Трагедыі

Ахова правапарадку Нумары

ГНЕЎ, ПАДАГРЭТЫ СПІРТНЫМ

У мінулую суботу крывавая драма разыгралася ў Стоўбцах. Падчас сваркі 45-гадовая жанчына схапіла нож і смяротна траўміравала свайго мужа, які сёлета мог бы адзначыць 50-гадовы юбілей. Ад атрыманай траўмы ён памёр на месцы здарэння…

Гэтая сямейная пара, у якой ёсць непаўналетні сын, даўно нагадвала пра сябе органам міліцыі, камісіі па справах непаўналетніх, школе. З-за частых выпівак, амаральнага ладу жыцця, які вялі муж і жонка, становішча дзіцяці ў сям’і прызнавалася сацыяльна небяспечным.

Як паведамілі ў раённым аддзеле Следчага камітэта, каля 14 гадзін таго ракавога дня паміж мужам і жонкай распачалася сварка. Да гэтага яны разам распівалі спіртное. Канфлікт падагрэла абразлівае слова, сказанае мужчынам у адрас жонкі.

Па факце забойства ўзбуджана крымінальная справа. Абвінавачаная, якая апошнім часам працавала прыбіральшчыцай у магазіне «Еўраопт» у Мінску, арыштавана.  На даны момант без апекі бацькоў застаўся іх непаўналетні сын, навучэнец 1-га курса Дзяржынскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. 23 студзеня ў хлопца быў дзень нараджэння – яму споўнілася 16-ць…

Пр

 

 

НАЕЗД У ВЯЛІКІМ ДВАРЫ

19 студзеня каля 08.30 на вуліцы ў Вялікім Двары пацярпеў ад наезду аўтамабіля  25-гадовы пешаход, які ішоў па абочыне ў спадарожным накірунку. Ён дастаўлены ў бальніцу са шматлікімі пераломамі і ўдарамі…

Пазней у бальніцу быў шпіталізаваны і вадзіцель аўтамабіля «Аўдзі», жыхар горада Лунінец, які,  парушаючы правілы дарожнага руху, уцёк з месца наезду. У ходзе праведзеных вышуковых мерапрыемстваў устанавіць яго ўдалося на працягу дзяжурных сутак, аднак, па папярэдняй ацэнцы, фізічны стан яго на той момант набліжаўся да стану моцнага алкагольнага ап’янення. Па гэтай прычыне супрацоўнікі міліцыі не мелі магчымасці правесці апытанне вадзіцеля, а маглі толькі даставіць яго ў медыцынскую ўстанову…

Наезд на пешахода – здарэнне з разраду надзвычайных, і яно, на жаль, фактычна адкрыла ў раёне сёлетнюю статыстыку ДТЗ з пацярпелымі. Для ўзмацнення прафілактычнай работы сярод удзельнікаў дарожнага руху з 21 па 25 студзеня ДАІ аб’явіла акцыю  «Пешаход».

Пагодныя ўмовы ў гэтую пару года могуць быць непрадказальнымі, што негатыўна адбіваецца і на стане дарожнага пакрыцця, бачнасці на дарозе, яе аглядзе. Вадзіцелям рэкамендуем пры сустрэчным раз’ездзе зніжаць хуткасць і заставацца асабліва ўважлівымі. Пешаходы павінны рухацца толькі насустрач транспартным сродкам і – абавязкова – быць абазначанымі святлоадбівальнымі элементамі. Бывае, што не пачышчаны ад снегу тратуары або абочыны. У такім выпадку рухацца неабходна па краі праезджай часткі, але з максімальнай асцярожнасцю і ўвагай і, паўтару чарговы раз, будучы абазначаным флікерам. Без флікера, на маю думку, увогуле нельга выходзіць з дому ў асенне-зімовы перыяд.

Найбольш небяспечны для пешахода момант – перасячэнне праезджай часткі. Рабіць гэта трэба па ўстаноўленым пешаходным пераходзе, але таксама з максімальнай уважлівасцю, папярэдне паглядзеўшы па абодвух баках і ўпэўніўшыся ў тым, што блізка няма машын. Справа ў тым, што пад уздзеяннем дажджу, туману і іншых пагодных сюрпрызаў стан дарожнага пакрыцця можа рэзка змяняцца. Раней зафіксаваны дарожныя аварыі акурат на пешаходных пераходах, апрацаваных супраць галалёду пясчана-саляной сумессю, дзе з-за рэзкага перападу тэмпературы паветра іх стан усяго за нейкія 20 мінут пачынаў нагадваць каток. У такіх экстрэмальных умовах затармазіць своечасова перад пераходам бывае праблематычна. Таму пешаходам ні ў якім разе нельга спадзявацца толькі на вадзіцеля, трэба і самім не губляць разумнага пачуцця адказнасці за сваё здароўе, за ўласнае жыццё.                    

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *