І ўрачыста, і прыгожа

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Пошта юных карэспандэнтаў прынесла нам новыя навіны.

Вучаніца Шашкоўскай СШ Наталля Кабылінская расказала: «Добрых спраў  сабралася нямала ў капілцы другога класа. Дзеці шчыра і з задавальненнем наведвалі ветэранаў вайны і працы, дапамагалі ім па гаспадарцы. Да Дня пажылых людзей рыхтавалі прыгожыя віншавальныя паштоўкі. А Дзень маці адкрылі цікавым мастацкім вернісажам. На свяце акцябрацкай зорачкі вясёлым паравозікам дзетвара наведала чароўныя станцыі, дзе іх чакалі казачныя феі з заданнямі і падарункамі. На кожнай станцыі вучні праходзілі своеасаблівыя выпрабаванні і атрымлівалі чароўныя літары.  З атрыманых літар кемлівыя другакласнікі склалі слова «акцябронак «. Разам  са старшынёй піянерскай дружыны школы Надзеяй Бізгень дзеці ўрачыста далі клятву акцябрат і пад дружныя апладысменты атрымалі акцябрацкія зорачкі».

Вучаніца Дзераўнянскай СШ Ала Патоцкая сваю заметку прысвяціла тэме супрацоўніцтва школы з аграбудфірмай «ПМК-74 – Налібакі». Вучні дапамаглі ва ўборцы бульбы, морквы, буракоў. Аграбудфірма забяспечыла школьную сталовую гароднінай і бульбай. «Вучні нашай школы, – піша аўтар, – актыўна ўдзельнічаюць і ў іншых работах. Перад зімою мы прыбралі сквер, школьную тэрыторыю, навялі парадак на магілах родзічаў Ф. Э. Дзяржынскага. Гэтыя добрыя справы прынеслі нам задавальненне».

У наступнай сваёй заметцы Ала Патоцкая паведаміла нам аб тым, як змястоўна былі арганізаваны ў Дзераўнянскай СШ школьныя «Каласавіны»: «Школьны радыёвузел разнёс па школе лірычную мелодыю песні «Мой родны кут». Затым вучні наведалі выставу «Волат слова народнага», паўдзельнічалі ў чытацкай канферэнцыі «Душа паэтава жыве», мультымедыйнай прэзентацыі, брэйн-рынгу, літаратурнай віктарыне».

Пяцікласніца Дзераўнянскай СШ Ганна Мішкевіч падзялілася сваім шчасцем жыць у сінявокай Беларусі.

Яе аднакласніца Аксана Макоўская таксама даслала лірычнае пісьмо: «Іду пасля заняткаў дадому, а над галавою – бяздоннае неба. Слухаеш, як перашэптваюцца сосны, нібы дзяўчаты. Лес такі прыгожы зімоваю парою!»

Рэдакцыя дзякуе юным аўтарам за актыўнасць і жадае ім творчых поспехаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *