Наш край – святліца пад высокім і ясным небам

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

15 студзеня, акурат у дзень утварэння нашага раёна, у тэрытарыяльным цэнтры прайшло святочнае мерапрыемства ў гонар 75-й юбілейнай даты. 

Невыпадкова, што святочны марафон прысвячэнняў свайму раёну пачаўся менавіта ў гэтай установе, у асяроддзі гасцей і ўдзельнікаў клуба «Гады – не бяда» (асноўнае, раённае мерапрыемства да 75-гадовага юбілею раёна будзе сумешчана з традыцыйным штогадовым злётам перадавікоў вытворчасці і  запланавана на 21-га лютага). Многія з гэтых людзей – равеснікі свайго раёна, яго родныя дзеці, жывая гісторыя і легенда, якія пакінулі пасля сябе адметны след. Гэта і іх рукамі, энергіяй і інтэлектам на працягу многіх дзесяцігоддзяў ствараўся эканамічны, сацыяльны і культурны падмурак Стаўбцоўшчыны, мацнела наша Беларусь. На долю старэйшага пакалення выпала шмат перажыванняў: ваенныя нягоды, нястача, пасляваенная разруха… Было вельмі хвалююча, калі маладыя стаўбчанкі Настасся Усевіч і Настасся Куніцкая, валанцёры цэнтра, а Настасся Усевіч – і член валанцёрскага савета Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, прызналіся прысутным у зале: «Дзякуй за тое, што вы ёсць!..»

Аб клопаце дзяржавы пра тых, хто зрабіў вялікі ўнёсак у мінулае, цяперашняе і будучае Стаўбцоўшчыны, расказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Лапко. Калісьці ў новаўтвораным раёне сацыяльная служба (раней яна называлася «райсабес») узнікла ў ліку першых, таму з поўным правам таксама прылічвае сябе да юбіляраў. Сёння гэтай службай штомесяц выдаткоўваецца каля 42-х мільярдаў рублёў толькі на пенсіённае забеспячэнне жыхароў раёна.

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко, прызваўшы да ўзаемадзеяння, агульнага дыялогу і творчасці, адзначыла, што ў цэнтры адкрыта новае аддзяленне –  дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Тут навучаць і адзінокім не застацца, і прыносіць карысць іншым. Нездарма старажылы клуба «Гады – не бяда», якія збіраюцца на працягу дзевяці гадоў, свой тэрытарыяльны цэнтр палюбілі і называюць яго стаўбцоўскім Домам міласэрнасці.    

Але не толькі сардэчнасцю багата наша зямля. «У кожнай вёсцы ў нас ёсць свой  паэт», – лічыць  член літаратурнага аб’яднання «Аўтограф» Лідзія Мазуркевіч. Яна і сама піша пранікнёныя вершы, і з любоўю ўзрошчвае паэтычныя парасткі ў Шашкоўскай школе. Яе выхаванцы, члены гуртка «Маладыя каласкі» Настасся Вяршына і Ганна Карсюк прачыталі свае творы, прысвечаныя Беларусі. Тэму літаратурнай спадчыны Стаўбцоўшчыны дапоўніла выстаўка «Стаўбцоўскі раён у паэзіі і прозе», спецыяльна падрыхтаваная работнікамі раённай бібліятэкі.  

На лірычна-патрыятычнай хвалі было выступленне яшчэ аднаго члена аб’яднання «Аўтограф» –  Аляксандры Бібікавай. З заўсёднай адкрытасцю падзяліліся сваім святочным настроем і натхненнем стаўбчанкі Ала Мешыч, Лілія Хамко і Марыя Дзіканава. Для Ліліі Сяргееўны і Марыі Міхайлаўны Стаўбцоўшчына стала другой радзімай. «Калісьці мы прыехалі сюды сям’ёй, я не ведала тут ніводнага чалавека, але ўсюды жыхары Стоўбцаў мне аказвалі дапамогу», – прыгадала Марыя Дзіканава пачатак сваёй працоўнай біяграфіі.                       

У мінулым годзе 75-годдзе адзначыла такая буйная арганізацыя як райспажыўтаварыства. На ўрачыстасць у тэрытарыяльны цэнтр былі запрошаны прадстаўнікі гэтага калектыву – юрыст Наталля Маліноўская і ветэран гандлю Мікалай Кавальчук. З біяграфіі Мікалая Іванавіча, які аддаў спажывецкаму таварыству дзесяцігоддзі, а ў маладосці быў адным з першых кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнай фермы ў рэспубліцы, у  сувязі  з чым некалькі разоў сустракаўся з кіраўніком краіны П. М. Машэравым, можна пісаць кнігу. Такія людзі, як Мікалай Кавальчук, – сапраўдныя героі Стаўбцоўшчыны. 

Патрыётам свайго краю можна назваць Івана Палешчука, былога ваеннага, які і пасля выхаду ў адстаўку працягвае працоўную дзейнасць. Цяпер – на карысць сваёй малой радзімы, у ААТ «Каганец».  Успамінаючы мінулае, ён заўважыў, што ўмовы яго працы абсалютна іншыя, чым былі некалі ў ягоных бацькоў. У сучасных вяскоўцаў раёна «партнёрамі» становяцца разумныя машыны, робаты, аўтаматызаваныя лініі.

Нязменную вернасць Стаўбцоўшчыне пранесла праз усё жыццё Яўгенія Шыбко. Шчыравала на пошце, прычым абслугоўваць прыйшлося самыя розныя аддзяленні сувязі – гарадское, у Коласаве, Шашках, Новым Свержані, Аталезі. Яўгенія Паўлаўна адначасова і мамай была цудоўнай для сваіх траіх дзяцей. Цяпер яна – такая ж бабуля. Усе дзеці гэтай жанчыны таксама засталіся ў нашым раёне і працягваюць яго жыццяпіс.   

Азораная ўспамінамі актавая зала тэрытарыяльнага цэнтра ператварылася ў сапраўдную святліцу. У ёй і стаўбчан шаноўных сабралася багата, і песні душэўныя не змаўкалі дзякуючы ансамблю з сімвалічнай назвай – «Святліца». Гэты ансамбль пад кіраўніцтвам Алены Каралец на базе Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў можна назваць душой Стаўбцоўшчыны. І, безумоўна, – таленавітым прадаўжэннем, шматгалоссем тых слынных песенных традыцый, якія ідуць яшчэ ад вядомых шашкоўскіх «Гарэзаў». Мяккія галасы Надзеі Лабоцкай, Марыны Сяржант, Ганны Мартыненка і Алены Каралец тонка перадаюць паэтычнасць тэкстаў. «Святліца» дзе толькі ні гастралявала, каго толькі не запальвала сваім задорам! Сюрпрызам для ўсіх стала сумеснае выкананне песні-пажадання ў гонар   раёна-юбіляра.  

Упрыгожаннем свята і, напэўна, камертонам культурнага жыцця нашага краю можна назваць вядучых – сакратара раённай арганізацыі КПБ, члена ЦК КПБ Ніну Дубовік і загадчыка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Сяргея Есіса. На гэтае аддзяленне прыйшлася і ўся арганізацыйная работа. Яго работнікі Людміла Няверава і Таццяна Шаўчук падаравалі кожнаму ўдзельніку імпрэзы сувенір – мастацкую віншавальную паштоўку ручной работы. Сяргей Есіс адрасуе ўдзячнасць за метадычную дапамогу і хармайстру народнага хору народнай песні «Панямонь» Але Янскай.

Стаўбцоўскаму раёну – 75. Юбілейная нагода дае магчымасць кожнаму з нас, яе жыхароў, пажадаць свайму краю – высокага неба яснага і новых творчых здабыткаў!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *