Весткі з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

Нумары РАНС інфармуе

ПАЖАРНЫ НАГЛЯД. БОЛЬШ ПРЫКЛАДАЎ – АДМОЎНЫХ

Планавыя і пазапланавыя праверкі з боку інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях даюць фактычны матэрыял для прадпісанняў і прымянення штрафных санкцый, а таксама… падставы для роздуму. Напрыклад, ці варта рабіць пакупку ў тым ці іншым прыватным магазіне, працаваць на тым ці іншым камерцыйным прадпрыемстве, калі яго кіраўніцтва грэбуе элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі?..

Прыемна, калі на аб’екце ўвогуле няма  парушэнняў, і кіраўніку ўручаецца аб тым адпаведная даведка. Гэты суб’ект гаспадарання – прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Орея-торг».

А за прыкладамі адваротнымі, на жаль, далёка хадзіць не трэба. Так, ТАА «Неманские окна» дзейнічае без аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, яго адміністрацыйна-бытавое і вытворчае памяшканні не раздзелены паміж сабою супрацьпажарнымі дзвярыма. Тут ніхто не праводзіў камісійную праверку ўнутранага супрацьпажарнага водазабеспячэння, што ў выпадку пажару абернецца значнымі матэрыяльнымі стратамі.       

Горшы варыянт прыходзіцца пракручваць і ў выпадку з ТАА «Техно-Элемент», бо і ў адміністрацыйна-бытавым корпусе, і ў кацельні адсутнічала нарматыўная колькасць пярвічных сродкаў пажаратушэння. Выяўлены і іншыя недахопы. У адрас кіраўніка прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Надежда-торгплюс» унесены два патрабаванні аб забароне эксплуатацыі ўчасткаў электраправодкі і асвятляльных прыстасаванняў. Аналагічныя патрабаванні аб забароне эксплуатацыі ўчасткаў электраправодкі і ацяпляльнай печы незаводскага вырабу таксама закранулі  прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Фенси вок». Згодна з планам яно правяралася ўпершыню. Выяўлена 22 парушэнні. Большая палова іх – рэжымнага характару, іх ухіленне нават не патрабуе значных фінансавых укладанняў (такія ж «рэжымныя» парушэнні зафіксаваны і пры праверцы ТАА «Аграспецрамонт»). Да прыкладу, на тэрыторыі прадпрыемства дапускаецца спальванне смецця і адходаў вытворчасці, месцы для курэння не абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, у будаўнічым вагончыку, прызначаным выключна для часовага знаходжання людзей, пражывалі рабочыя…  

Недахопамі прыцягнуў увагу і  «АЗС з гасцявой аўтастаянкай  на 277-м км аўтадарогі М1/Е30 на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна», які будуецца. Адсутнічалі схема ўезду на тэрыторыю, абазначэнні месцаў размяшчэння пажарных вадаёмаў і гідрантаў, нарматыўная колькасць пярвічных сродкаў пажаратушэння… Усё гэта неабходна ўхіліць да здачы аб’екта ў эксплуатацыю.

За дапушчаныя парушэнні кіраўнікі і службовыя асобы  прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

ПАД ПАРЫВАМІ ВЕТРУ

Сёлетняя зіма не можа пахваліцца стабільнасцю: ападкі бываюць у выглядзе мокрага снегу ці нават дажджу, мінусавую тэмпературу змяняе плюсавая… На дарогах то цякуць ручаі, то ўтвараецца галалёд. З ног збівае завея. Пры гэтым парывы ветру парою дасягаюць 20 м/с.

Моцны вецер, акрамя холаду, можа прынесці і іншыя непрыемнасці. Да іх адносяцца абрыў ліній электраперадач і адключэнне электрападстанцый, разбурэнне дахаў і слаба ўмацаваных канструкцый, падзенне дрэў. Нярэдка вецер гоніць з сабою розныя прадметы, якія могуць трапіць у шыбіны і выклікаць дадатковыя разбурэнні.

Каб не стаць ахвярай стыхіі, варта прытрымлівацца некаторых рэкамендацый.

Пры моцным ветры па магчымасці лепш не выходзіць з будынка і не адпускаць на вуліцу дзяцей. Рэчы, якія захоўваюцца ў двары, на балконе, лепш  прыбраць у памяшканне, а сухія дрэвы, што могуць упасці, – зрэзаць. Аўтамабіль пажадана паставіць у гараж або далей ад дрэў ці іншых слабаўмацаваных канструкцый.

Калі вы знаходзіцеся на вуліцы падчас моцнага ветру, трымайцеся далей ад сцен дамоў, таму што магчыма падзенне цяжкіх прадметаў зверху. Старайцеся не знаходзіцца паблізу ліній электраперадач, рэкламных шчытоў.      

 

АСЦЯРОЖНА, ЛЕДЗЯШЫ!

З-за перападу начных і дзённых тэмператур, выпадзення ападкаў на карнізах будынкаў утвараюцца ледзяшы  (сосульки), на дахах дамоў затрымліваецца і назапашваецца снег. Пры пацяпленні ледзяшы і снежная маса могуць сыходзіць уніз, што небяспечна нанясеннем цяжкіх траўмаў неасцярожным пешаходам.

Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, неабходна выконваць меры перасцярогі. Нельга хадзіць пад карнізамі і балконамі будынкаў, як і пакідаць пад імі свой транспарт, дзіцячыя каляскі і т. п. Калі, ідучы па тратуары, вы пачулі зверху падазроны шум, ні ў якім разе не спыняйцеся. Магчыма, гэта сыход снегу або ледзяной глыбы, таму пастарайцеся хутчэй пакінуць небяспечнае месца або як мага бліжэй прыціснуцца да сцяны («казырок» даху паслужыць укрыццем).

Калі на даху дома вісяць ледзяшы, паведамляйце аб гэтым у камунальную службу, каб былі прыняты неабходныя меры па ачыстцы даху. У месцах ачысткі павінны быць устаноўлены знакі і агароджанні, якія забараняюць рух на гэты перыяд. Снег, скінуты з даху, павінен быць неадкладна вывезены ўладальнікамі пабудовы.

Пры выяўленні абарванага снегам электрапроваду ні ў якім разе нельга дакранацца да яго, а трэба неадкладна паведаміць аб абрыве ў раённыя электрасеткі. Да прыбыцця аварыйнай брыгады нельга падпускаць да абарванага проваду прахожых, асабліва дзяцей.

У выпадку экстраннай неабходнасці тэлефануйце па нумары 101. Больш падрабязную інфармацыю можна адшукаць на сайце Мінскага абласнога ўпраўлення МНС: www.112.by/minobl.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *