Каласкоў спеўнае суквецце

Культура Нумары

Узорны ансамбль народнай музыкі і песні «Каласкі» Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў – неаднарозовы ўдзельнік конкурсаў, фестываляў, урачыстасцяў і свят. Гэтыя здымкі зроблены падчас урачыстасці ў раённым Цэнтры культуры з нагоды святкавання Дня работнікаў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці.

У слаўным дзіцячым калектыве дзве групы – інструментальная і вакальная. З юнымі вакалістамі працуе малады спецыяліст Алена Грыбко, а з музыкантамі – вопытны педагог, скрыпачка Наталля Нікалаева. Адметны факт: Наталля Ігараўна закончыла  Коласаўскую музычную школу па класе скрыпкі. Гэта вызначыла яе будучую прафесію – яна паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча і вярнулася ў сваю школу выкладчыцай. Наталля Нікалаева паспявае не толькі праводзіць урокі з вучнямі, але і ўзяла кіраўніцтва ўзорным ансамблем народнай музыкі і песні «Каласкі».

 Ансамбль мае даўнюю гісторыю, якая складае больш за два дзесяцігоддзі.  Для кіраўніка клопат не толькі ў падрыхтоўцы рэпертуару, правядзенні рэпетыцый, але і ў рабоце з юнымі музыкантамі, якія прыходзяць на змену старэйшым, тым, хто выйшаў са сцен школы. У гэтым годзе ў калектыў улілося нямала навічкоў, і для кіраўніка няпростая задача дапамагчы ім адчуваць сябе ў калектыве ўпэўнена, у гармоніі з іншымі, і атрымліваць задавальненне і радасць ад таго, што ім усё ўдаецца. Зразумела, юным музыкам хочацца быць такімі ж паспяховымі як акардэаніст Мікіта Валюшаў, бас-гітарыст Павел Атрушкевіч, выканаўца на ўдарных інструментах Іван Луцковіч, скрыпачка Марыя Голева. Гэтыя старэйшыя вучні з ансамблем звязаны не адзін год.

Ці трэба гаварыць, якую важную справу робяць выкладчыкі, далучаючы вучняў да мастацтва, эстэтычна іх выхоўваючы. Для многіх дзяцей заняткі ў школе мастацтваў вызначаюць іх прафесію. Як для Маргарыты Нікалаевай, якая займаецца на аддзяленні вакалу ў Баранавіцкім музычным каледжы. У выхадныя дні Маргарыта прыходзіць спяваць на клірас у Наваколасаўскі Свята-Георгіеўскі храм, дзе з дня заснавання храма з’яўляецца пеўчай. У апошнія гады кіраўніком царкоўнага хору стала яе маці Наталля Нікалаева. Адметна, што ў царкоўным хоры спяваюць і іншыя выкладчыкі Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў – Валянціна Берасцевіч, Раман Карасцялёў, Таццяна Дырда, Вольга Гур’янава. Некаторыя з іх, як і Наталля Нікалаева, з’яўляюцца ўдзельнікамі выдатных мастацкіх калектываў Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў – народнага ансамбля народнай музыкі «Славяначка» і народнага вакальнага ансамбля «Святлана».

Пранікаешся радасцю, якая напаўняе Наталлю Нікалаеву: яе работа, яе заняткі ў ансамблях, жыццё ў лоне Царквы – адно цэлае ў ёй, што непарушна пераплялося і напоўніла яе дні сэнсам і глыбокім зместам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Наталля Нікалаева са сваімі выхаванцамі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *