Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

СПЕЦЫЯЛІСТЫ. СЦВЕРДЗІЛАСЯ Ў ПРАФЕСІІ

На МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра» завіталі невыпадкова. На гэтым вытворчым падраздзяленні працуе тэхнікам-асемянатарам Вольга Ермаковіч. Толькі другі год жанчына рупіцца ў гэтай прафесіі, а ўжо паказала сябе з самага лепшага боку. Хваліць спецыяліста кіраўніцтва райплемстанцыі, адзначаюць як адну з лепшых і ў таварыстве. 

У Вольгі Ермаковіч стаж работы ў жывёлагадоўлі складае васямнаццаць гадоў, пераважную большасць з якіх яна адпрацавала аператарам на свінагадоўчым комплексе. Затым перайшла даяркай на малочнатаварную ферму. Жанчына старанная, паказчыкі мела неблагія. Але ў  хуткім часе вырашыла змяніць прафесію. На МТФ «Мархачоўшчына № 2» патрэбен быў тэхнік-асемянатар. Знайсці такога спецыяліста няпроста, і кіраўніцтва райплемстанцыі правяло сярод аператараў машыннага даення апытанне, каб вылучыць жадаючых паехаць на курсы. Вольга Міхайлаўна вырашыла паспрабаваць і дала згоду. Вучылася ў Сенніцы месяц, паспяхова здала экзамен і адразу прыступіла да выканання абавязкаў.

– Практыкі  Вольга Ермаковіч не мела, таму мы запрасілі спецыяліста з нашага галаўнога прадпрыемства дапамагчы ёй увайсці ў курс справы, – расказвае дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык. – Але, як высветлілася, хваляваліся беспадстаўна. Вольга з першага дня ўсё рабіла правільна,  заставалася толькі здзіўляцца яе ўменню. Здавалася, што працуе яна не тыдзень, а мае ўжо  пэўны вопыт. Такое рэдка бывае. І паказчыкі не заставілі сябе чакаць. 

Вольга Ермаковіч, як гавораць, знайшла сябе ў гэтай прафесіі. Яна не толькі асемяняе жывёлу, а і, калі трэба, вітамінізацыю рагулям правядзе. І ўкол карове пасля ацёлу сама зробіць, калі ветурач моцна заняты або адсутнічае па ўважлівай прычыне. Ды і ўвогуле лічыць, што немэтазгодна выклікаць спецыяліста з-за адной жывёліны, маўляў, сама спраўлюся.  

– Работа мне падабаецца, – сказала падчас сустрэчы Вольга Міхайлаўна. –  Нават не думала, што так удала ўсё ў мяне складзецца. Вырашыла паспрабаваць і неўзабаве зразумела, што правільна паступіла, калі сама вызвалася паехаць на вучобу. Нешта мяне падштурхнула. Цяпер  задаволена, хоць работа адказная,  без выхадных. 

Вольга Ермаковіч прыходзіць на працу ў шэсць гадзін раніцы і прысутнічае на кожнай дойцы. Работы хапае, бо абслугоўвае дойны статак колькасцю звыш 430 галоў. А яшчэ на ферме ўтрымліваюцца 400 цялушак злучнога ўзросту.

Брыгадзір фермы Алена Войніч даводзіць, што дзякуючы намаганням тэхніка-асемянатара выхад цялят за мінулы год, па папярэдніх падліках, чакаецца неблагім.

– На першае паўгоддзе бягучага года на ферме налічваецца 220 пакрытых кароў, астатнія дзвесце – умоўна цельныя, – дадае Алена Мікалаеўна. – Таму разлічваем на высокі вынік і сёлета. А ўвогуле мне падабаецца працаваць разам з Вольгай Міхайлаўнай. Яна стараецца, а гэта значыць, што надоі на ферме будуць павялічвацца. І заробкі ў жывёлаводаў вырастуць.  

Варта дадаць, што тэхнік-асемянатар  – фігура ў сельскай гаспадарцы даволі значная. Ад ведаў і прафесіяналізму гэтых спецыялістаў залежыць колькасць і якасць прыплоду. У Вольгі Ермаковіч ёсць жаданне працаваць, і вопыту яна паступова набіраецца. Што і пацвердзіла на раённым конкурсе тэхнікаў-асемянатараў – паказала даволі грунтоўныя веды ў тэорыі, паспяхова справілася і з заданнем у практычнай частцы. 

 

РУПЛІЎЦЫ. ЗВЫШ   КІЛАГРАМА

У вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі  працаўнікі ААТ «Каганец» апошнія гады працуюць роўна і стабільна. Ладзяцца справы ў малочнай галіне. Работнікамі фермаў надоена за мінулы год 5,7 тысячы тон малака, што склала 112,5 працэнта да адпаведнага паказчыка летась. Неблагая прыбаўка і па надоях малака ў сярэднім на адну карову, у ліку самых высокіх у раёне таварнасць і якасць малака. У лідарах калектыў жывёлаводаў МТФ «Зарэчча».  І ў мясных справах плён. Вырашчана 326 тон мяса, плюс 51 тона. Сярод жывёлаводаў самыя высокія паказчыкі  ў прызнаных майстроў сваёй справы, аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, мужа і жонкі  Дзмітрыя і Ірыны Саракачоў, якія працуюць на МТФ «Засулле». Дзмітрый Міхайлавіч даглядае цялятак звыш шасцімесячнага ўзросту, Ірына Пятроўна – да шасцімесячнага.  Завіхаюцца муж і жонка побач у адным памяшканні і дапамагаюць адно аднаму. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы па іх групах склалі адпаведна 1042 і 910 грамаў. Неблагія паказчыкі ў Мікалая Сяркова (МТФ «Зарэчча»)  і Галіны Кухарчык (МТФ «Ячонка»).

 

ПАКАЗВАЕ ПРЫКЛАД

Сярод малочнатаварных фермаў ААТ «Агранёманскі» каторы год запар лідзіруе па надоях малака дружны і працавіты калектыў МТФ «Залужжа». Узначальвае ферму брыгадзір Юрый Крупец, які накіроўвае сваіх руплівых і добрасумленных работнікаў не стаяць на месцы, а пастаянна рухацца наперад, і сёлета пастарацца перасягнуць васьмітысячны рубеж. І людзі стараюцца, летась таксама спрацавалі з прыбаўкай. У сярэднім ад адной каровы надоена  7612 кілаграмаў малака, плюс 135 кілаграмаў. Павялічыўся на 36 тон валавы надой і склаў 1405 тон. Менавіта на гэтай ферме працуюць дзве васьмітысячніцы – Іна Дзядовіч і Людміла Зянько.  Жанчыны строга прытрымліваюцца тэхналогіі даення і кармлення жывёлы, таму і паказчыкі маюць высокія. Цялятніца Ларыса Бабровіч, якая ў папярэднія гады перамагала не толькі ў раённым, а і ў рэспубліканскім спаборніцтве, зноў паказвае прыклад сваім калегам па мясным цэху  – маленькія гадаванцы ў яе групе прыбывалі штодзень па 906 грамаў. Вылучаюцца стараннасцю жывёлаводы Міхаіл і Антаніна Фалюкі, якія таксама маюць высокі вынік на дарошчванні буйной рагатай жывёлы.

 

ЛЕПШЫЯ. ЛІДЗІРУЕ СВЯТЛАНА РЫНКЕВІЧ

Дванаццаць аператараў машыннага даення з чатырох сельгаспрадпрыемстваў раёна надаілі летась у сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы звыш васьмі тысяч кілаграмаў малака.  П’едэстал занялі Святлана Рынкевіч, Алена Вялічка з ТАА «СЖК «Налібакі» і Ганна Паўловіч з ААТ «Вялікі Двор», якія маюць вынікі 8802, 8728 і 8629 кілаграмаў. Далей месцы размеркаваны наступным чынам – Іна Дзядовіч (ААТ «Агранёманскі»), Сяргей Шапялевіч  (ТАА «СЖК «Налібакі»), Людміла Зянько (ААТ «Агранёманскі»), Марына Бычко (ТАА «СЖК «Налібакі»), Алена Кожыч (ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»), квартэт з ААТ «Вялікі Двор» – Наталля Мяшок, Людміла Марзалюк, Наталля Хмель і Алена Швагерус.

 

ЯКАСЦЬ МАЛАКА. РАЎНЯЦЦА НА «ЭКСТРУ»

За мінулы год  сельгаспрадпрыемствамі раёна адгружана на малочныя заводы 68927,8 тоны малака ў заліковай вазе. Вышэйшым гатункам прададзена перапрацоўшчыкам  77,4 працэнта – 53317,9 тоны. З агульнай колькасці гатункам «экстра» рэалізавана 13203 тоны. Найбольш паставілі высокагатунковага малака жывёлаводы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – 3655,6 тоны, што склала 70 працэнтаў. Палову адгружанага малака здалі «экстрай» работнікі малочных цэхаў ААТ «Каганец» і «Вялікі Двор». Варта адзначыць, што і ў пачатку бягучага года гэтыя тры гаспадаркі, а таксама «Вішнявецкі-агра» і «Жацерава» паляпшаюць якасныя паказчыкі малака. Практычна ўся пастаўленая спажыўцам прадукцыя  з  «Профі-Аграцэнтр» і «Каганец» у студзені залічваецца гатункам «экстра». Пяць гаспадарак наогул не прадалі найвышэйшым гатункам ніводнай тоны. Гэта ААТ  «Дзераўное», «Рочавічы», «Радзіма Якуба Коласа», «Аталезь-агра» і «Шашкі». Самая высокая тлустасць малака  ў ААТ «Жацерава» – 3,77 працэнта, самая нізкая ў ААТ «Рочавічы» – 3,52 працэнта.

 

ВЫНІКІ ГОДА

На малочнатаварных фермах раёна летась надоена 76,6 тысячы тон малака. У адносінах да папярэдняга года павелічэнне нязначнае, прыбаўка склала прыкладна тысячу тон. Зніжэнне валавога надою дапусцілі пяць гаспадарак – больш за іншых «Вішнявецкі-агра» – на 1,7 тысячы, «Радзіма Дзяржынскага» і «Рубяжэвічы». Сярэдні надой ад каровы па раёне зменшыўся. Па ўсіх каналах збыту рэалізавана 68,8 тысячы тон прадукцыі, што склала 106,6 працэнта да мінулагодняга паказчыка. Па вытворчасці малака паступова адваёўваюць пазіцыю за пазіцыяй у сваіх калег жывёлаводы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – яны перамясціліся на дзве прыступкі вышэй. Падняліся ў рэйтынгавай табліцы і работнікі малочнага цэха ААТ «Шашкі», якія на трэць павялічылі продаж прадукцыі на перапрацоўчыя заводы.

За мінулы год вырашчана 6036 тон ялавічыны ў жывой вазе, што на 454 тоны менш за паказчык папярэдняга года. З плюсам спрацавалі шэсць сельгаспрадпрыемстваў, найбольш прыбавілі ААТ «Шашкі», «Дзераўное» і «Каганец». Па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе жывёлы на вырошчванні і адкорме – пяць таварыстваў.

Матэрыялы падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *