Векапомнае

Вялікай Перамозе прысвячаецца Дзякуй, салдат! Нумары

НЯМА САЛДАТАЎ НЕВЯДОМЫХ

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Пішуць вам сёстры – Ірына Міхайлаўна Валай і Валянціна Міхайлаўна Есаулава. Мы звяртаемся да вас з просьбай: напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі на старонках газеты ўспомніць пра нашага бацьку – Касабуцкага Міхаіла Андрэевіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Міхаіл Андрэевіч нарадзіўся ў вёсцы Ператокі ў 1914 годзе. Тут ён жыў, працаваў, адсюль быў мабілізаваны ў Савецкую Армію і трапіў на фронт. Пад Кёнігсбергам быў цяжка паранены, страціў левую руку, лячыўся ў шпіталі. Пасля вайны, нягледзячы на інваліднасць, добрасумленна працаваў у калгасе, хоць раненне напамінала аб сабе рознымі хваробамі.

Наш бацька меў баявыя ўзнагароды – ордэн Айчыннай вайны, медаль «За перамогу над Германіяй». Цяпер яны захоўваюцца ў нашага брата Сямёна Міхайлавіча Касабуцкага. Бацьку заўсёды запрашалі на свята Перамогі выступіць перад школьнікамі з успамінамі пра вайну.

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі, у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» выдадзена кніга «Памяць. Стаўбцоўскі раён». Аднак там сярод іншых імён ветэранаў мы не знайшлі імя М. А. Касабуцкага. Было вельмі крыўдна, што пра яго забыліся. Лічым, што наш бацька, як сапраўдны франтавік, быў дастойны таго, каб яго імя, побач з іншымі, было ўвекавечана ў кнізе «Памяць».

Няма ўжо нашага бацькі. Усё менш застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. І мы звяртаемся да вас: можа знойдзеце магчымасць прысвяціць хаця б некалькі радкоў тым удзельнікам вайны, імёны якіх не трапілі на старонкі кнігі «Памяць». Не павінна быць невядомых салдатаў.

І. М. ВАЛАЙ, в. Ператокі, В. М. ЕСАУЛАВА, г. Наваполацк

 

МАМА АБЕРАГАЛА АД БЯДЫ

Адыходзіла лета. Пад восень 1943 года ў нашу вёску Лысавічы (тады Заслаўскага раёна) наляцелі гітлераўцы. Агледзелі хаты, падворкі, каб утульна памясціць сваіх «вышэйшых». На нашым дварышчы была іх кухня, у катлах варылі і тушылі адабраных у вяскоўцаў курэй і гусей. Па падворках вецер разносіў толькі пух ды пер’е.

Занялі і нашу хату, нас жа выгналі ў халодную каморку. Тату і іншых мужчын забралі ў абоз. Мама была для дзяцей ахоўніцай, туліліся тут старэйшая Ала, сямігадовая я, потым брацік Віця і двухмесячная ад роду Зіначка. У чыстай палове хаты на сцяне вісеў партрэт старэйшага брата Санькі, 1923 года нараджэння. Ён вучыўся ў Мінску, мама казала, што на друкара. Фашыст убачыў фота, дзе на кашулі быў відаць камсамольскі значок. Прыкладам збіў фатаграфію са сцяны і нагамі растаптаў, а нам пагражаў расстрэлам.

Саша прапаў без вестак. Яго забралі ў армію ў пачатку 1941 года… Брат Мікалай быў лётчыкам, прайшоў усю вайну. Пасля жыў у Алтайскім краі, у горадзе Барнауле, на радзіме жонкі Надзі. Медсястра, яна выратавала яго. Быў двойчы паранены, хварэў, памёр у 1982 годзе. Брат Міхаіл, 1927 года нараджэння, быў у партызанах, памёр у 1978 годзе. Пакінуў жонку, тры дачкі і двух сыночкаў.

Вярнуся да таго эпізоду, што ўсё ўсплывае ў снах. Гітлераўцы вялі карную аперацыю ў партызанскай зоне. Ноччу мы з мамай уцяклі з каморкі на балота, там была яма ад вываратня. Залезлі туды, каб схавацца і крыху сагрэцца. Лістапад церушыў снегам. Самалёты кружылі, кулі свісталі. Мы прыціснуліся да мамы, сядзелі ціхенька. Мама шэптам прасіла ў Бога, каб застацца жывымі.

Вёску нашу спалілі. Партызаны паспелі ўсіх людзей (як і нас), што хаваліся на балоце, вывезці ў лес. Там былі ўжо гатовыя зямлянкі.

Выжылі не ўсе вяскоўцы, але ж большая частка людзей пачынала жыць на папялішчах.

Брата Сашу я шукала, пасылала запыты праз газеты. Пісала ў Нацыянальны архіў, службу вышуку, тэлефанавала на адрас тэлеперадачы «Жди меня». Адказ адзін: «Без вестак прапаў…»

Я сама ўжо ў гадах, але ўсё памятаю.

Лідзія ФАРБОТКА, вёска Пруды



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *