Вадзіцель міжнароднага ўзроўню

Людзі і лёсы Нумары

Пераважную большасць аўтапарка № 17 складаюць вадзіцелі. Але Аляксандр Багдановіч – прафесіянал міжнароднага ўзроўню. Маршрутамі перавезеных ім грузаў сталі Данія і Германія, у якасці грузаў выступае асноўны беларускі экспарт: драўнінныя пелеты і брыкеты, піламатэрыялы.

На зваротным шляху вадзіцель дастаўляе ў Беларусь (або ў Расійскую Федэрацыю – у залежнасці ад заказчыка) аўтамабільнае масла, харчовыя дабаўкі, абсталяванне. За адзін рэйс пераадольвае ад чатырох да шасці тысяч кіламетраў, а яго велікагруз у сярэднім на два тыдні становіцца домам, сям’ёю, усім…

На працягу пяці гадоў у Аляксандра фактычна так і было. Рэйс за рэйсам – не вылазіў з-за руля… Працаваў тады адзін, без напарніка, і яго «Івека-страліс», набытая аўтапаркам у лізінг, не магла прастойваць ні дня.

– Ужо даўно доўг «адбілі», – успамінае той гарачы перыяд мой суразмоўца і заўважае, што апошнія два гады ў яго з’явіліся выхадныя (чаму, напэўна, вельмі рада сям’я Аляксандра). У пары з ім працуе цёзка – Аляксандр Ярашэвіч. Аляксандр Багдановіч сам падбіраў напарніка. Гэта, бадай, адзіны ў аўтапарку выпадак, а, магчыма, увогуле выключны, калі дырэктар «перадаверыў» свае паўнамоцтвы вадзіцелю і менавіта вадзіцель даваў «зялёнае святло» на працаўладкаванне работніка на прадпрыемства… Уяўляеце, якім павінен быць давер да гэтага вадзіцеля?..

Дырэктар прадпрыемства Іван Бычкевіч падмацаваў характарыстыку вадзіцеля-міжнародніка Аляксандра Багдановіча і наступнымі звесткамі: «Не дапускае прастояў, стараецца чым хутчэй выехаць у рэйс. Яго машыне сем гадоў, а стан, выгляд тэхнікі – як у новай. Быў пераможцам конкурсаў прафесійнага майстэрства… Актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця…»

Стоп! Аб усім гэтым хочацца сказаць падрабязней. Канешне, з дапамогай самога Аляксандра. Ён падрыхтаваўся да чарговага рэйса (акурат вярнуўся з Мінска, дзе растаможваў груз), але ў працяглую камандзіроўку адпраўляецца толькі заўтра. У пуцявым лісце яму пазначаны дакладны маршрут руху, а сёння – пра маршруты жыццёвыя, якія выбраў сам, і пачатак іх быў з чыстага ліста.

Галоўнае – аўтапарк не быў выпадковым прадпрыемствам, куды ўчарашні школьнік памкнуўся адразу ў слесары. На работу сюды паклікаў бацька – Эдуард Карлавіч (светлай памяці), вадзіцель грузавога аўтамабіля. З аўтапаркам было звязана ўсё яго працоўнае жыццё, а гэта чатыры дзясяткі гадоў, аўтарытэт і павага ад калег. Канешне, ён быў не супраць, каб і сын пайшоў па яго слядах-дарогах. Так яно і здарылася. Першым аўтамабілем Аляксандра быў «ГАЗ-53». У аўтапарк вярнуўся і пасля арміі. Маладому вадзіцелю далі новы самазвал, на якім, запомніў, браў удзел у высыпцы дамбы ў вёсцы Дзяўгі…

У 1991 годзе, калі адкрыліся граніцы заходніх краін, Аляксандр пайшоў на міжнародныя перавозкі. У школе вучыў нямецкі – гэтыя веды якраз і спатрэбіліся. Напачатку браў з сабою размоўнік, а потым і ён стаў лішняй рэччу ў кабіне. «Кармілец», – так ласкава называе Аляксандр свой аўтамабіль. І ён слухаецца яго, не падводзіць, хаця на спідометры набегла амаль 600 тысяч кіламетраў.

Аляксандр прыкінуў – ужо чатыры разы ездзіў на конкурсы прафесійнага майстэрства, якія праводзіць Мінаблаўтатранс. Першы раз паехаў і адразу – пераможца. Гэты вынік – з’ява заканамерная, бо аўтамабіль, дарога для яго – зусім не работа.

– Гэта мой лад жыцця, сутнасць мяне. Круціш руль – і весялее на душы. А самае прыкрае – чэргі на мяжы, калі «ўхаластую» праходзяць суткі, а то, бывае, і больш, – прызнаецца Аляксандр, калі едзем з ім па горадзе на яго ўласным «БМВ». «А які ў вас агульны вадзіцельскі стаж?» – цікаўлюся ў Аляксандра. «З 1978 года». Падумалася: яго стаж ужо набліжаецца да бацькавага – да чатырох дзясяткаў гадоў! Дай Бог, каб і гэтая лічба не была мяжою.

Пра жыццёвыя мабільнасць, аптымізм вадзіцеля-міжнародніка гаворыць і яго хобі – любіць спяваць. Прадстаўляў аўтапарк у Барысаве на конкурсе мастацкай самадзейнасці. Калі вольны ад рэйса – спяшаецца на дапамогу матулі, цешчы. З асалодай возіцца ў садзе, займаецца вінаградам. І матуля Ірына Антонаўна, і цешча Софія Вікенцьеўна хвалююцца за сваіх дзяцей, перажываюць за ўнукаў. Хвалююцца і – ганарацца імі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *