Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне сем шлюбаў, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Захар Арыка, Ангеліна Харуцкая, Аляксандра Глоба, Карына Шах, Глеб Быліновіч і Максім Клімовіч.

Зямны шлях закончыўся для 17-ці чалавек.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў. Не зафіксавана і разбуральных «слядоў» моцнага парывістага ветру з завеяй, якія наведаліся на Стаўбцоўшчыну.    

Міліцыяй зарэгістравана 120 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана восем крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. Падчас сваркі нецвярозы грамадзянін нанёс знаёмаму цяжкія траўмы. Невядомы падпаліў у Сверынаве два дамы, якія належалі адной гаспадыні.

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі аддзела ДАІ райаддзела міліцыі па фактах парушэння ўладальнікамі аўтамабільных дарог правіл дарожнага руху, у выніку чаго ўстаноўлены парушэнні з боку службовых асоб філіяла «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Так, галоўны інжынер філіяла, будучы адказным за вытворчасць работ па пракладцы кабельнай лініі ўздоўж аўтадарогі Івянец – Рубяжэвічы – Стоўбцы, 12.11.2014 на 36-м км гэтай аўтадарогі не абазначыў месца правядзення работ, чым стварыў пагрозу бяспецы дарожнага руху. У адрас начальніка філіяла вынесена пастанова аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці, па выніках яе разгляду галоўны інжынер прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.   

    Суд асудзіў да двух гадоў аднаго месяца пазбаўлення волі 20-гадовага жыхара Жлобінскага раёна, які праз сетку інтэрнэт размясціў выдуманы ўліковы запіс і займаўся рэалізацыяй адзення. Пастаўляць яго ён не збіраўся, таму пацярпелі тыя, хто перавёў грошы на рахунак махляра. Пазбаўлены волі на адзін год і 26-гадовы жыхар Сцяцкоў, раней неаднойчы судзімы, які парушыў патрабаванні прэвентыўнага нагляду. 32-гадовы стаўбчанін, раней судзімы,  з групай хаўруснікаў выкраў з  дома, які будуецца ў Задвор’і,  перфаратар, за што пазбаўлены волі на адзін год тры месяцы. Штрафам у памеры 1 080 000 рублёў пакараны 30-гадовы стаўбчанін: будучы ў нецвярозым стане каля магазіна «Гаспадарчыя тавары», ён  аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

ДАІ выявіла 105 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра вадзіцеляў-бяспраўнікаў і адзін нецвярозы вадзіцель (у такім стане, з утрыманнем у крыві 1,5-1,6 праміле алкаголю, 1-га студзеня быў затрыманы механізатар прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр», які кіраваў трактарам «МТЗ-82»). Здарыліся чатыры дарожныя аварыі. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Нагадваем, што з 16-га студзеня ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 483, якім унесены змяненні ў Правілы дарожнага руху: цяпер вадзіцель абавязаны забяспечыць свой транспартны сродак зімовымі шынамі (у перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка) і дзіцячым аўтакрэслам, калі ў салоне ажыццяўляецца перавозка дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў. 

   «Хуткая» выязджала да хворых 228 разоў, у прыватнасці шэсць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Адзін зварот у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *