Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

ДАБРАЧЫННАСЦЬ. ФОНД З ПАЖАДАННЯМІ МІРУ

Дабрачынная дзейнасць характарызуе раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру». Была аб’яўлена акцыя «Ангел міласэрнасці». Сабраныя сродкі пайшлі на арганізацыю дабрачынных навагодніх і ражджэственскіх мерапрыемстваў.

Акрамя таго, старшыня раённага аб’яднання начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Наталля Лапко перад гэтымі святамі паклапацілася звязацца з  арганізацыямі раёна, індывідуальнымі прадпрымальнікамі для выдзялення сродкаў і аказання спонсарскай дапамогі на правядзенне дабрачынных акцый.

У выніку была аказала матэрыяльная дапамога 13 сем’ям раёна, у якіх дзеці з анкалагічнымі захворваннямі. На кліч аддзялення Фонду міру адгукнуўся дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Аграінвест» Ч. М. Астроўскі, уладальнікі прыватных магазінаў горада.

–       Былі вельмі прыемныя моманты, аб якіх хочацца расказаць, –  дзеліцца ўражаннямі Наталля Лапко. – У магазіне «Таццяна» нашу размову з загадчыцай Таццянай Навасельскай пачуў пакупнік. Да цукерак, выдзеленых гэтым магазінам, малады чалавек купіў пернікі і пячэнне для салодкага стала дзецям. У іншым магазіне прадавец сказала, што яна не гаспадыня, таму не можа распараджацца таварам, а вось пірог для салодкага стала спячэ. І сапраўды, стаўбчанка Станіслава Бондар зайшла да нас з прыгожым, вельмі смачным дамашнім пірагом. Такія моманты ніколі не сатруцца з памяці. І гэта сведчанне таму, што кожны чалавек можа знайсці магчымасць паўдзельнічаць у акцыях міласэрнасці, падарыць цяпло свайго сэрца іншым. Хачу падзякаваць усім, хто на працягу 2014 года прымаў удзел у акцыі «Ангел міласэрнасці». З дапамогай сабраных сродкаў мы змаглі правесці дабрачынныя мерапрыемствы.

Раённае аб’яднанне Беларускага фонду міру паўдзельнічала і ў раённай дабрачыннай ёлцы для таленавітых дзяцей. Лепшым юным спартсменам раёна  на сцэне падчас святочнай урачыстасці Наталля Лапко ўручыла флэшкі.

Добрыя справы могуць ажыццяўляцца не толькі ў ражджэственскія дні, але і на працягу ўсяго года. Таму арганізацыі розных формаў  уласнасці, прыватныя асобы могуць ахвяраваць па магчымасці для акцый дабрачыннасці сродкі на рахунак Мінскага абласнога аб’яднання «Беларускі фонд міру» № 3015006613712 у ЦБУ № 537  ААТ  «Белінвестбанк»,  УНП 100095153.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПЯЦЬДЗЯСЯТ  ЗІМ І ВЁСНАЎ – РАЗАМ

У канцэртнай зале Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 50-годдзю ясляў-сада № 4 г. Стоўбцы.  Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел выхаванцы і выпускнікі дашкольнай установы.

Павіншаваць калектыў з гэтай юбілейнай датай прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама С. Я. Шэсцель, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Т. І. Белановіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. В. Юрчык, ветэраны педагагічнай працы, бацькі, супрацоўнікі ясляў-сада, калегі з іншых дашкольных устаноў.         

Граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу  ўзнагароджаны выхавацелі І. В. Пятрова, Ж. І. Гарохавік, І. Ч. Пяткевіч, В. В. Наско, кастэлянка Г. Ф. Шырвель, якая працуе ў дзіцячым садзе з дня яго адкрыцця. Падзяку старшыні райвыканкама атрымала музычны кіраўнік Н. М. Маскалевіч.

Са сцэны госці гаварылі словы ўдзячнасці, жадалі далейшага творчага развіцця ўстанове, а таксама прынеслі каштоўныя падарункі.

Заключным акордам нашага свята стала выкананне калектывам песні аб сваім любімым дзіцячым садзе.

Згуртаваны калектыў нашай дашкольнай установы будзе прыкладваць усе намаганні для выхавання дзяцей. Няхай поспех спрыяе ўсім, хто прысвяціў сябе гэтай важнай і адказнай справе.

Аксана РАБЧЫНСКАЯ, в. а. загадчыцы ясляў-сада

 

З  КОЛАЎ АД ВАГОНАЎ

Сёлета ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» плануюць давесці да ладу, правесці выпрабаванне і атрымаць сертыфікат на выпуск прыстасаванняў для трамбавання сенажу. Выраблена ўжо дзесяць эксперыментальных мадэляў, якія паспяхова выкарыстоўваюцца на некалькіх сельгаспрадпрыемствах Гродзенскага, Карэліцкага, Лепельскага і нашага раёнаў. Агрэгат нескладаны, збіраецца з адпрацаваных колаў чыгуначных вагонаў.

–  Мы дзейнічаем у рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, – расказвае дырэктар таварыства Сяргей Мельнік. – Зрабілі агрэгат, які не ўступае па якасці імпартнаму, але каштуе наша распрацоўка на 40 працэнтаў танней. Засталося толькі ўнесці некаторыя карэкціроўкі ў канструкцыю. У прыватнасці, на адну тону павялічым вагу прыстасавання, каб зялёная маса трамбавалася шчыльней. Пакуль што ёсць цяжкасці з набыццём колаў, мы купляем іх у Расійскай Федэрацыі, але праблема павінна вырашыцца станоўча, бо ў гэтым зацікаўлены і на вышэйшым узроўні.

Па словах Сяргея Мікалаевіча, за год працаўнікі змогуць вырабіць да ста такіх агрэгатаў. Для райаграсэрвіса гэта перспектыўны накірунак работы. І кіраўніцтва ўпэўнена, што заказы ад сельгаспрадпрыемстваў не прымусяць  сябе чакаць. Іх паступленне забяспечыць работай калектыў мехмайстэрні і дапаможа палепшыць эканамічнае становішча абслуговай арганізацыі. 

 

НА ПЯЦЬ ТЫСЯЧ ТОН

У СФГ «Сула» ўзводзіцца новае бульбасховішча з сэндвіч-панэляў умяшчальнасцю пяць тысяч тон, з устаноўкай мікраклімату. Будаўніцтва сховішча было запланавана раней, таму кіраўнік загадзя набыў усе неабходныя будаўнічыя матэрыялы і абсталяванне. Восенню работнікі фермерскай гаспадаркі парупіліся і сваімі сіламі залілі падмурак, а зараз вядуць мантаж металічных канструкцый. 

–  Да ўборкі ўраджаю будаўніцтва бульбасховішча завершыцца, – гаворыць Уладзімір Радзевіч. – Адначасова робім і драўляныя кантэйнеры, якіх спатрэбіцца звыш чатырох тысяч штук. У гэтым накірунку ў цесным кантакце працуем з Навасвержанскім лесазаводам, які пастаўляе нам дошку. На вырабе кантэйнераў заняты восем работнікаў, якія працуюць па дагаворы.

Ураджайнасць другога хлеба  ў фермера даволі высокая, і новае ўмяшчальнае бульбасховішча, будаўніцтва якога і сапраўды наспела, дазволіць яму закладваць на доўгатэрміновае захоўванне не толькі насенную, а і таварную бульбу. Гэта дасць магчымасць рэалізоўваць клубні на працягу ўсяго года і атрымліваць ад іх продажу добры прыбытак.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *