Для нашай бяспекі

Кантроль, бяспека Нумары

АДДЗЯЛЕННЕ АХОВЫ. У СІГНАЛА «ТРЫВОГА» СВОЙ ТАЙМЕР

У рамках Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі ў сферы ахоўнай дзейнасці ў Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь дзейнічае асобнае падраздзяленне – Дэпартамент аховы, галоўная функцыя якога – ахова аб’ектаў і ўласнай  маёмасці грамадзян, а таксама ахова асобы.

– Наколькі ваша падраздзяленне адчувае сваю запатрабаванасць? – цікавімся ў начальніка Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь  Алега ТУЛЕЙКІ.        

– Аналіз паказвае, што мы ахоўваем аб’екты тых арганізацый і дамы тых грамадзян, якія  разумеюць, што гэта гарантуе бяспеку не толькі матэрыяльную, а і бяспеку іх блізкіх, калег, наведвальнікаў аб’екта. Падобнае дасягаецца рознымі спосабамі: з дапамогай тэхнічных сродкаў, супрацоўнікаў міліцыі, грамадзянскай і вартавой аховы. На практыцы нярэдка прымяняецца камбінаваная ахова – з задзейнічаннем тэхнікі і людзей, як, напрыклад, у ахове аддзялення Белаграпрамбанка, суда, райвыканкама. Усяго нашым аддзяленнем ахоўваецца 327 аб’ектаў і жылых дамоў як у райцэнтры, так і ў сельскай мясцовасці. Галоўны вынік – ад кліентаў не маем нараканняў адносна захаванасці іх маёмасці. 

– Чым, на вашу думку, тлумачыцца  такі вынік?      

– Кантроль у Стоўбцах ажыццяўляе група хуткага рэагавання. Яна кругласутачна патрулюе   вуліцы  горада. Пры спрацоўванні сродкаў і сістэм аховы, устаноўленых на аб’ектах і жылых дамах гараджан, нашы супрацоўнікі імгненна атрымліваюць сігнал «Трывога» і за 5-7 мінут прыбываюць на месца здарэння. Пакуль экіпаж набліжаецца да аб’екта, яму з пульта цэнтралізаванага кіравання ўжо перадаюцца ўсе даныя аб характары пашкоджання. У выпадку, калі адключаюцца сродкі сувязі, бяром на сябе ахову дома на працягу 24-х гадзін. Ахову аб’ектаў, размешчаных па-за межамі горада, забяспечваем з дапамогай  вартаўнікоў і міліцыянераў.    

– Колькі  трывожных сігналаў паступіла ў 2014 годзе на ваш пульт?

– Зафіксавана 1189 выездаў, з іх 745 – на аб’екты, 444 – у кватэры грамадзян. Не ўсе з іх, дарэчы, былі звязаны з замахам якога-небудзь злодзея. Напрыклад, пасля навальніцы прапала ў кватэры электрычнасць  – у нас адразу спрацавала «Трывога».

Акрамя таго, паколькі мы знаходзімся ў сістэме адзінай дыслакацыі з райаддзелам міліцыі, то нашы нарады па камандзе дзяжурнага РАУС выбываюць на месцы злачынстваў, здарэнняў, правапарушэнняў.

– Чым вызначаецца ваш экіпаж? Які ён?

– Мабільны,  экіпіраваны, са службовым сабакам.  Нашы кінолагі  штогод павышаюць кваліфікацыю ў Вучэбным цэнтры Дэпартамента аховы. Прывяду адзін прыклад. Калі на ахоўны аб’ект, рынак «Кірмаш», прабраўся праз вузкую шчыліну на гарышчы злачынец-рэцыдывіст (сем разоў судзімы, усе сем –  за крадзяжы), знайшоў там літаральна за дзве мінуты каля 3 000 000 рублёў і схаваўся пад стэлажом каля акна, каб у пэўны момант пад «шумок» выслізнуць праз яго, то менавіта службовы сабака імгненна «ўзяў» злачынцу. Апошні, здаецца, пралічыў усё да дробязяў, але не ўлічыў… сабачага нюху.  

– Раскажыце падрабязней пра тэхнічныя сродкі і сістэмы аховы.

– Мы выкарыстоўваем самую сучасную апаратуру, прыборы, якія працуюць праз  каналы сувязі любога тыпу. Ахова з дапамогай тэхнічных сродкаў прадстаўляе сабою аптымальнае спалучэнне цаны і якасці паслугі. Самая танная –пультавая ахова. Міліцэйская ахова, ахова вартаўніком абыходзяцца даражэй.

– Якія патрабаванні вы прад’яўляеце да тых, хто хоча здаць кватэру ці аб’ект пад ахову?

– Па-першае, заяўнік павінен быць уласнікам або яго паўнамоцным прадстаўніком. Па-другое, аб’ект павінен быць абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі ўстаноўленых нормаў і правілаў. Максімальны кошт работ па абсталяванні тэхнічнымі сродкамі ахоўнай сігналізацыі на даны момант складае каля пяці мільёнаў рублёў.

– Які  кошт месячнай платы за паслугу аховы?

– Цана ўстаноўлена дзяржавай і з’яўляецца для грамадзян сацыяльнай:  50 000 рублёў у месяц – за ахову кватэры ў горадзе і 15 000  рублёў – пры яе знаходжанні па-за горадам, напрыклад, у садовым таварыстве.

– Як хутка вырашаецца пытанне падключэння да паслугі аховы?

– Згодна з заканадаўствам, на працягу месяца. Практычна ж – за тыдзень. Грошай за тэрміновасць не бяром і, пры неабходнасці, прадастаўляем растэрміноўку па аплаце за ўстаноўленае абсталяванне.

– У вас ёсць абавязковыя заказчыкі. Хто яны?

– Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 534 абавязковай ахове падлягаюць органы дзяржаўнага кіравання, суд, пракуратура, банкі, музеі і іншыя аб’екты, якія ўтрымліваюць значныя дзяржаўныя каштоўнасці. Ахова іншых аб’ектаў – па жаданні заказчыка.  Насцярожвае, што ў раёне застаюцца «адкрытымі» магазіны і гандлёвыя павільёны большасці індывідуальных прадпрымальнікаў.  На жаль, і прадпрымальнікі, і грамадзяне задумваюцца аб ахове сваіх аб’ектаў толькі тады, калі пацерпяць страты. Карыстаючыся выпадкам, скажу, што звяртацца можна па тэл. 5-49-27, 5-23-29, 5-16-30, 5-55-69 або па адрасе: г. Стоўбцы, вуліца Гайдука, 21, у будныя дні з 9 да 18 гадзін.

Нельга абысці ўвагай і тое, што Дэпартамент аховы ажыццяўляе кантроль за захаваннем ліцэнзійных патрабаванняў у ахоўнай дзейнасці аб’ектаў незалежна ад формы ўласнасці.

– Ахова, кантрольная дзейнасць… Які калектыў працуе над гэтымі і іншымі задачамі?

– У аддзяленні працуе каля ста чалавек:  міліцыянеры, спецыялісты розных катэгорый, інжынеры, электрыкі. Бадай, найбольшую колькасць складаюць вартаўнікі. Падбіраем кадры са станоўчай характарыстыкай з  ранейшага месца працы, з добрым станам здароўя. Напачатку амаль кожны праходзіць праз трохмесячны выпрабавальны тэрмін.                          

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: старшы інспектар Віктар Лось даводзіць аператыўную інфармацыю начальніку аддзялення Алегу Тулейку. 

 

АКНО ДАІ. ПРЫЯРЫТЭТ З АДЗНАКАЙ АДКАЗНАСЦІ

Да 23 студзеня ў нашым раёне, як і ва ўсёй Мінскай вобласці, праводзіцца прафілактычная акцыя «Бяспека дзяцей – прыярытэт для дарослых».

Трывожныя лічбы прыводзіць статыстыка. За 2014 год на тэрыторыі вобласці адбыліся 92 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам непаўналетніх, у якіх 8 дзяцей загінулі, 94 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Такія выпадкі адзначаны і ў Стаўбцоўскім раёне. Так, 22 ліпеня вучаніца СШ № 3 перасякала праезджую частку вуліцы Цэнтральнай на веласіпедзе. Вадзіцель не паспеў зрэагаваць на перашкоду і ўчыніў наезд, дзяўчынка атрымала пералом нагі. 23 ліпеня на перасячэнні аўтадарог на Нясвіж і Кобрын жыхар горада Мінска, кіруючы аўтамашынай «Аўдзі», не ўступіў перавагі ў руху грузавому аўтамабілю, выехаў на скрыжаванне. У выніку адбылося сутыкненне транспартных сродкаў, вадзіцель загінуў, двое дзяцей, якія знаходзіліся на заднім пасажырскім сядзенні, атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні. 31 кастрычніка на скрыжаванні стаўбцоўскіх вуліц Цітова і Сацыялістычнай мясцовы жыхар, кіруючы аўтамабілем «Аўдзі», не ўступіў перавагі аўтамабілю «Нісан», што рухаўся па галоўнай дарозе. У выніку ДТЗ пасажыр – дзесяцігадовы хлопчык –  атрымаў траўму пазваночніка.

Усяго з удзелам дзяцей-пасажыраў летась на тэрыторыі вобласці адбылося 40 аўтааварый. У 22 выпадках дзеці не былі прышпілены рамянямі бяспекі, а малалетнія пасажыры знаходзіліся на руках у дарослых. Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці пастаянна праводзіць прафілактычныя акцыі, накіраваныя на папярэджанне і недапушчэнне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей. У перыяд правядзення акцый супрацоўнікі ДАІ акцэнтавалі ўвагу вадзіцеляў на неабходнасці выкарыстання дзіцячых аўтакрэслаў пры перавозцы непаўналетніх пасажыраў, і гэта насіла рэкамендацыйны характар. І вось з 16 студзеня 2015 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца абавязковае правіла перавозкі дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў у аўтатранспартных сродках з абавязковым выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых устройстваў. За невыкананне гэтага патрабавання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу памерам да чатырох базавых велічынь.

Каб пазбегнуць непрыемных выпадкаў, неабходна строга выконваць правілы дарожнага руху. Прыводзім некаторыя рэкамендацыі, аб чым вадзіцелям пажадана расказаць дзецям-пасажырам. Не ўставайце з месца і не рухайцеся ў машыне, калі яна едзе: пры крутым павароце ці раптоўным спыненні транспарту вы можаце моцна ўдарыцца. Не высоўвайце руку з акна аўтамабіля. Транспарт, які праходзіць міма, можа закрануць вас, выклікаць сур’ёзную траўму. Нельга забаўляцца з дзвярнымі ручкамі: дзверы могуць нечакана расчыніцца,  будзе пагроза  на поўным  хаду вылецець на дарогу. А ўвогуле вадзіцелю, перш чым крануцца з месца, неабходна праверыць, ці добра зачынены, замкнёны ўсе дзверы ў салоне, дзе сядзяць дзеці. Сачыце, каб дзеці не дакраналіся да кнопак і рычагоў кіравання, не дацягваліся да руля, калі аўтамабіль рухаецца. Асаблівую ўвагу звяртайце на выхад, які павінен быць толькі з боку тратуара. Многія няшчасныя выпадкі здараюцца ад таго, што пасажыры выходзяць з аўтамабіля на дарогу, дзе можа збіць транспарт, які праходзіць міма.

Папрасіце сваіх бацькоў купіць для вас спецыяльныя святлоадбівальныя значкі, кулончыкі, наклейкі і прымацуйце іх на адзенне.

 ДАІ РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *