд БРСМ  стаў яркай падзеяй, сімвалам аб’яўленага ў Беларусі Года моладзі. Перад пачаткам форуму дэлегацыя Мінскай вобласці сустрэлася з кіраўніцтвам Мінаблвыканкама. Размова прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. У такім жа фармаце была пабудавана і работа самога форуму. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў Палацы Рэспублікі. Насычаную атмасферу з’езда дапоўніла выстаўка патрыятычнай фатаграфіі нашых сучаснікаў – «Разам дом пабудуем».

У рамках з’езда  прайшла відовішчная і запамінальная патрыятычная акцыя на плошчы Перамогі,  прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі, – «Мы помнім і ганарымся». Удзельнікі і дэлегаты форуму былі запрошаны ў кінатэатр «Октябрь» –  для сумеснага прагляду фільма «Дзяржаўная граніца». Пасля яго прагляду адбыліся сустрэчы моладзі з аўтарамі і вядучымі акцёрамі фільма, іх адкрыты дыялог на тэму «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучае».

Дзяржава ўскладвае на моладзь вялікія надзеі, дае ёй шанц раскрыць свой інтэлектуальны і культурны патэнцыял, быць у цэнтры грамадскага жыцця, каб шляхам самаразвіцця рухаць краіну наперад. Ідэі і праекты, якія ўжо сёння ўвасабляе моладзь, даюць падставы захапляцца яе патэнцыялам.

 

СА СПЕЦНАЗА – У АКТЫЎ МІЛІЦЫІ

Браты-блізняты Мікіта і Назар Буланцавы, якія адслужылі тэрміновую ваенную службу ў спецназе, прадэманстравалі сваю выпраўку і дастойна прадставілі Стаўбцоўшчыну на штогадовым вучэбна-метадычным злёце камандзіраў і актыву маладзёжных атрадаў аховы правапарадку.

Тут, у ваенным гарадку Аколіца, што пад Мінскам, на базе воінскай часці 3310 злёт пачаўся з паказальнага выступлення 1-й роты. А далей і саміх удзельнікаў чакалі сапраўды мужчынскія выпрабаванні: падцягванне, стральба з паветранага пісталета, зборка і разборка аўтамата і запраўка магазіна на час, перацягванне каната, падыманне гіры 16 кг, дартс, а таксама адцісканне, якое ўвогуле нікім не абмяжоўвалася, а было разлічана толькі на ўласнае выбыванне.

Для братоў Буланцавых гэта ўсё не стала вялікай цяжкасцю. Яны са школьных гадоў загартаваны спортам, у першую чаргу такім сваім любімым відам як рукапашны бой. Адзін з іх, Мікіта, падчас злёту выйшаў трохразовым пераможцам, а менавіта паказаў найлепшыя вынікі ў трох конкурсных намінацыях: стральбе з паветранага пісталета, разборцы і зборцы аўтамата, дартсе.

– За дастойнае выступленне браты Буланцавы адзначаны граматамі абласнога камітэта БРСМ, падарункамі, – заўважае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. На памяць хлопцам засталіся і ўражанні ад экскурсіі па воінскай часці.

Добраахвотныя маладзёжныя атрады, у саставе якіх знаходзяцца такія байцы, як браты Буланцавы, аказваюць пасільную дапамогу міліцыі ў ахове правапарадку на вуліцах Стоўбцаў і сельскіх населеных пунктаў раёна.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *