Зробім Стаўбцоўшчыну прыгожай!

Добраўпарадкаванне Нумары

КАНТЭЙНЕР – ГАРАНТ ЧЫСЦІНІ? ПЕРАХОДНЫ ПЕРЫЯД

У новым годзе ў раёне працягнуты работы па абсталяванні кантэйнерных пляцовак у сельскай мясцовасці.

На 2015 год аб’яднанне камунальных службаў плануе набыць і ўстанавіць 600 кантэйнераў, з іх 250 – для цвёрдых камунальных адходаў, 200 – для шкла і 150 – для пэт-бутэлек. Акрамя таго, мяркуецца дадаткова закупіць два аўтамабілі-смеццявозы, каб і ў гэты пераходны перыяд, калі паралельна захоўваецца планава-рэгулярны вываз адходаў, і далей нашы населеныя пункты былі чыстымі, са зручнай для людзей сістэмай саначысткі.

Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ажыццяўляюць кантроль за ўтрыманнем кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых камунальных адходаў, а таксама за рэгулярнасцю вывазу смецця з тэрыторый населеных пунктаў.

– На даны момант АКС закуплена 360 кантэйнераў для ўстаноўкі ў сельскай мясцовасці. Па стану на 13.01.2015 устаноўлена толькі 238, – адзначыла ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык. – Да прыкладу, 42 кантэйнеры ўстаноўлены ў Шашкоўскім сельсавеце, 36 – у Налібацкім, 32 – у Рубяжэвіцкім, 27 – у Літвенскім, 23 – у Дзераўнянскім, 13 – у Наваколасаўскім. У трох сельсаветах названая колькасць кантэйнераў фактычна ўстаноўлена ў адным населеным пункце. Гэта аграгарадкі Налібакі і Дзераўная (ПМК), пасёлак Коласава.

З 202-х населеных пунктаў раёна планава-рэгулярным вывазам ахоплена 200, у прыватнасці 179 – метадам аб’езду, 21 (горад Стоўбцы і 20 сельскіх населеных пунктаў) – кантэйнернай сістэмай.      

 

ТРЭБА ШЛІФАВАЦЬ

Каб пацікавіцца, як на месцы ажыццяўляецца пераход на новую сістэму збору цвёрдых бытавых адходаў, мы звярнуліся ў Шашкоўскі сельвыканкам. 

– Пакуль гэтая сістэма патрабуе шліфоўкі, – заўважае старшыня сельвыканкама Святлана Якаўлева. – Кантэйнерныя пляцоўкі паступова абсталёўваем, і людзі ў большасці ставяцца да гэтага нармальна, але пытанні ўзнікаюць з іх ачысткай. Калі АКС своечасова не прыслаў машыну, то за дзень-два вакол кантэйнераў – цэлыя сметнікі. Сабакі бадзяжныя тут як тут, ірвуць пакеты са смеццем. Уявіце, якая карціна? Дык цяпер зіма, а што будзе вясною, як пацяплее?..

– Святлана Расціславаўна, на тэрыторыі вашага сельсавета на даны момант устаноўлена найбольшая колькасць кантэйнераў – 42. Гэтага дастаткова?

– Усё залежыць ад таго, як будзе працаваць камунальная служба. Іх дастаткова, калі збор цвёрдых бытавых адходаў будзе весціся двайным спосабам – шляхам аб’езду машыны і ў кантэйнеры. Напэўна, гэта пацягне дадатковыя выдаткі, але як па-іншаму прывучыць людзей? Вяскоўцы прызвычаіліся да машыны, што збірала смецце двойчы на месяц. Яна курсіравала рэгулярна.

– Але адзін кантэйнер можа быць перапоўнены, а другі – пусты?

– Так, і ехаць дзеля аднаго камунальнікам таксама накладна. А ісці да таго кантэйнера, што пусты, людзям не хочацца, далёка. Ды, зразумейце,  старому чалавеку гэта цяжка. Тлумачым усім, каб не неслі смецце, калі  кантэйнер перапоўнены, пачакалі. Ёсць жа дзе тое вядро са смеццем паставіць, гэта ж не ў шматкватэрным доме. Для дачнікаў кантэйнерная сістэма вельмі зручная. З пастаяннымі вяскоўцамі трэба шукаць кампраміс, узаемаразуменне, каб менш было нараканняў. 

– Як расстаўлены кантэйнеры? Колькі ў вас плануецца кантэйнерных пляцовак?

– На тэрыторыі сельсавета плануем абсталяваць 19 кантэйнерных пляцовак. Але пакуль толькі адна, у пасёлку Нёман, выканана згодна з усімі патрабаваннямі. Большасць кантэйнераў расстаўлены па адным. Дзе і як іх паставіць таксама стала праблемай. Вуліцы ў многіх населеных пунктах вузкія, кантэйнер не паставіш на праезджай частцы або камусьці пад самыя вокны. Стараемся размяшчаць іх на пустырах, землях агульнага карыстання, але людзі самі перацягваюць кантэйнеры туды, куды ім зручней. Кантэйнер стаіць блізка ад дому – добра, але калі ён своечасова не ачышчаецца?.. Тады адносіны да яго мяняюцца кардынальна ў супрацьлеглы бок. У гэтым пытанні шмат што залежыць ад работы аб’яднання камунальных службаў.                 

НА ЗДЫМКУ: кантэйнерная пляцоўка жыллёва-будаўнічага кааператыва «Стоўбцы-1» па вуліцы Міру – прыклад для іншых.

 

ПРЫКРА. ВЫМУШАНЫ ПАТРУЛЬ ДАРОЖНІКАЎ

Дарожнікі ДЭУ № 62 імкнуцца падтрымліваць  рэспубліканскія дарогі, якія абслугоўваюць, у  такім стане, каб не было сорамна ні за нашу краіну, ні за свой раён.

Фактычна штодзённа вядзецца патрульная ўборка абапал аўтамагістралі М1/Е30. Да кантэйнерных пляцовак, устаноўленых на магістралі, машына-смеццявоз пад’язджае па меры назапашвання адходаў, але, як падкрэсліваюць дарожнікі, не радзей чым праз дзень. На дарогах рэспубліканскага значэння патрульная ўборка прадугледжана тройчы на тыдзень, а ў летне-асенні перыяд, калі інтэнсіўнасць транспартных патокаў узрастае, гэтыя работы арганізуюцца і ў выхадны дзень.

– Асноўная праблема – узровень культуры людзей, якія карыстаюцца дарогамі, – разважае начальнік арганізацыі Дзмітрый Ёдчык. – Смецце кідаецца чамусьці не ў сметніцу, а побач з ёю… Людзі не грэбуюць вывозіць да дарог нават старыя канапы… Асабліва шмат смецця назапашваецца ля прыпыначных пунктаў, недалёка ад вёсак, дачных масіваў. Уборка яго адцягвае нашы рэсурсы ад асноўнай дзейнасці.

Толькі летась  з дарог, якія абслугоўваюцца ДЭУ № 62, прыбрана каля 300 тон цвёрдых бытавых адходаў. Выдаткі на іх дастаўку на звалку склалі каля 150 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, заўсёды ёсць і смецце «няўлічанае», «абслугоўванне» якога цяжка паддаецца падліку. І гэтыя мільённыя выдзяленні – толькі ў адной арганізацыі.                 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ВЯСКОВЫ ІМІДЖ. ЛІТВА – ГАСПАДАРЛІВАЯ СПАКОН ВЕКУ 

У Літвенскім сельсавеце адным з самых чыстых населеных пунктаў называюць цэнтральную вёску Літва.  

Яно і не дзіўна: летась тут ладзілася вялікае свята вёскі, якое падштурхнула добраўпарадкаваць агульнымі намаганнямі сельскія вуліцы і шмат якія аб’екты. Кардынальна змяніўся выгляд возера, жывёлагадоўчай фермы, якая паўстала адрамантаванай і агароджанай.  Былі знесены пустыя дамы… На вызваленых месцах у бліжэйшай перспектыве з’явяцца новыя і сучасныя, таму што падрыхтаваны дакументы для продажу трох зямельных участкаў праз аўкцыён.     

Усё тое, што было зроблена да свята вёскі, ашчадна аберагаецца жыхарамі Літвы і падтрымліваецца ў належным стане. А з самай ранняй вясны, як заведзена ў гэтым краі спакон веку, усе спяшаюцца абнаўляць фасады дамоў і платы вакол сваіх сядзібаў, прыбіраць смецце. Заўсёды апекаваўся гэтым і першым паказваў асабісты прыклад дбайны літвенскі гаспадар Франц Жвірбля, у свой час абраны аднавяскоўцамі старастам. Апошнім часам шаноўны Франц Валяр’янавіч перадаў сваю грамадскую пасаду маладзейшаму пакаленню, а менавіта дырэктару сельскага Дома культуры Галіне Ждановіч.      

 

АБ’ЯДНАННЕ КАМУНАЛЬНЫХ СЛУЖБАЎ. ЗАПАТРАБАВАНЫЯ Ў «ГАРАЧЫХ» КРОПКАХ

Участак сантэхнічнага абслугоўвання Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў – адно з  падраздзяленняў, без якіх нельга ўявіць работу прадпрыемства. Асабліва адчувальна гэта цяпер, у ацяпляльны перыяд, калі ўсе сеткі і сістэмы жыццядзейнасці цэлага горада дзейнічаюць у напружаным рэжыме, і іх рабочы рытм не павінен даваць збояў. 

– Калектыў гэтага ўчастка вельмі прафесійны, надзейны, а касцяк яго склаўся ў многім дзякуючы майстру Сяргею Касцевічу, – адзначае намеснік дырэктара АКС па ідэалагічнай рабоце Андрэй Суднік.

Работы на гэтым участку заўсёды больш чым дастаткова. Яго спецыялістамі абслугоўваюцца сістэма ацяплення жылога фонду горада, цеплавузлы і падвалы шматкватэрных дамоў, гарадская каналізацыя і т. п. А нярэдка менавіта ім прыходзіцца закрываць «гарачыя» кропкі. Але ў цэлым дзейнасць участка сантэхнічнага абслугоўвання ў большасці сваёй носіць прафілактычны характар – малапрыкметны, але надзвычай важны. 

Майстар называе кожнага з работнікаў участка прафесіяналам сваёй справы. Сантэхнікі – Уладзімір Сахар (брыгадзір), Віктар Сцяцюха, Уладзімір Лапко, Уладзімір Садаўнічы, Алег Радчанка. Два незаменныя зваршчыкі – Уладзімір Лешчанка і Глеб Барысевіч. Абодва маюць пяты кваліфікацыйны разрад. Для Глеба Барысевіча не праблема любы від зваркі, унікальнасць яго калегі Уладзіміра Лешчанкі ў тым, што ён можа выконваць сваю работу  ў любых прасторавых умовах.

Невыпадкова, што на працягу мінулага года двое работнікаў участка з васьмі былі азначаны кіраўніцтвам АКС: фота Уладзіміра Лапко, які, будучы на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць, было занесена на Дошку гонару прадпрыемства, а Віктар Сцяцюха за сваю шматгадовую працу адзначаны граматай. Шмат разнастайных адзнак мае за сваю працу і майстар Сяргей Касцевіч.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *