Не руціна, а творчасць

Людзі і лёсы Нумары

Трыццаць гадоў працуе нязменна бухгалтарам у Налібацкім лясніцтве Марына Ланковіч. Яна адсюль і родам – выпускніца Налібацкай школы.  У свой час выбрала прафесію, якая патрабуе дакладнасці, ураўнаважанасці, уважлівасці, лагічнага мыслення, уседлівасці, пунктуальнасці. Час паказаў, што яна ў паўнаце валодае гэтымі якасцямі, і прафесія бухгалтара стала для яе прызваннем.

Працоўная біяграфія Марыны Пятроўны ўмясціла ўсе пераўтварэнні, якія адбываліся на вытворчасці. Яна вяртаецца ўспамінамі ў пару дваццацігадовай даўнасці. Лясніцтва выпускала тады толькі некалькі відаў прадукцыі. Цяпер жа асартымент налічвае нямала новых відаў, у ліку іх і тэхналагічную сыравіну. Усё гэта ўносіла патрабаванні ўдасканальвацца, мець імкненне да прафесійнага росту. На службу бухгалтару прыйшоў камп’ютар. Гэта таксама патрабавала дадатковай адукацыі, каб быць упэўненым карыстальнікам інфармацыйных праграм бухгалтарскага ўліку.

У Налібацкім лясніцтве Марына Ланковіч – адзіны бухгалтар, у адной асобе – і галоўны бухгалтар, і эканаміст, і касір. У яе штодзённых абавязках – вядзенне бухгалтарскага ўліку, налічэнне заработнай платы, правядзенне разліку падатковых адлічэнняў, сабекошту прадукцыі, рахункі з пастаўшчыкамі, асвойванне вялікіх аб’ёмаў інфармацыі ў сувязі з частымі змяненнямі ў падатковым заканадаўстве, узаемадзейнічанне з кантрольнымі арганізацыямі… Марына Ланковіч у адказе за ўсю бухгатэрыю і яе правільнае выкананне, за граматнае вядзенне фінансавай дзейнасці ў цэлым. Прафесійны занятак Марыны Ланковіч не абмяжоўваецца толькі светам актываў, пасіваў, праводак, балансаў. Як сапраўдны прафесіянал, яна арыентуецца ва ўсім, што мае адносіны да дзейнасці арганізацыі. І яе ўклад у вынікі агульнай працы калектыву вялікі – Налібацкае лясніцтва лічыцца адным з лепшых у Стаўбцоўскім доследным лясгасе сярод дзевяці.

Такі рэжым работы патрабуе ўмення і навыкаў граматна спланаваць свой рабочы час. Прафесіяналізм бухгалтара выяўляецца і ў правільным складанні квартальнай і гадавой справаздачнасцяў. Бухгалтар – матэрыяльна адказная асоба, якая дае справаздачу не толькі кіраўніцтву лясніцтва, але і падатковым і іншым кантрольным органам. І гэта таксама накладвае на працу спецыяліста адпаведныя патрабаванні.

Людзям творчых прафесій работа бухгалтара заўсёды здаецца руціннай. У нейкай ступені гэта так. Аднак прафесія бухгалтара не перашкодзіла Марыне Ланковіч застацца камунікабельнай, прыветлівай, абаяльнай. Догляд пакаёвых кветак і клумбаў, стварэнне ўтульнасці ў службовым будынку – гэта таксама ўсё на ёй. Яе паважаюць і любяць у калектыве. Амаль усе працаўнікі Налібацкага лясніцтва – таксама мясцовыя, выпускнікі Налібацкай СШ. Свае людзі. І муж Марыны Пятроўны працы ў лясной гаспадарцы прысвяціў сваё жыццё. Карл Ланковіч быў вадзіцелем лесавоза, цяпер на заслужаным адпачынку.

Рабочы рэжым лясніцтва такі, што разам працаўнікі збіраюцца толькі раніцай, а затым у раз’ездах – па сваіх рабочых месцах. І ўвесь працоўны дзень адміністрацыйны будынак Налібацкага лясніцтва асацыіруецца вось з такой прыветнай усмешкай бухгалтара, якая заўсёды на сваім рабочым месцы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *