Надзённае

Нумары Соцыум

ГОД ПЕРАМЕН

Святочныя дні праляцелі імкліва. І сёлетняе навагоддзе, ражджэственскія святкаванні сталі адметнымі. Ланцужкамі рознакаляровых агнёў быў упрыгожаны горад. Аглядавая камісія падвяла вынікі конкурсу на лепшае афармленне фасадаў будынкаў, прылеглых тэрыторый арганізацый і ўстаноў. Прыемна, што і многія стаўбчане парадавалі мігценнем гірляндаў з двароў і вокнаў дамоў. Ствараем прыгажосць, і самім прыемна, калі ўсё прыгожа. І жадаем адзін аднаму здароўя, шчасця, добрых перамен.

А перамены, прытым маштабныя, несумненна, будуць. І пачынаюцца яны літаральна з пачатку года. Ужо зазвінелі галасамі спартсменаў залы фізкультурна-аздараўленчага комплексу. І далей, перш за ўсё па вуліцы Ленінскай горада, будзе весціся абнаўленне. Канкрэтна, якім яно плануецца, можна  даведацца з матэрыялаў, што выстаўляюцца ў фае будынка райвыканкама. З 20 студзеня па 13 лютага, аб чым змяшчалася абвестка ў нашай газеце. Праводзіцца грамадскае абмеркаванне па аб’екце «Дэталёвы план забудовы вуліцы Ленінскай у горадзе Стоўбцы».

Трэба сказаць, што новы план забудовы, ці больш дакладна, перабудовы, узнік не спантанна. Гэтага патрабуе само жыццё. Перада мною кніга «Стоўбцы» – гісторыка-эканамічны нарыс з серыі «Гарады Беларусі». Выпушчана яна ў 1981 годзе ў выдавецтве «Беларусь». Аўтары М. Дзелянкоўскі і А. Турко, гаворачы аб перспектывах райцэнтра, спасылаюцца на План комплекснага развіцця Стоўбцаў, выкананы Беларускім навукова-даследчым інстытутам горадабудаўніцтва і Белпрампраектам. У ім акрэслены маштабы новага прамысловага вузла, што, як адзначалі аўтары, паспрыяла б развіццю горада.

Меркавалася, што цэнтральная вуліца працягнецца з поўдня на поўнач. На ёй размесцяцца адміністрацыйна-грамадскія і жылыя будынкі, культурна-бытавыя арганізацыі, гандлёвыя прадпрыемствы, аб’екты адпачынку. «Сярод жылых масіваў, – прагназавалі краязнаўцы, – будуць закладзены паркі, скверы, разбіты газоны, кветнікі…»

Ажыццяўленню такіх планаў перашкодзіў перыяд развалу Саюза. А можа і пэўная інертнасць ранейшага кіраўніцтва раёна, калі не змаглі пераканаць патэнцыяльных інвестараў, што менавіта Стоўбцы, а не суседнія Баранавічы ці Нясвіж –  найбольш спрыяльная будаўнічая пляцоўка для размяшчэння новых прадпрыемстваў. Гэта  ж паспрыяла б і сацыяльнаму развіццю горада.

Усё ж неаб’ектыўна сказаць, што быў час застою. Прынамсі ранейшыя і цяперашнія тратуары, як гаворыцца, – дзве вялікія розніцы. Часцінкай вялікага горада выглядае вуліца Цэнтральная з яе шматпавярховымі дамамі. А вось дзе ў Стоўбцах месціцца цэнтральная плошча? Наўрад ці адназначным будзе адказ гараджан. Урачыстасці праводзяцца на плошчы Бессмяротнасці. Святое для ўсіх нас месца, з вечным агнём памяці. Аднак жа абмежаваная ў памерах плошча дазваляе праводзіць толькі мітынгі падчас Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, іншых памятных падзей. Больш прасторная плошча Леніна, дый тут цесна, калі збіраюцца людзі, каб і канцэрт святочны паслухаць, і падсілкавацца каля шапікаў. Святочныя дзействы ладзіліся на полі стадыёна – толькі ж тут не зусім зручнае размяшчэнне, а цяпер штучны газон футбольнага поля. А дзе  патанцаваць, прагуляцца з дзецьмі? Навагодняя ёлка – на вузкім «пятачку» насупраць магазіна «Гаспадарчыя тавары»…

Гэтак жа, як і прасторныя плошчы, неабходна прывабная зона адпачынку. І не доўга давядзецца думаць, дзе яе размясціць. Гэтаму наш слаўны Нёман спрыяе.

Пры ўвасабленні новых планаў перабудовы акрэсліцца галоўная вуліца горада, якая працягнецца лагічна з поўначы на поўдзень. З прыгожымі шматпавярховымі дамамі, магазінамі, іншымі сацыяльнымі аб’ектамі. Вядома, падчас рэканструкцыі могуць быць закрануты і чыесьці асабістыя інтарэсы. Але ж яны, згодна з прававой асновай, будуць вырашацца. Хочам мы жыць у звыклым ціхім гарадку, ці ў сучасным горадзе з перспектывамі яго развіцця? Чаго жадаем для сваіх дзяцей і ўнукаў? Пытанні, якія прымусяць задумацца кожнага стаўбчаніна.      

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

ДЭКРЭТ № 18. КАЛІ ДОЎГ ПЕРАД ДЗЯРЖАВАЙ – ДЗЯСЯТКІ  МІЛЬЁНАЎ

Нізкі працэнт кампенсацыі выдаткаў за ўтрыманне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні – асноўнае пытанне, якое разглядалася на каардынацыйнай нарадзе ў раённым выканаўчым камітэце.

– Працэнт спагнання сродкаў з бацькоў – абавязаных асоб знізіўся за апошні год у нашым раёне з 71,4 працэнта да 58,4. Хто на гэтым напрамку недапрацоўвае? – пачаў адразу з галоўнага намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Сяргей Шэсцель.

У сумеснай рабоце, накіраванай на 100-працэнтнае спагнанне сродкаў з абавязаных асоб, узніклі слабыя месцы. Каб высветліць іх, на каардынацыйную нараду былі запрошаны кіраўнікі асобных сельгаспрадпрыемстваў – «Агранёманскі», «Жацерава», «Профі-Аграцэнтр». Прэтэнзіі да іх звязаны ў першую чаргу з нясвоечасовым пералічэннем сродкаў, якія ўтрымліваюцца з заработнай платы тых, хто мае статус абавязаных. Але наймальнік павінен не толькі пералічыць іх да 25-га чысла кожнага месяца, а і праінфармаваць аб зробленых адлічэннях. У гэтым плане са станоўчага боку варта назваць Навасвержанскі лесазавод, адказных асоб якога раней таксама заслухвалі на каардынацыйнай нарадзе. Апошнім часам інфармацыя і плацяжы з абавязаных, якія працуюць на лесазаводзе, паступаюць своечасова, і гэта не можа не радаваць.

Да наймальнікаў прагучала і просьба іншага характару – аказваць садзейнічанне абавязаным асобам, якія імкнуцца вярнуць дзяцей у сям’ю, у рамонце жылля. У прыватнасці, неабходнасць узнікае часцей за ўсё ў дапамозе электрыка, каб прывесці ў бяспечны стан электраправодку. Канешне, нялішнімі ў такіх выпадках бываюць і шпалеры з фарбай. Галоўнае – каб яны пайшлі па прызначэнні і каб належны парадак падтрымліваўся ў доме пастаянна. Гаспадаркам даўно пара арганізаваць санітарны кантроль за станам свайго службовага жылля, у якім, у прыватнасці, пражываюць і абавязаныя асобы.

На каардынацыйную нараду былі запрошаны тыя абавязаныя асобы, якія злосна ўхіляюцца ад выплаты сродкаў. У адной такой матулі, якая павінна разлічвацца з дзяржавай за ўтрыманне дваіх дзяцей, доўг ужо вырас да 77-мі мільёнаў рублёў. «Я ўладкоўваюся на працу ў Гарадзею», – паведаміла яна членам каардынацыйнай нарады. Аднак у сур’ёзнасць гэтых намераў верыцца з цяжкасцю, таму што яе ўжо двойчы ўладкоўвалі на працу ў сваім раёне: спачатку ў цэнтральную раённую бальніцу, а потым, каб даць магчымасць больш зарабіць і хутчэй пагасіць доўг, – на філіял маторнага завода. На гэтым прадпрыемстве жанчыне выдзелілі і месца ў інтэрнаце. Яна там не жыве, на працу не выходзіць. Дарэчы, нельга не заўважаць і наступны факт: пяцёра бацькоў нідзе не працавалі і на момант адабрання дзяцей. І гэта відавочна сведчыць пра недастатковую работу з сям’ёю соцыума (школы, сельвыканкама і г. д.). 

– Выйсце адно – дастаўка на работу такіх абавязаных з дапамогай участковага. Нявыхады абавязаных на работу павінен адсочваць у першую чаргу наймальнік з дапамогай мабільнай групы. Калі будуць фіксавацца прагулы, то перспектыва незайздросная – узбуджэнне крымінальнай справы, – падкрэсліў намеснік начальніка райаддзела міліцыі Руслан Харута.  

Па апошніх даных, з 75-ці абавязаных асоб 12 знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, яшчэ дзевяць – у лячэбна-працоўным прафілакторыі. Там яны працуюць, і сродкі ад іх паступаюць, але – у нязначных памерах. Акрамя таго, раённы аддзел міліцыі займаецца вышукам тых, хто ўхіляецца ад выплаты сродкаў.  «На прырост запазычанасці ўплывае не толькі невысокі памер заробкаў, а і тое, што нярэдка абавязаная асоба плаціць за дзяцей  адна, а не ў салідарным з мужам ці жонкай парадку, і плаціць не ў адно, а ў некалькі месцаў (туды, дзе знаходзяцца дзеці)», –  лічаць адказныя работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму.                            

Як вядома, для размяшчэння дзяцей, становішча якіх у сям’і прызнана сацыяльна небяспечным, дзейнічае ў раёне дзіцячы сацыяльны прытулак. Але самых маленькіх, ва ўзросце да трох гадоў, вымушаны накіроўваць у дамы дзіцяці па-за межамі свайго раёна. У сувязі з гэтым намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько звярнула ўвагу аддзела адукацыі, спорту і турызму на неабходнасць стварэння «дзяжурных» прыёмных сем’яў і ўвогуле на прапаганду іх значнасці, каштоўнасці ў грамадстве, але менавіта ў тых выпадках, калі на выхаванне бяруцца дзеці чужыя. У гэтым годзе, на жаль, ніводзін з бацькоў не адноўлены ў бацькоўскіх правах.

Сацыяльна-педагагічнаму цэнтру дадзена даручэнне правесці вучобу з сацыяльна-педагагічнымі службамі школ і вучэбна-педагагічных комплексаў, у прыватнасці, у Рочавічах, Цеснавой, кіраўнікі якіх былі заслуханы на каардынацыйнай нарадзе за позняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці. Сваімі праблемамі падзяліліся старшыня Вішнявецкага сельвыканкама  Ніна Гурыновіч і дырэктар Горкаўскай школы Яўген Шавель.  Вішнявецкаму, Літвенскаму і Мікалаеўшчынскаму сельвыканкамам дадзена заданне прааналізаваць на сваіх пасяджэннях грамадскіх пунктаў аховы правапарадку работу мясцовых устаноў адукацыі па рэалізацыі планаў рэабілітацыі сем’яў, дзе дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча. 

 

ЦУДЫ НА РАЖДЖАСТВО. З  САРДЭЧНАЙ  ЦЕПЛЫНЁЙ

Разам з адыходам Калядаў падышла да завяршэння і традыцыйная дабрачынная акцыя «Цуды на Ражджаство», праз якую моладзь увасабляе свае лепшыя духоўныя якасці, знаходзіць тых, хто   чакае дапамогі.

Многія піянерскія дружыны і пярвічныя арганізацыі БРСМ школ раёна сабралі не адну каробку канцылярскіх прылад, мяккіх цацак, вопраткі. Нельга не заўважыць, што з «канцылярыяй» дапамаглі таксама  нашы банкаўскія арганізацыі – цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк» і разлікова-касавы цэнтр № 18 філіяла ААТ «Белаграпрамбанк». 

Вучні з Любкаўшчынскай школы ахвяравалі новыя скураныя чаравікі для хлопчыкаў-падлеткаў.  Абутак чамусьці сустракаецца  рэдка ў такіх дабрачынных зборах, хаця і запатрабаваны. У адну  пару з гэтых чаравікаў быў абуты другакласнік школы № 3 г. Стоўбцы Сяргей Саятэвіч. Абноўка была прымерана яму літаральна ў памяшканні раённага камітэта БРСМ, куды хлопчык зайшоў разам з бацькам і адкуль выйшаў, як пасля наведвання магазіна, ужо ў новых цёплых боціках. І ў руках – таксама падарункі: цацкі, алоўкі, фарбы… У гэтай сям’і бацька  адзін гадуе Сярожу і яго сястрычку Марту, бо іх матуля пазбаўлена бацькоўскіх правоў. 

Дзеці з нядобранадзейных сем’яў знаходзяцца і ў аддзяленні дзіцячага сацыяльнага прытулку, куды завіталі з сабранымі падарункамі валанцёры руху «Добрае сэрца» з ліку вучняў школы № 3 г. Стоўбцы, а таксама піянеры Мікалаеўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа. Да гэтай паездкі супрацоўнікі Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі гульнявую праграму.

– Кожны год мы наведваемся ў прытулак з такой дабрачыннай місіяй, – расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. –  Прытулак – гэта не сям’я, не родны дом, а толькі месца часовага знаходжання дзіцяці, таму радасна, калі іх тут меншае… Сярод іх ёсць і дашкольнікі…  Стараемся кожнага разгаварыць, падтрымаць, падарыць часцінку душы.   

Ёмісты пакунак з канцылярскімі прыладамі падчас правядзення  святочнай ёлкі быў перададзены раённым камітэтам БРСМ і   дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, якія наведваюць тэрытарыяльны цэнтр. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *